Віцебская вобласць
| Герб |
Сцяг |
| Краіна | Беларусь |
| Статус | Вобласць |
| Уключае | 21 раён |
| Адміністрацыйны цэнтр | Віцебск |
| Вялікія гарады | Орша Наваполацк Полацк |
| Насельніцтва (2009) |
1230,8 тыс. чал. (4-е месца) |
| Шчыльнасць | 30,6 чал./км² |
| Плошча | 40,1 тыс. км² (3-е месца) |
| Вышыня над узр-м мора - Найвышэйшая кропка |
Гара Гаршэва 295 м |
![]() |
|
| Код ISO 3166-2 | BY-VI |
| Код аўта. нумароў | 2 |
| Афіцыйны сайт | |
Віцебская вобласць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў БССР і Рэспубліцы Беларусь. Размешчана на поўначы краіны, мяжуе з Расіяй, Латвіяй і Літвой.
Змест |
[правіць] Гісторыя
Віцебская вобласць створана 15 студзеня 1938 г. У 1944 г. заходняя частка вобласці была далучана да Полацкай вобласці, у 1954 г. яна была зноў далучана да Віцебскай вобласці. У 1960 г. да Віцебскай вобласці адыйшла паўночная частка Маладзечaнскай вобласці з гарадамі Браслаў і Паставы, у 1961 г. - Бягомльскі раён Мінскай вобласці (пазней далучаны да Докшыцкага). Падзяляецца на 21 раён.
У 1984 г. на тэрыторыі вобласці знаходзілася 19 гарадоў, 24 гарадскія пасёлкі, 2 рабочыя пасёлкі.
У 1995 г. у вобласці налічвалася 20 гарадоў, у т.л. 5 абласнога падпарадкавання, 9 гарадскіх пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскіх населеных пунктаў.
[правіць] Геральдыка
2 чэрвеня 2009 года Віцебская вобласць, апошняй з рэгіёнаў Беларусі, атрымала свой герб і сцяг. За аснову сучаснага герба аблвыканкам узяў герб Віцебскай губерні 1856 года. На гербе адлюстраваны коннік, які ўздымае меч над галавой і трымае ў руцэ круглы тарк, чырвонае сядло на срэбраным кані накрытае залатым каўром. Тарк узвенчаны імператарскай каронай з залатымі дубовымі лістамі. Прыняцце спрадвечнага, хоць і змененага пад час існавання Расійскай імперыі герба, ёсць данінай памяці мужным войнам, што загінулі за родную зямлю.
[правіць] Прырода
Для рэльефа Віцебшчыны характэрна чаргаванне ўзвышшаў і нізін. Амаль уся тэрыторыя Віцебскай вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер'я. На поўдні знаходзяцца Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. На ўсходзе — Лучоская нізіна. На паўночным усходзе — Суражская нізіна. У цэнтральнай частцы і на захадзе распрасціраецца Полацкая нізіна, якая займае амаль палавіну тэрыторыі. Чвэрць тэрыторыі вобласці займаюць ўзвышшы і грады:
- Аршанскае ўзвышша,
- Асвейская града,
- Браслаўская града,
- Віцебскае ўзвышша (яго вышыня дасягае 295 м над узроўнем мора),
- Гарадоцкае ўзвышша,
- Докшыцкае ўзвышша,
- Лукомскае ўзвышша
- Нешчардаўскае ўзвышша,
- Свянцянскія грады
- Ушацка-Лепельскае ўзвышша.
Клімат у вобласці ўмерана кантынентальны, зіма адносна працяглая і марозная, лета прахладнае і вільготнае. У студзені сярэдняя тэмпература паветра складае ад -6,5°С на захадзе да -8,5°С на ўсходзе. У ліпені каля +17 - +18°С. За год на раўнінах выпадае 600 мм ападкаў, на ўзвышшах — да 750 мм. Каля 70% ападкаў выпадае ў цёплую пару года. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 180-190 сутак.
Вобласць займае першае месца ў Беларусі па шчыльнасці рачной сеткі, па колькасці і агульнай плошчы азёр. Рэкі, якія цякуць па тэрыторыі Віцебскай вобласці, адносяцца да басейна Заходняй Дзвіны (займаюць 80% плошчы), а таксама Дняпра, Нёмана, Ловаці. Найбольшыя з рэк — Заходняя Дзвіна з прытокамі Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса, Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна, таксама суднаходны Дняпро. На тэрыторыі вобласці бяруць пачатак прытокі Дняпра — Бярэзіна і Друць. У вобласці больш за 2,8 тыс. азёр. Найбольшыя па плошчы Асвейскае возера, Лукомскае возера, а таксама Дрысвяты, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна.
У складзе сельскагаспадарчых зямель пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы (сугліністыя і супясчаныя), а таксама дзярновыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы і тарфяна-балотныя глебы; характэрна мазаічнасць і завалуненасць глебаў.
Больш за трэцюю частку тэрыторыі вобласці пакрываюць лясы, у Полацкім і Расонскім раёнах лясістасць перавышае 50%. Галоўныя лесаўтваральныя пароды - хвоя звычайная і елка еўрапейская, характэрны таксама бяроза павіслая, вольха шэрая, асіна. Пад балотамі знаходзіцца каля 6% тэрыторыі. Балоты верхавога і нізінага тыпу, у значнай ступені асушаныя.
На тэрыторыі вобласці знаходзіцца нацыянальны парк Браслаўскія азёры, Бярэзінскі біясферны запаведнік (часткова).
[правіць] Насельніцтва
Для Віцебскай вобласці характэрна змяншэнне колькасці насельніцтва:
- 1995 — 1438,8 тыс.
- 2003 — 1334,5 тыс.
- 2007 — 1273,3 тыс.
- 2009 — 1230,8 тыс.[1].
- 2011 — 1217,1 тыс.[2].
Гарадское насельніцтва складае 73%, сельскае - 27% (2009). Жаночае насельніцтва складае 53,7%, мужчынскае - 46,3% (2009).
Да працаздольнага насельніцтва адносіцца 780938 жыхароў вобласці ці 61,7 % (2009).
Найбуйнейшыя гарады (2011): Віцебск (362,6 тыс. чал.), Орша (132,3), Наваполацк (105,1), Полацк (83,8).
Нацыянальны склад насельніцтва (1999): 1. беларусы - 82,0%, 2. рускія - 13,6%, 3. украінцы - 1,6%, 4. палякі - 1,5%.
[правіць] Гаспадарка
У гаспадарчым комплексе важнае месца займае прамысловасць. Віцебская вобласць спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі нафтаперапрацоўчай (ААТ Нафтан), машынабудаўнічай, хімічнай, дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай галін. У Новалукомлі працуе самая магутная на Беларусі Лукомская ДРЭС.
На Віцебшчыне вырошчавюцца збожжавыя (ячмень, жыта), кармавыя культуры, важнае значэнне мае лён, бульба. Жывёлагадоўля мае малочна-мясны кірунак.
У структуры перавозак важнейшае месца займаюць чыгуначны і аўтамабільны, а таксама трубаправодны транспарт.
[правіць] Адміністрацыя
Старшыня аблвыканкама - Аляксандр Косінец.
[правіць] Сродкі масавай інфармацыі
Абласная прэса прадстаўлена дзяржаўнымі газетамі "Віцебскі рабочы" і "Народнае слова", заснавальнік абедзвюх - Віцебскі абласны выканаўчы камітэт.
Тэлерадыёкампанія "Віцебск" выдае ў эфір 2 радыёпраграмы, таксама працуе 15 гарадскіх і раённых радыёпраграм, дзейнічае 5 недзяржаўных FM-станцый:
- Люкс
- Новы стыль
- Радыё Вітебск (Віцебск)
- Самміт Радыё (Полацк)
- Радыё Скіф (Орша)
[правіць] Літаратура
- Віцебская вобласць // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л.В. Календа. – Мн., 2004. – С. 92-95.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С.В. Марцэлеў [і інш.]. – Мн., 1985.
- Регион. Витебская область. Время действий и преобразований = The region. Vitebsk region. The time of actions and transformations / ред.-сост. М.В. Шиманский, А.Ф. Градюшко ; фото В.С. Стрелковский [и др.]. – Мн., 2006. – 196 с.
- Шишанов В. Последний император на Витебщине // Витебский проспект. 2008. №27. 4 июля. С.3. [1].
[правіць] Гл.таксама
- Віцебскае княства
- Друцкае княства
- Полацкае княства
- Віцебскае ваяводства
- Полацкае ваяводства
- Віцебская губерня
- Полацкая губерня
- Герб Віцебскай вобласці
- Сцяг Віцебскай вобласці
- Віцебскі абласны камітэт КП Беларусі
Зноскі
- ↑ Афіцыйныя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ на 14-10-2009
- ↑ Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: Сацыяльна-эканамічны стан Рэспублікі Беларусь у студзені-жніўні 2011 г., раздзел VIII
[правіць] У Сеціве
- Віцебская вобласць на афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь
- Віцебскі аблвыканкам (руск.)
- Віцебская вобласць, гарады і вёскі. Фота славутасцяў
- Праект Віцебскай абласной бібліятэкі ПРЫДЗВІНСКІ КРАЙ: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ
- Віцебск і вобласць на Акавіце
- Выдатныя мясціны на партале globus.tut.by (руск.)
- Мапа Віцебскай вобласці на emaps-online (руск.)
- Official Website of the Republic of Belarus (англ.)
| Адміністрацыйны падзел Віцебскай вобласці | ||
|---|---|---|
|
||
