Рэтарданты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэтарданты — сінтэтычныя рэчывы рознай хімічнай прыроды, якія душаць рост сцеблаў і парасткаў. Уяўляюць сабой адну з разнавіднасцяў рэгулятараў росту. Асноўнай мэтай прымянення рэтардантаў з'яўляецца атрыманне раслін з моцным галінаваннем, моцным сцяблом і магутнай каранёвай сістэмай.

Прынцып дзеяння[правіць | правіць зыходнік]

Рэтарданты з'яўляюцца інгібітарамі біясінтэзу гіберэліна, які запавольвае рост сцябла ў вышыню. Яны душаць расцягванне клетак сцеблаў у перыяд іх росту, але ўзмацняюць іх дзяленне ў папярочным кірунку без шкоды для іншых асноўных фізіялагічных працэсаў. За кошт такога механізму вышыня расліны памяншаецца, што гарантуе павышэнне трываласці расліны і павелічэнне памераў коласа. Таксама дзеючыя рэчывы рэгулятараў росту спрыяюць развіццю каранёвай сістэмы культуры, павелічэння ўтварэння ў лісці хларафіла, дзякуючы чаму афарбоўка становіцца больш насычанай і цёмнай. Усё гэта дазваляе зрабіць расліну больш устойлівай да ўздзеяння неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Да асноўных задач прэпаратаў можна аднесці:

  • прадухіленне палягання пасеваў і, як следства, павелічэнне ўраджайнасці;
  • павышэнне ўстойлівасці раслін да ўздзеяння неспрыяльных фактараў знешняга асяроддзя;
  • зніжэнне рызыкі ўзнікнення лістасцябловых хвароб і хвароб коласа;
  • паскарэнне і палёгка уборкі ўраджаю.

У камерцыйным кветкаводстве ретарданты шырока выкарыстоўваюцца для вырошчвання дэкаратыўных культур у касетах, што асабліва актуальна пры вырошчванні віёл (браткі), куставых пятунняў, аксамітак, барвінка. Выкарыстоўваючы рэгулятары росту можна дамагчыся максімальнай кампактнасці расады без страты цвіцення.

Разнавіднасці[правіць | правіць зыходнік]

У сусветнай сельскагаспадарчай вытворчасці выкарыстоўваецца каля 20 рэтардантаў, якія адносяцца да розных груп хімічных злучэнняў. Найбольшае прымяненне маюць наступныя:

  • хлорхалінхларыд, хлормекватхларыд (хлорысты-2-хлорэтылтрыметыламоній);
  • алар, дыяміназід (N-дыметылгідразід бурштынавай кіслаты);
  • этрэл, кампозан, этэфон (2-хлорэтылфасфонавая кіслата).