Сушыльная машына

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Вентыляцыйная барабанная сушыльніца

Сушыльная машына, машына сушыць бялізну альбо сушыльніца — гэта побытавая прылада, што ўжываецца дзеля аддзялення вільгаці ад адзення і іншых тэкстыльных вырабаў, звычайна адразу па выманні бялізны з пральнай машыны.

Бальшыня сушыльніцаў змяшчае круцільны барабан, цераз які цыркулюе нагрэтае паветра, што паруе вільгаць з бялізны. Барабан круціцца дзеля падтрымання прасторы паміж заложанымі рэчамі. Бялізна можа сесці альбо загрубець у выніку выкарыстання такіх машын, бо траціцца лінт г. зн. кароткія мяккія валокны. З гэтай прычыны, а таксама дзеля ашчаджэння энергіі, многія аддаюць перавагу вяровачным і рамным сушылкам.

Традыцыйныя сушыльніцы[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя сушыльніцы пастаянна забіраюць халоднае, сухое навакольнае паветра і награваюць яго перад тым, як прапусціць цераз барабан. Стаўшаеся ў выніку вільготным, паветра звычайна выводзіцца вонкі, каб вызваліць прастору для новага сухога паветра і працягнуць сушыльны працэс. Гэткая схема ніяк паўторна не выкарыстоўвае цеплыню, страчаную на награванне закладкі, і ўважаецца неашчаднай што да навакольных рэсурсаў. (Аддушына сушыльніцы таксама ёсць часткай дома.) Тым не менш, яна простая, надзейная, а таму шырока ўжываецца.

Імправізаваныя спробы скарыстаць гэту цеплыню дзеля дамашняга ацяплення шляхам скіроўвання ў памяшканні вільготнага нагрэтага паветра цераз вентыляцыйныя каробкі, абсталяваныя зваротным клапанам(руск.) бел., падвышаюць вільготнасць у жытле. Хоць гэта і можа стацца карысным пры сухім зімовым надвор'і, залішняя вільгаць ад гэтых прылад падвышае верагоднасць плесні і росту бактэрый удома. Адвод цеплыні ўсярэдзіну таксама можа быць незаконным. Газавыя сушыльніцы павінны абавязкова адводзіць цеплыню надвор, бо прадукты гарэння змешваюцца з вільготным паветрам. Будаўнічныя нормы і інструкцыі вытворцаў звычайна рэкамендуюць даваць сушыльніцам адводзіць цеплыню вонкі.

Яшчэ адным захадам падвысіць эфектыўнасць традыцыйных сушыльніцаў ёсць спроба падаць на ўваход падагрэтае паветра заместа кандыцыянавага паветра жыллёвай прасторы. Прыкметнай крыніцай гэткага паветра для сушыльніцы можа стаць сістэма трубаправодаў, якая-б усмоктвала гарачае паветра з падстрэшша будыніны.

Мікрахвалёвыя сушыльніцы[правіць | правіць зыходнік]

Японскія вытворцы распрацавалі высокаэфектыўныя сушыльніцы на базе мікрахвалёвага выпраменьвання (у той час як бальшыня японцаў сушаць сваю бялізну пад адкрытым небам). Падчас асноўнага высушвання вада з вопраткі паруецца мікрахвалямі, але фінальная частка працэсу рэалізаваная пры дапамозе канвекцыйнага награвання дзеля таго, каб пазбегнуць дугаўтварэння з металічнымі элементамі адзення. Гэты тып сушыльніцаў мае рад перавагаў: на чвэрць каротшы час на высушванне, ашчаджэнне энергіі (на 17—25%% менш), а таксама нізшыя тэмпературы сушэння. Некаторыя аналітыкі лічаць, што дугаўтварэнне і пашкоджанне тканіны — гэта асноўны чыннік, які не дае мікрахвалёвым сушыльніцам выйсці на рынак ЗША.

Безвентыляцыйныя сушыльніцы[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтрыфугі[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтрыфуга

З мэтай выціснуць дадатковую вільгаць з закладкі, цэнтрыфуга(руск.) бел. раскручвае барабан да значна большых хуткасцей, ніж звычайная пральніца. За дзве хвіліны цэнтрыфуга можа аддзяліць больш вады, чым традыцыйная сушыльніца на базе награванага барабана аддзяляе за дваццаць. Хоць адно кручэннем бялізны цалкам не высушыць, гэткі дадатковы крок ашчаджае энергію і час у вялікіх пральнях, як, прыкладам, у шпіталях.

У вялікіх спартыўных залах і плавальных басейнах могуць стаяць малыя цэнтрыфугі. Выціснуць большую часць вады з плавальнага касцюма пасля заняткаў — значыць менш праблем у спартыўных торбах, а пазней у кошыках з праннём. Няма патрэбы ў поўным высушванні, бо наведнік звычайна ўсё адно неўзабаве пярэ плавальны касцюм.

Кандэнсацыйныя сушыльніцы[правіць | правіць зыходнік]

Вымальны кандэнсатар з ворсаю, зняты з кандэнсацыйнай сушыльніцы. Халоднае навакольнае паветра працякае напоперак кандэнсатара і за кошт цеплаправоднасці металу астуджае гарачае вільготнае нутраное паветра, што працякае цераз пласціны кандэнсатара ўздоўжна.

У кандэнсацыйнай сушыльнай машыне паветра ходзіць па замкнёным коле. Першапачатна халоднае цыркуляванае паветра награваецца, каб зменшыць яго адносную вільготнасць (цёплае паветра можа ўтрымліваць больш вогкасці, чым халоднае). Далей ужо цёплае сухое паветра прадуваецца цераз барабан з бялізнай, адбіраючы з яе вогкасць шляхам выпарэння. Пад барабанам мацуецца кандэнсатар (уласна кажучы, цеплаабменнік), задача каторага — паніжаць вільготнасць цыркуляванага паветра машыны. Дзеля гэтага гарачае вільготнае паветра астуджаецца. Вентылятар, які рухавіцца маторам, што ў спарцы з барабанам, пастаўляе халоднае навакольнае паветра ў абшар кандэнсатара і прадувае яго металічныя пласціны.

У кандэнсатары пункт расы, што залежыць ад тэмпературы, зніжаецца, і лішак вільгаці кандэнсуецца ў выглядзе вады, якая збіраецца спярша ў сцёкавым адстойніку. Астуджанае цыркуляванае паветра затым награваецца зноў — кола замкнулася. Навакольнае паветра, якое прадуваецца цераз кандэнсатар і ў выніку чаго награваецца, выпускаецца ў наваколле, бо з прычыны сваёй невысокай тэмпературы не можа выканаць ніякай дадатковай работы. Сушыльніца з "паветраным ахалоджваннем" працуе тым лепш, чым халадней у памяшканні, дзе стаіць машына.

Кандэнсат цыклічна адпампоўваецца ў рэзервуар, які часцей за ўсё размяшчаюць пад панэллю кіравання. Рэзервуар трэба рэгулярна апустошваць, хоць можна падключыць сушыльніцу і да сцёку пральнай машыны. Дзеля гэтага з'яўляецца раздым для шлангу звычайна на задняй сценцы прылады.

Кандэнсатар трэба перыядычна ачышчаць ад ворсы, што скапліваецца на ім. Таксама такія машынкі расходуюць больш энергіі, чым вентыляваныя сушыльніцы, але ў той-жа час, яны не выкідаюць гарачае паветра надвор, а награваюць ім памяшканне.

Сушыльніцы з цеплавой помпай[правіць | правіць зыходнік]

Сушыльніца замкнутага цыклу з цеплавой помпай.

У той час як кандэнсацыйныя сушыльніцы выкарыстоўваюць пасіўны цеплаабменнік, які ахалоджваецца навакольным паветрам, гэтыя сушыльніцы выкарыстоўваюць цеплавую помпу. Гарачае, вільготнае паветра з барабана прапускаецца цераз цеплавую помпу, дзе халодны бок кандэнсуе вадзяную пару альбо ў сцёкавых патрубак, альбо ў адстойнік, а гарачы бок затым зноў награвае паветра для паўторнага ўжытку. Такім парадкам сушыльніца не толькі пазбываецца неабходнасці мець паветравы адток, але яна таксама захоўвае ладную часць цеплыні ўсярэдзіне, заместа таго, каб выкідаць вонкі. Як вынік, сушыльніцы на базе цеплавой помпы спажываюць да 50% менш энергіі, ніж кандэнсацыйныя альбо традыцыйныя сушыльніцы. Дамашнія сушыльныя машыны з цеплавой помпай спраектаваныя для работы пры тыповых тэмпературах навакольнага асяроддзя — ад 5 да 30℃. Пры тэмпературах ніжэйшых за 5℃, час высушвання значна расце. Як і ў прыпадку з кандэнсацыйнымі сушыльніцамі, цеплаабменнік не даводзіць нутраное паветра да нізкай ступені вільготнасці навакольнага паветра, у выніку чаго высушванне вымагае большага часу. Аднак бо машыны з цеплавой помпай захоўваюць вялікую часць цеплыні, тэмп цыркулявання ўжо нагрэтага паветра вышэйшы, што, у залежнасці ад мадэлі, можа весці нават да меншага часу высушвання, ніж у традыцыйных сушыльніцаў.

Сушыльніцы на базе механічнага паравога кампрэсара[правіць | правіць зыходнік]

Новы тып сушыльніцаў знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. У сутнасці гэта ўдасканаленая версія сушылак з цеплавой помпай. Толькі заместа цёплага паветра сушыльніцы з механічным паравым кампрэсарам ужываюць ваду, аддзеленую з бялізны ў форме пары. Спярша барабан і яго змесціва награваюцца да 100 °C. Утвараная вільготная пара становіцца адзіным складнікам атмасферы ўнутры барабана. Калі вільготная пара выходзіць з барабана, яна механічна кампрэсуецца з мэтай аддзялення вільгаці. Атрыманая пры гэтым цеплыня ўжываецца паслей дзеля награвання сухога паветра. Сціснутаму паветру дазваляюць пашырыцца і, перагрэўшы, упускаюць зноў у барабан, каб працягнуць працэс паравання вады з бялізны, ствараючы больш вільготнай пары. Цыкл замыкаецца. Гэтак-жа як і сушыльніцы з цеплавой помпай, сушыльніцы на базе механічнага паравога кампрэсара паўторна ўжываюць ладную часць цеплыні, страчанай на награванне бялізны. Энергаэфектыўнасць таксама параўнальная. Абодва тыпы больш як у два разы эфектыўнейшыя за традыцыйныя сушылкі.

Канвекцыйныя сушыльніцы[правіць | правіць зыходнік]

Канвекцыйная сушыльная машына складаецца з награвальнага блоку, размешчанага знізу, вертыкальнай камеры і аддушыны ўверсе. Паветра награваецца, змяншаючы сваю адносную вільготнасць і, паводле законаў фізікі, падымаецца ўверх і ўваходзіць у кантакт з адзежай. Гэтая канструкцыя адносна энерга-эфектыўная, але час на высушванне толькі нязначна меншы, чым пры развешванні бялізны на вяроўках.

На сонечнай энергіі[правіць | правіць зыходнік]

Сушыльніца на сонечнай энергіі ўяўляе сабой стацыянарную прыладу з асобным адсекам для адзежы. Пры гэтым сонца не ўваходзіць у наўпросты кантакт з тканінай. У яшчэ адным варыянце канструкцыі сонечная энергія ўжываецца дзеля награвання паветра, якое падаецца на ўваход у традыцыйную барабанную сушыльную машыну.[1]

Статычная электрычнасць[правіць | правіць зыходнік]

Сушыльныя машыны могуць выклікаць прыліпанне адзежы к целу ў выніку трыбаэлектрычнага эфекту. Часта прычынай становіцца перасушванне нізкавільготным паветрам. Тканінны кандыцыянер тут паратункам.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Commons