Нацыяналізм (кніга)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нацыяналізм
Націоналізм
Аўтар Дзмітра Данцоў
Жанр палітычная філасофія[d]
Мова арыгінала украінская мова
Арыгінал выдадзены 1926
Выдавецтва Misioner[d]
Выпуск 1926

«Нацыяналізм» (укр. «Націоналізм») — кніга ўкраінскага публіцыста Дзмітры Данцова, у якой распрацоўваецца ідэалогія «інтэгральнага», або чыннага нацыяналізму.

Упершыню выйшла друкам у 1926 годзе ў друкарні айцоў-базыльянаў у Жоўкве. Неаднаразова перавыдавалася.

Кніга з’яўлялася падсумаваннем тэарэтычных распрацовак аўтара. Так выказваўся ён сам у сваёй кнізе: «Пачаткі таго, што я развіваю тут, развіваў я з таго часу, як пачаў пісаць; такім чынам тое, што пішу, па сутнасці ні ў чым не адрозніваецца ад таго, што я пісаў дагэтуль. Цяпер я стараўся толькі ўвабраць у сістэму тое, пра што перад тым пісаў урыўкамі або намёкамі».

Як і раней, апіраючыся на ідэі філасофскага ірацыяналізму Шапенгаўэра, Гартмана і асабліва Ніцшэ, а таксама другіх філосафаў аўтар «Нацыяналізму» заклікаў раз і назаўсёды адмовіцца ад рацыянальнага светаўспрымання. Замест гэтага, галоўнае месца ў ім павінна была заняць воля да жыцця. Праяўленні волі, інтэрпрэтаваў Данцоў ідэі «філасофіі волі», гэта «нішто іншае, як асалода пашырэння, выступлення па-за ўласныя межы». [Донцов Дмитро. Нацiоналiзм.—Лондон-Торонто, 1966. — с.233] Бо «экспансія — не толькі самасцвярджэнне ўласнай волі да жыцця, але і адмаўленне яе ў іншых». [Там жа. — с. 235]

Адсюль выводзіліся два першыя патрабаванні чыннага нацыяналізму: «узмацняць волю нацыю да жыцця, да ўлады, да экспансіі» і «імкненне да барацьбы, ды свядомасць яе неабходнасці»

Данцоў выдзяляе як наступныя патрабаванні валявога нацыяналізму — рамантызм і дагматызм ува ўспрыманні данай ідэалогіі. Першы павінен жывіцца легендай «апошняга бою», адмаўленнем «таго, што ёсць», захапляльнай карцінай «катастрофы, што прынясе новае». Другі — з’явіцца «ў суправаджэнні катэгарычнага загаду, пачуцця, што наказвае абсалютнае паслушэнства». [Там жа. — с. 257, 263] Аб’ядноўваючы гэтае паняцце, Данцоў адзначае: «ілюзіянізм» з’яўляецца сінтэзам абодвух: ён проціпастаўляе «знадворнапачуццёваму» — ірацыянальнае, надзнадворнапачуццёвае, канкрэтнаму — нябачнае і невядомае, і гэта «тэалагічнае» ў ім; і ён проціпастаўляе довадам голую афірмацыю, і гэта «дагматычнае ў ім». І пачатак пачуццёвы «ілюзіянізму» (ён не дыскутуе), і яго пачатак інтэлектуальны (што хоча ажыццявіць ідэю неіснуючую і прынцыпова процілеглую канкрэтнай) — матывуюць яго ваяўнічасць, антыпацыфізм. [Там жа. — с. 258]

Дзеля гэтага аднымі з галоўных патрабаванняў чыннага нацыяналізму да яго паслядоўнікаў Данцоў лічыў фанатызм і амаральнасць. Паводле яго меркавання, нацыянальная ідэя павінна быць «амаральнай», гэта значыць не кіравацца прынцыпы «агульначалавечых» каштоўнасцей дробных буржуа. Ажыццяўляць амаральную палітыку павінен фанатык, які «лічыць сваю праўдай праўдай, адкрытай яму небам, агульнай, якая мае быць прынятая іншымі. Адсюль яго агрэсіўнасць і нецярпімасць да іншых поглядаў». [Там жа. — с. 263]

Пятае «сінтэтычнае» патрабаванне абвешчанай дактрыны заключаецца ўва ўзвядзенні да ўзроўню дзяржаўнай палітыкі імперыялізму. "Імперыялізм, — заяўляе Данцоў, — гэта не толькі «здзірства», але адначасова выкананне грамадскіх спраў у грамадскіх інтарэсах нацыямі, пакліканымі і ўпаўнаважанымі да таго. Ёсць вышэйшыя і непаўнацэнныя народы; якія ўмеюць кіраваць іншымі (і сабой), і народы, што гэтага не ўмеюць. … Не толькі фанатычная і бескампрамісная павінна быць яна [усякая вялікая ідэя], але і служыць інтарэсам прагрэсу, як мы яго тут разумеем, гэта значыць, як права дужых рас арганізаваць людзей і народы для ўзмацнення інсуючай культуры і цывілізацыі. [Там жа. — с. 280, 283]

Вышэйпамянёнае права Данцоў прапануе ажыццяўляць шляхам «творчага насілля ініцыятыўнай меншасці». Гэта — шостае з патрабаванняў, на якіх пабудаваў сваю тэорыю аўтар «Нацыяналізму». Ён падкрэслівае, што гэты сродак (гвалт) "не ёсць з тых, што могуць быць, а могуць і не быць. Агрэсія, праз якую новая ідэя прыходзіць да жыцця, не ёсць выпадковай, яна іманентная кожнай «тэалагічнай», рэлігійнай або нацыянальнай ідэі, што прагне заняць на нейкай тэрыторыі, або ў галовах якойсьці масы месца ідэі сабе варожай. [Там жа. — с. 284]

Падводзячы вынікі свайго асноўнага твора, Данцоў паўтарае за Ніцшэ: "мусім правесці асноўную пераацэнку вартасцей. «Фанатызм», «інстынктыўныя адчуванні, „эмацыянальнасць“ замест „разумовасці“, „дух нацыянальнай нецярпімасці“, усё, што аплёўвалі ў нас, павінна рэабілітаваць свежае і маладое ўкраінства». [Там жа. — с. 311]

Па словах С. Лянкаўскага (Степана Ленкавського), заданнем палітычных дзеячаў, якія імкнуліся стаць на чале руху супраціўлення ў Галіцыі, было падпарадкаваць плыні, «якія кіпелі ў розумах пакалення, што шукала шляху». Данцоў стараецца гэтыя псіхалагічныя працэсы, што выбухаюць стыхійна, як непрыманне існуючай сапраўднасці, змацаваць, даць ім тэарэтычнае абгрунтаванне і на іх аснове перарабіць душу новага ўкраінца. Глеба, на якой вырасла гэта ідэалогія, абсалютна псіхалагічная ["Розбудова нацiї", Прага, 1928.—Ч.7-8.—С.273]. На хвалі гэтага «непрымання», якое выкарысталі стваральнікі будучай Арганізацыі украінскіх нацыяналістаў (АУН) і ўзнікла ў 1929 годзе гэта арганізацыя. Фармальна не ўваходзячы ў ОУН, Данцоў стаў яе вядучым ідэолагам. У ОУН уваходзілі пераважна студэнты і моладзь. Няма пэўных даных пра колькасць членаў арганізацыі, але паводле найбольш высокіх ацэнак яна дасягала 20-і тысяч чалавек (1939). Аднак уплывы ОУН значна перавышалі колькасць яе членаў. Уласцівы арганізацыі дух самаадданасці, які даходзіў да фанатычнай самаахвярнасці для нацыянальнай справы, аказаўся надзвычайна прываблівым для маладых людзей. Можна сказаць, што «данцавізм», а ў шырэйшым сэнсе — ідэалогія ОУН сфармавала палітычны светапогляд цэлага пакалення заходніх украінцаў.

Тэксты[правіць | правіць зыходнік]