Беларусь
|
|||||
| Гімн: «Мы, беларусы» (слухаць ) | |||||
| Заснавана | 25 сакавіка 1918 года[1] | ||||
| Дата незалежнасці | 26 снежня 1991 (афіцыйная дата распаду СССР) Гл. таксама Дзень рэспублікі |
||||
| Афіцыйная мова | беларуская, руская | ||||
| Сталіца | Мінск | ||||
| Найбуйнейшыя гарады | Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст | ||||
| Форма праўлення | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
| Прэзідэнт Прэм'ер-міністр |
Аляксандр Лукашэнка Міхаіл Мясніковіч[2] |
||||
| Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
84-я ў свеце 207 560 км² незнач. (4700 км²)[3] |
||||
| Насельніцтва • Ацэнка (2012) • Шчыльнасць |
▼ 9 млн 465,4 тыс. чал. (87-я) 45,6 чал./км² |
||||
| ВУП (ППЗ) • Разам (2010) • На душу насельніцтва |
$131,201 млрд[4] $13 909[4] |
||||
| ВУП (намінал) • Разам (2010) • На душу насельніцтва |
$54,713 млрд[4] $5 800[4] |
||||
| ІРЧП (2011) | ▲ 0,756[5] (высокі) (65-ы) | ||||
| Этнахаронім | беларус, беларуска, беларусы | ||||
| Валюта | Беларускі рубель | ||||
| Авіякампанія | Белавія | ||||
| Інтэрнэт-дамен | .by | ||||
| Код ISO | BLR | ||||
| Тэлефонны код | +375 | ||||
| Часавы пояс | UTC+3[6] | ||||
Белару́сь (афіцыйная назва Рэспу́бліка Белару́сь) — краiна ва Усходняй Еўропе. Мяжуе з Расіяй на ўсходзе і паўночным усходзе, Латвіяй і Літвою на паўночным захадзе, Польшчай на захадзе, Украінай на поўдні. Выхаду да мора не мае.[7]
Тэрыторыя краіны 207,6 тыс. км² (84-я ў свеце). Колькасць насельніцтва — 9,5 млн чалавек (87-я ў свеце). Краіна падзелена на 6 абласцей, сталіца Рэспублікі Беларусь — Мінск.
Змест |
Назва
Назва Белая Русь пачала ўжывацца ў адносінах да часткі беларускіх зямель у XIV—XVI ст. Да XVII ст. гэта назва замацоўваецца за беларускімі землямі; для абазначэння жыхароў Белай Русі з'яўляецца паняцце беларусцы, хоць адначасова існавалі азначэнні ліцвіны, русіны, палешчукі, палясяне. У XIX ст. сярод мясцовага насельніцтва распаўсюдзіўся этнонім беларусы. Беларусь як нацыянальная саманазва прынята ідэолагамі нацыянальнага руху ў канцы XIX ст. У 1918 была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, а ў 1919 Беларуская ССР (з 1991 — Рэспубліка Беларусь).
Сімволіка
У 1991 былі прынятыя дзяржаўныя сцяг (бел-чырвона-белы) і герб («Пагоня»), аднак па выніках рэферэндума (1995) былі змененыя на сучасныя чырвона-зялёны сцяг і герб, асновай якому паслужыў герб БССР.
Музыка гімна Беларусі напісаная Н. Сакалоўскім для гімна Беларускай ССР 1955 г. Тэкст гэтага гімна, напісаны М. Клімковічам, перапрацаваны ў 2002 г. У. Карызнам.
Гісторыя
З канца бронзавага веку большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі была заселеная балтамі. У кан. IX — пач. X стст. пачалося засяленне на гэтую тэрыторыю славян.
Лічыцца, што першай дзяржавай на тэрыторыі сучаснай Беларусі была Полацкая зямля. Горад Полацк упершыню ўзгадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» у 862 г. Найбольшага росквіту і магутнасці Полацкае княства дасягнула пры валадаранні кн. Усяслава (1044—1101). У X-XIII стст. на тэрыторыі Беларусі часткова ці практычна цалкам таксама знаходзіліся Тураўскае, Смаленскае, Гарадзенскае княствы.
Наступнай буйной дзяржавай на беларускай зямлі было Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ). Падчас стварэння і пачатковага развіцця гэтай дзяржавы найбуйнейшым і асноўным яе цэнтрам быў Новагародак. Акрамя сучасных земляў Беларусі, у склад гэтай дзяржавы ўваходзілі таксама землі сучаснай Літвы, паўночная частка сучаснай Украіны і частка сучаснай Расіі. Вялікае княства Літоўскае знаходзілася ў дынастычнай уніі з Польскім каралеўствам з 1385, а ў 1569 годзе аб'ядналася з Польскім каралеўствам у канфедэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую. Аднак Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1588 года фактычна дэнансаваў Люблінскую унію. ВКЛ захавала ўласную грашовую адзінку, судовую сістэму, войска. Статут ВКЛ, стаўшы адной з першых еўрапейскіх канстытуцый, рэгуляваў грамадскае жыццё на Беларусі да 30-х гадоў 19 стагоддзя.
У 1772, 1791, 1795 гг. адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай, у выніку якіх беларускія землі адышлі да Расійскае імперыі. У яе складзе яны знаходзіліся да 1917 года. 25 сакавіка 1918 года абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у 1919 годзе яна спыніла сваё існаванне, а Рада БНР эмігравала.
У 1919 г. 1 студзеня было абвешчана ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Пасля кароткачасовага існавання буфернай дзяржавы ЛітБел, БССР у 1922 годзе як адна з краін-заснавальніц увайшла ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).
Падчас Другой Сусветнай вайны ў 1941—1944 гг. Беларусь была акупаваная нацысцкаю Германіяй. Пасля вызвалення ад нацысцкай акупацыі частка Заходняй Беларусі (больш за 30 тыс. км²) была рашэннем І. Сталіна перададзена Польшчы.
У 1945 г. Беларусь стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Рашэнні па ўсіх пытаннях беларуская дэлегацыя ўзгадняла з усесаюзнымі прадстаўнікамі.
У 1986 г. на мяжы Беларусі і Украіны адбылася Чарнобыльская катастрофа, у выніку якой адбылося радыяцыйнае забруджанне значнай часткі тэрыторыі Беларусі.
27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У 1991 СССР спыніў існаванне, БССР была абвешчаная Рэспублікай Беларусь, што існуе і зараз.
У 1994 г. прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары. Прэзідэнтам быў абраны Аляксандр Лукашэнка. Ён захаваў за сабой пасаду Прэзідэнта па выніках выбараў у 2001, у 2006 і ў 2010 годзе.
Геаграфія
У геалагічным сэнсе Беларусь размешчана на захадзе Усходне-Еўрапейскай платформы. Старажытны крышталічны падмурак складзены з магматычных і метамарфічных парод, залягае на глыбіні да 5-6 км (Прыпяцкі прагін), каля в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна выходзіць на паверхню. Платформавы чахол складены пераважна з асадкавых горных парод, укрывае практычна ўсю тэрыторыю Беларусі.
На Беларусі выяўлена і разведана больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў карысных выкапняў. Сярод іх: нафта і спадарожны газ, каменная і калійныя солі, буры вугаль, гаручыя сланцы, даламіты, торф, мергелі, сапрапелі, гліны, будаўнічыя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы і абліцовачны камень, жалезныя руды і інш.
Беларусь знаходзіцца на Усходне-Еўрапейскай раўніне. Найвышэйшы пункт Беларусі — гара Дзяржынская, 345 м, найніжэйшы — урэз ракі Нёман на мяжы з Літвой, 80 м над ўзроўнем мора.
Беларусь знаходзіцца ў зоне ўмерана-кантынентальнага клімату.
На Беларусі больш за 20 тыс. рэк. Самыя працяглыя і мнагаводныя рэкі Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, Прыпяць. Беларусь часта называюць «сінявокай» з-за вялікай колькасці азёр. Іх у Беларусі больш за 11 тыс. Самае вялікае сярод беларускіх азёр возера Нарач. Тэрыторыя краіны багатая на балоты. Найбольш багаты балотамі рэгіён — Палессе.
Лясы займаюць 36 % тэрыторыі краіны. На Беларусі 28 відаў дзікарослых дрэў. Найбольш важныя лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, дуб, ясень, ліпа, клён, граб, бярозы павіслая (бародаўчатая) і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая. Шмат дрэў інтрадукаваных: лістоўніцы сібірская і еўрапейская, хвоі Банкса, Мурэя, веймутава, дуб паўночны, таполі пірамідальная, лаўралістая, бальзамічная і інш.
Асаблівасці геалагічнага мінулага Беларусі, яе рэльефу, клімату, расліннасці абумовілі складаную будову глебавага покрыва тэрыторыі. Асноўныя глебаўтваральныя пароды тыповыя для зоны ледавіковай акумуляцыі: азёрна-ледавіковыя, марэнныя, водна-ледавіковыя адклады, алювіяльныя наносы, торф. Сярод глебаўтваральных працэсаў пераважаюць дзярновы (пад лугавой травяністай расліннасцю), падзолісты (пад лясной расліннасцю), балотны (у паніжаных месцах, дзе назапашваецца вільгаць) і іх спалучэнні.
З улікам ступені праяўлення асноўнага глебаўтваральнага працэсу вылучаны тыпы глебаў Беларусі: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, тарфяна-балотныя глебы, поймавыя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Паводле механічнага складу адрозніваюць гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і тарфяныя глебы.
Прыроднае расліннае покрыва Беларусі займае прыблізна 70 % тэрыторыі. Колькасць відаў раслін сягае 12000. Больш за 200 відаў раслін ахоўваецца дзяржавай. Жывёльны свет Беларусі налічвае 457 відаў пазваночных (у тым ліку 73 віды млекакормячых, 290 відаў птушак, прыблізна 60 відаў рыб) і больш за 20 тысяч беспазваночных жывёл. Важнае гаспадарчае значэнне маюць промыслава-паляўнічыя віды жывёл — лісіца, куніца, заяц, выдра, тхор, гарнастай, а таксама лось і дзік. Больш за 180 відаў жывёл ахоўваецца.
Дзяржаўны лад
Беларусь з'яўляецца прэзідэнцкай рэспублікай. Прэзідэнт абіраецца непасрэдна грамадзянамі на 5-гадовы тэрмін.
Найвышэйшай заканадаўчай установай Беларусі ёсць Нацыянальны сход, што складаецца з дзвюх палатаў:
- верхняй — Савета Рэспублікі,
- ніжняй — Палаты прадстаўнікоў.
Судовая ўлада ажыццяўляецца Вярхоўным судом, Вышэйшым гаспадарчым судом і Канстытуцыйным судом.
Палітычныя партыі
На 2009 год у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 15 палітычных партый[8], з іх у Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь IV склікання прадстаўленыя дзве: Камуністычная партыя Беларусі і Беларуская аграрная партыя.
Адміністрацыйны падзел
Беларусь з'яўляецца унітарнай краінай. Беларусь падзяляецца на шэсць абласцей:
- Брэсцкую (цэнтр Брэст)
- Віцебскую (цэнтр Віцебск)
- Гомельскую (цэнтр Гомель)
- Гродзенскую (цэнтр Гродна)
- Магілёўскую (цэнтр Магілёў)
- Мінскую (цэнтр Мінск)
Таксама вылучаецца за асабістую адміністрацыйную адзінку горад Мінск.
Вобласці Беларусі падзяляюцца на раёны і могуць уключаць гарады абласнога падпарадкавання. У Беларусі налічваецца 118 раёнаў.
Эканоміка
Эканоміка Беларусі — сацыяльна-рынкавая. Аднак, на думку некаторых навукоўцаў гаспадарка Беларусі з'яўляецца планавай[9] або адміністрацыйна-каманднай[10].
Асноўныя галіны прамысловасці Беларусі — машынабудаванне, металаапрацоўка, хімічная і нафтахімічная. Таксама развіты электраэнергетыка, лёгкая, харчовая, лясная і дрэваапрацоўчая прамысловасць. Беларуская прамысловасць з'яўляецца экспартна-арыентаванай. Асноўныя экспартныя пазіцыі — нафтапрадукты (Нафтан, Мазырскае НПА), грузавыя аўтамабілі і аўтобусы (МАЗ, БелАЗ), трактары (МТЗ), тэлевізары (Гарызонт, Віцязь), халадзільнікі (Атлант), хімічныя валокны і ніці (Палімір), калійныя ўгнаенні (Беларуськалій), прадукцыя тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.
Адной з прыярытэтных галін з'яўляецца сельская гаспадарка. У Беларусі вырошчавюцца збожжавыя (ячмень, жыта, авёс, пшаніца, трыцікале, кукуруза), кармавыя культуры, цукровыя буракі, лён, рапс, бульба. Жывёлагадоўля мае малочна-мясны кірунак. Беларусь з'яўляецца буйным экспарцёрам малочнай прадукцыі на сусветны рынак: пры вытворчасці 1 % агульнасусветнага вырабу малака на Беларусь у агульным аб'ёме сусветных паставак масла прыходзіцца 11 %, сыра — 5,7 % (2009).
На Беларусі найбольшае значэнне мае чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны транспарт. На асобных рэках існуе суднаходства. Дзейнічае міжнародны аэрапорт Мінск-2 і інш.
Асноўнымі знешнегандлёвымі партнёрамі Беларусі з'яўляюцца Расія і ЕС. Па выніках 2006 у краіны ЕС было экспартавана 45,5 % прадукцыі, у Расію — 43,6 %. Акрамя Расіі экспарт у вялікіх аб'ёмах адбываўся ў Нідэрланды — 17,7 %, Вялікабрытанію — 7,5 %, Украіну — 6,3 %, Польшчу — 5,2 %, Германію — 3,8 %. Большая частка імпарту (58,6 %) ажыццяўлялася з Расіі; іншыя важнеёшыя партнёры: Германія — 7,5 %, Украіна — 6,3 %, Польшча — 3,4 %, Кітай — 2,5 %. У імпарце пераважалі: паліва і мінеральная сыравіна (33,4 %), машыны і абсталяванне (16,1 %), металы і вырабы з іх (11,7 %). Увогуле, тавараабарот (каля 50 млрд дол. ЗША) адбываўся больш як са 140 краінамі. Аб'ём імпарту (каля 29 млрд дол. ЗША) быў большы за аб'ём экспарту (каля 22 млрд дол. ЗША).
Тэмпы павелічэння ВУП у 2005 годзе склалі 9,2 %, інфляцыя — 8 %. У першым паўгоддзі 2006 тэмпы павелічэння СУП склалі 10,1 %, прамысловай вытворчасці 12,6 %.
Аб'ём ВУП у 2008 годзе павялічыўся ў параўнанні з 2007 на 10 %. Удзельная вага ў ВУП дабаўленай вартасці прамысловасці склала 28,1 %, сельскай гаспадаркі — 8,4 %, будаўніцтва — 9,4 %, транспорту і сувязі — 8 %, гандлю і грамадскага харчавання — 10,6 %.[11]
Насельніцтва
тыс. чал., 1.01.2009.[12]
| Мінск | 1 829 |
| Гомель | 499 |
| Магілёў | 372 |
| Віцебск | 356 |
| Гродна | 338 |
| Брэст | 318 |
| Бабруйск | 219 |
| Баранавічы | 169 |
| Барысаў | 150 |
| Пінск | 131 |
Паводле «Даклада аб развіцці чалавека» Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП) краіна знаходзіцца на 65-ым месцы (2011 год)[13]. На снежань 2010 г. па індэксу развіцця з улікам гендэрнага фактару рэспубліка займае 52-е месца сярод 182 краін свету і першае месца ў СНД[14].
Самая вялікая этнічная група Беларусі (1999) — беларусы (81,3 %). Асноўныя этнічныя меншасці: рускія — 11,3 %, палякі — 3,9 %, украінцы — 2,3 %, яўрэі — 0,28 %, іншыя — 0,92 %.
З 1993 г. насельніцтва Беларусі ўстойліва скарачаецца. У 2003 г. ў Беларусі жыло 9 898,6 тыс. чалавек. У выніку перавышэння смяротнасці над нараджальнасцю насельніцтва краіны ў наступныя гады паменшылася.
У Беларусі ў 2006 г. нарадзіліся 96,4 тыс. дзяцей (на 5,9 тыс. больш у параўнанні з 2005 годам). У 2006 г. памерлі 138,4 тыс. чалавек (на 3,5 тыс. чалавек менш, чым у 2005). Пры гэтым прыметна зменшылася смяротнасць дзяцей ва ўзросце да 1 года — гэты паказчык знізіўся з 7,1 выпадка на 1000 народжаных за 2005 год да 6,2 выпадка на 1000 народжаных за 2006 год. За першы квартал 2007 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2006-га колькасць памерлых у краіне знізілася на 4,9 %.
У 2007 г. нараджальнасць склала (у разліку на тыс. жыхароў) 10,7, а смяротнасць 13,7. Найбольшае значэнне натуральнага змяншэння насельніцтва адзначана ў Віцебскай вобласці, а ў сталіцы Беларусі каэфіцыент нараджальнасці быў прыкладна роўны каэфіцыенту смяротнасці. У 2008 нараджальнасць (у разліку на тыс. жыхароў) 11,1, смяротнасць 13,9, натуральная убыль насельніцтва −2,8.[15]
Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 красавіка 2007 г. складала, па дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, 9 705,2 тыс.[16] чалавек. На канец 2007 г. колькасць насельніцтва Беларусі склала 9 689,8 тыс. чалавек[17].
Колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 1 студзеня 2009 г. складала 9671,4 тыс. чал. і за 2008 г. зменшылася на 18,4 тыс. чал.[15].
Колькасць насельніцтва краіны на 1 студзеня 2010 г. складала 9 500 тыс. чал. [18]
Колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 1 студзеня 2011 г. складала 9481,2 тыс. чал. і за 2010 г. зменшылася на 18,8 тыс. чал.[19]
За 2011 г. колькасць насельніцтва Беларусі змешылася на 15,8 тыс. чал. [20]
На 1 студзеня 2012 г. насельніцтва Беларусі складала 9 465,4 тыс. чалавек [21].
Колькасць насельнiцтва ў 14 гарадах Беларусi перасягае 100 тыс. чалавек. У Мінску на 1 снежня 2009 года налiчвалася 1 млн 856,4 тыс. жыхароў. На другiм месцы — Гомель (484,5 тыс.), на трэцiм — Магілёў (370,6 тыс.). Далей iдуць iншыя абласныя цэнтры: Віцебск (346,2 тыс.), Гродна (325,8 тыс.) i Брэст (314,8 тыс.). У Бабруйску на 1 студзеня гэтага года пражывалi 218,4 тыс. чалавек, Баранавiчах — 168,3 тыс., Барысаве — 149,8 тыс., Пiнску — 130,4 тыс., Оршы — 122,6 тыс., Мазыры — 111,9 тыс., Салігорску — 101,1 тыс., Наваполацку — 100,6 тыс. чалавек [22].
| Краіны Еўропы: Насельніцтва | |
|---|---|
|
Аўстрыя | Азербайджан¹ | Албанія | Андора | Арменія¹ | Беларусь | Бельгія | Балгарыя | Боснія і Герцагавіна | Ватыкан | Вялікабрытанія | Венгрыя | Германія | Грэцыя | Грузія | Данія | Ірландыя | Ісландыя | Іспанія | Італія | Казахстан² | Кіпр¹ | Латвія | Літва | Ліхтэнштэйн | Люксембург | Македонія | Мальта | Малдовы | Манака | Нідэрланды | Нарвегія | Польшча | Партугалія | Расія² | Румынія | Сан-Марына | Сербія | Славакія | Славенія | Турцыя² | Украіна | Фінляндыя | Францыя | Харватыя | Чарнагорыя | Чэхія | Швейцарыя | Швецыя | Эстонія |
|
| Залежныя тэрыторыі | |
|
| Азорскія астравы | Аландскія астравы | Гернсі | Гібралтар | Джэрсі | Востраў Мэн | Фарэрскія астравы | Шпіцберген | Ян-Маен
|
|
| Непрызнаныя і часткова прызнаныя дзяржавы | |
| ¹ Часткова або цалкам у Азіі, у залежнасці ад праведзенай мяжы (en) ² У асноўным у Азіі |
Рэлігія
Паводле ацэнак, 60-70 % жыхароў Беларусі лічаць сябе праваслаўнымі, 15-20 % — каталікамі, 5-10 % — пратэстантамі, уніятамі. Пашыраны атэізм.
Напрыканцы XVIII ст. 70 % насельніцтва належала да уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы, 15 % былі каталікамі, 7 % — іудэеямі і толькі 6 % — праваслаўнымі. Аднак у 1839 годзе ўніяцкія архіерэі прынялі рашэнне аб далучэнні да Грэка-Расійскай праваслаўнай царквы, у праваслаўе перайшло больш каля 1,6 млн чалавек.
Узброеныя сілы
Узброеныя сілы складаюцца з 2 відаў: сухапутных войскаў і ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Вярхоўнае камандаванне ажыццяўляе Прэзідэнт. Выдаткі на абарону складаюць 420,5 млн долараў ЗША (2006) — 1,4 % ВНП (ацэнка 2005)[23].
Культура
Самабытная культура Беларусі фарміравалася на працягу стагоддзяў. Тут існавалі арыгінальныя архітэктурныя і мастацкія школы, ствараліся непаўторныя музычныя і літаратурныя творы.
Сучаснае культурнае жыццё Беларусі дынамічнае і разнастайнае. У краіне праходзіць мноства мастацкіх выстаў, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў.
Выяўленчае мастацтва
Выяўленчае мастацтва Беларусі разнастайнае па стылях, напрамках і жанрах. Самыя цікавыя творы беларускага жывапісу і скульптуры розных эпох можна ўбачыць у мастацкіх музеях краіны.
Буйнейшы збор твораў мастацтва мае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Ён актыўна прапагандуе нацыянальнае мастацтва. Тут пастаянна праходзяць выставы твораў беларускіх мастакоў.
Цікавыя калекцыі твораў беларускага мастацтва ў Віцебскім абласным мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі, Полацкай мастацкай галерэі.
У многіх раённых цэнтрах Беларусі ёсць мастацкія галерэі, дзе можна ўбачыць работы мясцовых мастакоў.
Музыка
Сучаснае музычнае мастацтва Беларусі імкнецца захаваць нацыянальныя традыцыі, адначасова развіваючы папулярныя ў свеце стылі і напрамкі. Творы беларускіх кампазітараў, сусветнай класічнай і эстраднай музыкі гучаць у выкананні як прафесійных, так і самадзейных музыкантаў.
У Беларусі штогод праходзяць фестывалі, якія прадстаўляюць розныя напрамкі і жанры музычнага мастацтва:
- «Беларуская музычная восень»
- «Мінская вясна»
- «Залаты шлягер»
- «Музы Нясвіжа»
Сімвалам фестывальнага руху Беларусі стаў Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», удзел у якім прымаюць папулярныя артысты з розных краін свету.
Тэатр
Беларускі прафесійны тэатр развіўся са старадаўніх народных абрадаў, творчасці вандроўных музыкантаў, прыдворных труп беларускіх магнатаў, дзейнасці аматарскіх калектываў рубяжа XIX—XX стст. Цяпер у краіне працуе 28 дзяржаўных тэатраў, вялікая колькасць самадзейных народных калектываў.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы — найстарэйшы беларускі тэатр. Дзейнічае Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, яго пастаноўкі мелі поспех як у айчыннага, так і ў замежнага гледача.
У Беларусі праходзяць маштабныя тэатральныя фестывалі, сярод якіх «Панарама» ў Мінску, «Белая вежа» ў Брэсце.
Літаратура
Літаратура стагоддзямі адыгрывала важную ролю ў культуры Беларусі. Трагічная гісторыя краіны паўплывала на тое, што тэма вайны доўгі час была вядучай у беларускай літаратуры.
Сярод найбольш вядомых пісьменнікаў і паэтаў Беларусі:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў Мінску мае самы вялікі збор друкаваных выданняў у краіне, а таксама права атрымання абавязковага экзэмпляра. Тут сабраны самы вялікі за межамі Расіі збор кніг на рускай мове. У 2006 годзе адкрыты новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі, які мае унікальнае архітэктурнае рашэнне ў форме брыльянта.
Турызм
Нацыянальныя святы
Каляндар святочных і памятных дзён, якія з'яўляюцца нерабочымі ў Беларусі:
- 1 студзеня — Новы год
- 7 студзеня — Нараджэнне Хрыстова (праваслаўнае)
- 8 сакавіка — Дзень жанчын
- 9-ы дзень пасля праваслаўнага Вялікадня — Радаўніца
- 1 мая — Свята працы
- 9 мая — Дзень Перамогі
- 3 ліпеня — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
- 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі
- 25 снежня — Нараджэнне Хрыстова (каталіцкае)
У міжнародных адносінах
Дзяржава з'яўляецца членам-заснавальнікам ААН, СНД, АДКБ, ЕўрАзЭС, Саюзнай дзяржавы, а таксама членам іншых міжнародных аб'яднанняў.
Гл. таксама Спіс дыпламатычных місій Беларусі, Пашпарт грамадзяніна Беларусі
Зноскі
- ↑ 91 год з дня заснавання першай беларускай дзяржавы - NewsBY
- ↑ Лукашэнка прызначыў Мясніковіча прэм'ерам (абноўлена)
- ↑ CIA, Belarus
- ↑ 4,0 4,1 4,2 4,3 Міжнародны валютны фонд, Belarus
- ↑ Human Development Report 2011. United Nations (2011). Праверана 2 лістапада 2011.
- ↑ Беларусы больш не будуць пераводзіць стрэлкі, Беларускія навіны (16.09.2011)
- ↑ Беларусь з'яўляецца самай паўночнай і найбольшай у Еўропе краінай, якая не мае выхаду да мора.
- ↑ (руск.) Сведения о политических партиях, зарегистрированных в Республике Беларусь // Министерство юстиции Республики Беларусь
- ↑ Міхаіл Марыніч. Трансфармацыйныя задачы Беларусі// Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". 10 чэрвеня 2007
- ↑ Ігар Шчучэнка. Выйсце з крызісу — далейшае рэфармаванне // Звязда. 21 сакавіка 2009
- ↑ http://belstat.gov.by/homep/ru/news/news87.php
- ↑ БЕЛАРУСЬ В ЦИФРАХ. Статистический справочник. Национальный статистический комитет Республики Беларусь, Мн., 2009
- ↑ Индекс человеческого развития Беларуси — не было бы ниже
- ↑ Беларусь занимает первое место в СНГ по индексу развития с учетом гендерного фактора
- ↑ Cite error: Invalid
<ref>tag; no text was provided for refs namedbelstat.gov.by - ↑ http://www.belta.by/by/print?id=154959
- ↑ http://belstat.gov.by/homep/ru/news/press_%20conference/press-conference.doc
- ↑ Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Гадавыя дадзеныя па абласцях і г.Мінску ў лічбах, 1995-2011 гг. http://belstat.gov.by/homep/ru/indicators/regions/1.php>
- ↑ Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Гадавыя дадзеныя па абласцях і г.Мінску ў лічбах, 1995-2011 гг. http://belstat.gov.by/homep/ru/indicators/regions/1.php>.
- ↑ Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Прэс-рэліз "Пра дэмаграфічнае становішча за студзень-снежань 2011 г. http://belstat.gov.by/homep/ru/indicators/pressrel/demographics.php
- ↑ Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Прэс-рэліз "Пра дэмаграфічнае становішча за студзень-снежань 2011 г. http://belstat.gov.by/homep/ru/indicators/pressrel/demographics.php
- ↑ http://zvyazda.minsk.by/ru/archive/article.php?id=12118&idate=2008-05-15
- ↑ Паводле звестак у CIA Factbook 2007.
У Сеціве
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Беларусь- Belarus.by — Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь(бел.) (англ.) (руск.)
- Сайт урада Беларусі(бел.) (англ.) (руск.)
- Radzima.org — Збор архітэктурных помнікаў, гісторыя Беларусі
- «Глобус Беларуси»(руск.)
- Гербы и флаги Беларуси(руск.)
- Фотографии Беларуси
|
|
|
|---|---|
| Удзельнікі | |
| Асацыяваныя члены | |
| Фактычныя члены | |
| Былыя члены | |
|
|
|
|---|---|
| Удзельнікі | |
| Былыя члены | |
| Еўразійская эканамічная супольнасць | |
|---|---|
| Удзельнікі | |
| Назіральнікі | |
| Членства прыпыненае | |