Міхаіл Рагоза

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Міхаіл РАГОЗА (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599) — праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай.

Паходзіць са шляхецкага роду герба «Рагоза» Менскага ваяводства.

У 1576 пісар валынскага ваяводы князя Богуша Карэцкага. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў: Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага.

3 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы праваслаўнай царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх уладаў у царкоўныя справы. 3 1590 увёў практыку штогадовых сабораў з удзелам прадстаўнікоў духавенства, шляхты, брацтваў. Пры ім было забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта: кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на такім штогадовым саборы. Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царкоўным іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі (напрыклад, у 1595 мітрапаліт забараніў выступаць з казаннямі прапаведніку віленскага брацтва Стафану Зізанію). 3 1594 М. Рагоза далучыўся да падрыхтоўкі злучэння праваслаўнай царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царкоўны сабор у Брэсце абвясціў Берасцейскую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы. Міхаіл Рагоза захаваў у новаўтворанай уніяцкай царкве тытул мітрапаліта. Праваслаўны сабор 1596, які адбыўся ў Брэсце адначасова з уніяцкім, абвясціў аб пазбаўленні яго сана, аднак гэта і іншыя падобныя захады праваслаўнага духавенства не мелі вынікаў. Міхаіл Рагоза карыстаўся ў пашырэнні уніі падтрымкай каралеўскай улады.