Хаценчыцкі бой

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хаценчыцкі бой
Асноўны канфлікт: Усходнееўрапейскі тэатр ваенных дзеянняў Другой сусветнай вайны
Дата 23 чэрвеня 1943
Месца вёска Хаценчыцы
Праціўнікі
Партызанская брыгада імя М. В. Фрунзэ нямецкі гарнізон вёскі Хаценчыцы
Сілы бакоў
480 каля 100

Хаценчыцкі бой — бой паміж партызанскай брыгадай імя М. В. Фрунзэ і нямецкім гарнізонам у вёсцы Хаценчыцы Ільянскага раёна 26 чэрвеня 1943 года.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Гарнізон у вёсцы Хаценчыцы быў адным з галоўных апорных пунктаў у сістэме нямецкай абароны ад партызан. Ён глыбока ўкліньваўся ў партызанскую зону і перакрываў подступы да чыгуначных участкаў МінскМаладзечна і Маладзечна — Крулеўшчына, прыкрываў сабою гарнізоны праціўніка ў бліжэйшых населеных пунктах Ілья, Вязынь, Краснае, Раёўка. Гарнізон налічваў каля 100 гітлераўцаў, узброеных 45-мм гарматай, 2 мінамётамі, 12 кулямётамі, умацаваны загародамі з калючага дроту, палосамі траншэй і 5 дзотамі з кругавым абстрэлам. Аперацыя па разгроме гарнізона рыхтавалася паводле загада камандавання брыгады, план бою распрацаваны начальнікам штаба брыгады капітанам А. Д. Коўбіям. Сілы партызанскай брыгады (480 байцоў) былі падзелены на чатыры групы: ударную, скоўваючую, прыкрыцця і засады на шляхах у вёскі Ілья і Раёўка.

Бой[правіць | правіць зыходнік]

Пасля дакладнай разведкі асноўныя сілы брыгады 23 чэрвеня да 20 гадзін вечара скрытна сканцэнтраваліся ў лесе на паўднёвым захадзе ад вёскі Панышы (у 3—4 км на поўдзень ад вёскі Хаценчыцы). Перад пачаткам дзеянняў партызанская разведка паведаміла, што частка байцоў Хаценчыцкага гарнізона 22 чэрвеня 1943 года зрабіла напад на хутар Пляшчаніцы Ільянскага раёна, дзе спаліла дамы і расстраляла мясцовых жыхароў. Скоўваючая група наносіла ўдар з боку вёскі Хаценчыцы, штурмавая, на чале з камандзірам атрада імя Варашылава Э. Л. Смаленскім, яго намеснікам лейтэнантам П. І. Карабіцыным і А. Д. Коўбіем падавіла агонь гарматы і 5 дзотаў, адзін з якіх аказаў супраціўленне. Агульнымі намаганнямі партызан дзот быў знішчаны, гарнізон поўнасцю разбіты. Уся зброя і боепрыпасы праціўніка перайшлі ў рукі партызан.

Разгром гарнізона ў вёсцы Хаценчыцы дазволіў на 120 км расчысціць раён дзеянняў партызанскай брыгады, пазбавіў насельніцтва ад пастаянных акцый гітлераўцаў. Гарнізон у вёсцы Хаценчыцы акупанты аднавіць не змаглі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.