Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца
Размяшчэнне
Дата заснавання 1962
Каардынаты
Адрас Маладзёжная вуліца, 2А
ncgb.by

Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца — бальніца ў Наваполацку Віцебскай вобласці. Размешчана ў заходняй частцы горада, у лясным масіве, абмежаваным вуліцамі Маладзёжнай, Гайдара, Слабадской.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя развіцця аховы здароўя горада Наваполацка пачалася з адкрыцця ў 1958 годзе першага фельчарскага пункта, якім кіраваў Уладзімір Міхайлавіч Янушкевіч. У 1960 годзе была створана медыка-санітарная частка Полацкага Нафтабуда, у склад якой уваходзілі: паліклініка, тры пункты аховы здароўя (адзін з іх — урачэбны, ім кіраваў Савелій Мендэлевіч Нештат) і стацыянар[1].

Пры медыка-санітарнай частцы Полацкага Нафтабуда быў арганізаваны філіял Полацкай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Паліклініка і стацыянар размяшчаліся ў памяшканні барачнага тыпу. Гэтак жа непасрэдна на будаўнічых аб’ектах нафтаперапрацоўчага завода і цеплаэлектрацэнтралі функцыянавалі тры пункты аховы здароўя (1 урачэбны і 2 фельчарскія). На прамысловай базе трэста № 16 адкрыўся ўрачэбны пункт аховы здароўя[1].

У канцы 1961 года былі пабудаваны першыя чатыры аб’екты новай бальніцы з інфекцыйным корпусам на 50 коек, патолагаанатамічным і гаспадарчым карпусамі, харчаблокам[1].

У канцы 1962 года пабудаваны галоўны стацыянарны корпус бальніцы з праектным разлікам на 200 коек, але аддзяленні стацыянара былі адкрыты на 250 коек: тэрапеўтычнае (60 коек), хірургічнае (60 коек), радзільнае (20 коек), педыятрычнае (30 коек), гінекалагічнае (20 коек), інфекцыйнае (60 коек). Першым галоўным урачом да 1964 года быў Іван Васільевіч Хвасцянкоў[1].

У жніўні 1963 года арганізаваны ўрачэбны пункт аховы здароўя з кругласутачным дзяжурствам фельчараў на Нафтаперапрацоўчым заводзе (НПЗ), у канцы года — фельчарскі пункт на аўтабазе, а ў лістападзе 1964 года на тэрыторыі завода была адкрыта паліклініка. З лістапада 1964 г. філіял хуткай медыцынскай дапамогі г. Полацка быў рэарганізаваны ў аддзяленне хуткай дапамогі пры медыка-санітарнай частцы Наваполацкага перапрацоўчага завода[1].

З 1964—1976 г. бальніцу ўзначальваў галоўны ўрач Мікалай Міронавіч Бабянкоў. У 1967 годзе створаны фельчарскі пункт, а ўжо ў 1968 годзе была адкрыта паліклініка на Палімерна-хімічным камбінаце (ПХК). У гэтым жа годзе быў адкрыты другі фельчарскі пункт аховы здароўя на НПЗ і фельчарскі пункт аховы здароўя ў ГПТВ-28. У 1969 годзе адкрываюцца фельчарскія пункты аховы здароўя ў ГПТВ, СУ ЦЭЦ-2, ЖБВ і ствараецца гарадскі аддзел па ахове здароўя г. Наваполацка[1].

У 1970 г. медыка-санітарная частка была перайменавана ў аб’яднаную гарадскую бальніцу, куды ўваходзіла паліклініка № 1 разам з жаночай кансультацыяй і паліклінікай для абслугоўвання дзіцячага насельніцтва. Паліклініка № 2 НПЗ і № 3 ПХК перайшлі на самастойную дзейнасць. У 1971 годзе жаночая кансультацыя была пераведзена ў новае добраўпарадкаванае памяшканне, а ў 1972 годзе пераехала і дзіцячая паліклініка[1].

У 1974 годзе былі адкрыты профільныя аддзяленні: неўралагічнае на 60 коек; отарыналарынгалагічнае аддзяленне на 40 коек. У 1977 годзе пабудаваны новы тэрапеўтычны корпус на 240 коек са спецыялізаванымі аддзяленнямі: кардыялагічным на 60 коек; пульманалагічным на 60 коек; агульнатэрапеўтычным на 60 коек[1].

У 1976—1983 гадах кіраваў бальніцай галоўны ўрач Мікалай Міхайлавіч Балтрушэвіч, а ў 1986—1998 — Анатоль Анатолевіч Завадскі[1].

У 1978 годзе быў пабудаваны асобны корпус акушэрска-гінекалагічнай службы на 130 коек. У 1979 годзе быў адкрыты хірургічны корпус, у якім былі арганізаваны аддзяленні: хірургічнае на 70 коек, траўматалагічнае на 60 коек, уралагічнае на 40 коек, аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі; у 1980 годзе было адкрыта наркалагічнае аддзяленне на 60 коек; адкрыты эндаскапічны кабінет і вочнае аддзяленне на 40 коек[1].

З мая 2020 года бальніцай кіруе галоўны ўрач Ірына Георгіеўна Шамянкова[1].

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

У наш час установа Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца мае ў сваім складзе 11 лячэбна-прафілактычных устаноў, 14 спецыялізаваных аддзяленняў стацыянара бальніцы і 10 дапаможных службаў. Функцыянуюць 4 міжраённыя аддзяленні (афтальмалагічнае, траўматалагічнае, уралагічнае і інфекцыйнае), 2 кабінеты прэнатальнай дыягностыкі прыроджаных заган развіцця плода і міжраённы цэнтр па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з вострым каранарным сіндромам і вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. Спецыялісты ўстановы аказваюць медыцынскую дапамогу не толькі жыхарам горада Наваполацка, але і насельніцтву 10 раёнаў Віцебскай вобласці. Штогод у бальніцы атрымліваюць дапамогу больш за 20 тыс. чалавек[1].

Рэпрэсіі[правіць | правіць зыходнік]

27 красавіка 2023 года палітзняволены Віктар Бабарыка, адзін з вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты на выбарах 2020 года, які адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі, быў дастаўлены ў Наваполацкую цэнтральную гарадскую бальніцу[2]. «Рабочы рух» паведаміў, што Бабарыку даставілі з цялеснымі пашкоджаннямі: «Паступіў са слядамі пабіцця, яго нават не пазналі, пакуль не ўбачылі прозвішча»[3]. У бальніцы пацвердзілі, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў хірургіі[2].

17 мая ў бальніцы прайшлі масавыя затрыманні лекараў. Сярод затрыманых былі хірург Міхаіл Пачкоўскі, уролаг Павел Стальмакоў, фельчар хуткай дапамогі Наталля Першынёнак, супрацоўніца УГД Ала Стальмакова, загадчыца аддзялення гінекалогіі Ірына Васільева. Яны атрымалі адміністрацыйныя арышты і штрафы[4].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]