З пляцоўкі Вікіпедыя.
Плоскія чэрві, пляскатыя чэрві (Platyhelminthes) — тып беспазваночных жывёл. Выдзяляецца 4-9 класаў, найбольш шматлікія з іх раснічныя чэрві, стужачныя чэрві, трэматоды; больш за 12,5 тыс. відаў.
Пашыраны ўсюды. Раснічныя чэрві жывуць у марскіх і прэсных водах, на сушы, астатнія — вонкавыя ці ўнутраныя паразіты жывёл і чалавека. Сярод іх бычыны цэпень, свіны цэпнь, смактун пячоначны, эхінакок і іншыя ўзбуджальнікі гельмінтозаў.
Даўжыня ад 0,1 мм да 30 м. Цела двухбакова-сіметрычнае, плоскае. Маюць суцэльны або з асобных членікаў скурна-мышачны мяшок з эпітэлію і шматслойнай мускулатуры, запоўнены парэнхімай, у якой размешчаны ўнутраныя органы. Нервовая сістэма ў выглядзе парных гангліяў і падоўжных нервовых ствалоў; выдзяляльная — накшталт канала. Крывяноснай і дыхальнай сістэм няма.
Пераважна гермафрадыты, развіццё прамое або з ператварэннем у свабодна жывучых, складанае з чаргаваннем пакаленняў і зменай гаспадароў у паразітаў (апрача монагенетычных смактуноў).
- Петрыкаў А. Плоскія чэрві // БелЭн у 18 т. Т. 12. — Мн., 2001.