Умоўныя рэфлексы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Умоўныя рэфлексы — прыстасавальныя паводзінныя рэакцыі арганізма на ўздзеянні знешняга свету, якія ажыццяўляюцца з дапамогай нервовай сістэмы. Выпрацоўваюцца пры пэўных умовах (адсюль назва) на працягу жыцця жывёлы ці чалавека. Фарміруюцца на аснове безумоўных рэфлексаў.

Біясацыяльнае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Біясацыяльнае значэнне ўмоўных рэфлексаў выражаецца ў своечасовым адыходзе ад небяспекі, арыенціроўцы ў часе і прасторы, г.зн. адаптацыі арганізма да ўздзеянняў асяроддзя. Так, умоўна-рэфлекторнае аддзяленне сліны, страўнікавага соку і соку падстраўнікавай залозы пры выглядзе і паху ежы ствараюць аптымальныя ўмовы для яе ператраўлівання.

Умоўныя рэфлексы строга індывідуальныя і адрозніваюцца нават у блізнят.

Механізм утварэння[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з уяўленнямі I. Паўлава, утварэнне ўмоўнага рэфлексу звязана з устанаўленнем часовай сувязі паміж рознымі групамі нервовых клетак (цэнтрамі) кары вялікіх паўшар'яў галаўнога мозга. Пазней было выяўлена, што ва ўтварэнні часовай сувязі ўдзельнічаюць падкоркавыя структуры.

У выпадку прад'яўлення ўмоўнага, а пасля адразу безумоўнага раздражняльнікаў на ўзроўні кары вялікіх паўшар'яў узбуджаюцца адразу два нервовыя цэнтры. Мяркуюць, што дамінантны ачаг узбуджэння, які ўзнікае ў цэнтры безумоўнага рэфлексу, як магніт «прыцягвае» да сябе ўзбуджэнне з цэнтра ўмоўнага раздражняльніка. У выніку паміж імі ўзнікае функцыянальная часовая сувязь. Пасля шматразовых прад'яўленняў умоўнага і безумоўнага раздражняльнікаў яна робіцца настолькі трывалай, што потым нават адзін умоўны раздражняльнік, які дзейнічае ізалявана, здольны выклікаць узбуджэнне ў абодвух нервовых цэнтрах.

Каб выпрацаваць умоўны рэфлекс, трэба падмацоўваць умоўны раздражняльнік безумоўным, г. зн. такім, які выклікае безумоўны рэфлекс. Базай умоўнага рэфлексу з'яўляюцца нейроны кары і падкоркавых утварэнняў галоўнага мозга. Выяўлена магчымасць розных узроўняў замыкання рэфлекторнай сувязі (кара — кара, кара — падкорка, падкорка — падкорка) пры дамінуючай ролі кары.

Выпрацоўка ўмоўнага рэфлексу праходзіць паэтапна. Пачатковы этап характарызуецца тым, што рэфлекс узнікае не толькі ў адказ на прад'яўленне таго ўмоўнага раздражняльніка, на які ён выпрацоўваўся, але і іншых раздражняльнікаў, падобных да яго па фізічных параметрах. На наступным этапе, у працэсе замацавання ўмоўнага рэфлексу, рэакцыю ў адказ выклікае толькі той раздражняльнік, які выкарыстоўваўся ў якасці ўмоўнага.

Тармажэнне ўмоўных рэфлексаў[правіць | правіць зыходнік]

Умоўныя рэфлексы здольны тармазіцца. Калі, напрыклад, пасля выпрацоўкі харчовага слінааддзяляльнага рэфлексу перастаць падмацоўваць умоўны раздражняльнік дзеяннем безумоўнага, то праз некаторы час наступае згасанне ўмоўнага рэфлексу. Сліны будзе выдзяляцца ўсё менш і менш, пакуль умоўнарэфлекторнае слінааддзяленне не спыніцца зусім. Адбудзецца так званае ўнутранае тармажэнне ўмоўнага рэфлексу.

Побач з унутраным існуе знешняе тармажэнне. Яно выклікаецца нечаканым пабочным уздзеяннем і заўсёды пачынаецца з арыенціровачнай рэакцыі, якую I. Паўлаў назваў рэфлексам «Што такое?». У аснове гэтага тармажэння ляжыць узнікненне ў кары вялікіх паўшар'яў новага часова дамінантнага ачага ўзбуджэння, які выклікае паніжэнне ўзбудлівасці ўсіх іншых актыўных да гэтага моманту ўчасткаў кары. У выніку наяўная ўмоўнарэфлекторная рэакцыя слабее або знікае зусім.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М.В.Машчанка, А.Л.Барысаў; пер. з рус. мовы В.У.Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.