Іван Пятровіч Шамякін

З Вікіпедыя.

(Пасля перасылкі з Іван Шамякін)
Перайсці да: рух, знайсці

Іва́н Пятро́віч ШАМЯ́КІН (30 студзеня 1921, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл.14 кастрычніка 2004), беларускі пісьменнік.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940-1945 у Чырвонай Арміі - камандзір гарматы, затым камсорг дывізіёна. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры. У 1945-1948 настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахаўскага р-на. З 1946 вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1950). Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». З 1954 - намеснік старшыні, з 1966 - сакратар, з 1968 - 2-і сакратар, з 1971 - 1-ы намеснік старшыні, у 1976-1980 - 1-ы сакратар праўлення СП БССР. З 1980 - галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1963 як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат ВС БССР (1963-1985) і СССР (1980-1989). Старшыня ВС БССР (1971-1985). Член-карэспандэнт АН БССР. Член СП СССР (з 1947).

Дэбютаваў у час Вялікай Айчыннай вайны нарысамі і вершамі ў армейскай газеце «Часовой Севера». У 1945 надрукаваў аповесць «Помета» (часопіс «Полымя»). Аўтар раманаў «Глыбокая плынь» (1949, інсцэніраваны ў 1956), «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1957, інсцэніраваны ў 1961), «Сэрца на далоні» (1964, інсцэніраваны ў 1965), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974, аднайменны відэафільм Беларускага тэлебачання, 1980), «Вазьму твой боль» (1979, экранізаваны ў 1981), «Петраград - Брэст» (1983), «Зеніт» (1987). Цыкл з пяці аповесцей («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) аб'яднаны ў пенталогію «Трывожнае шчасце» (1960, 1973, 1982). Выйшлі кнігі апавяданняў і аповесцей: «На знаёмых шляхах» (1949), «Дзве сілы» (1951), «Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні сеанс» (1968), «Лес майго земляка» (1970), «Бацька і дзеці» (1971), «Сцягі над штыкамі» (1976), «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч» (1976, пастаўлены кінафільмы адпаведна ў 1978 і 1980), «Браняпоезд «Таварыш Ленін» (1985), «У роднай сям'і» (1986), «Драма» (аповесці, гістарычныя сцэны, 1990), а таксама кніжка апавяданняў для дзяцей «У Маскву» (1950). У 1965-1966 выйшаў Збор твораў у 5-ці, у 1977-1979 - у 6 тамах.

Аўтар п'ес «Не верце цішыні» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Выгнанне блудніцы» (апублікавана і пастаўлена ў 1961, асобнае выданне ў 1962), «Дзеці аднаго дома» (апублікавана і пастаўлена ў 1967), «Экзамен на восень» (1973, пастаўлена ў 1974), «Баталія на лузе» (1975), «І змоўклі птушкі» (1977, пастаўлена ў 1977), Залаты медаль» (1979, пастаўлена ў 1980). Аўтар сцэнарыя 4-серыйнага тэлеспектакля «Трывожнае шчасце» (з А.Гутковічам, пастаўлены ў 1968), кінасцэнарыяў «Крыніцы» (з Ю. Шчарбаковым, пастаўлены ў 1964), «Хлеб пахне порахам» (пастаўлены ў 1974), «Атланты і карыятыды» (пастаўлены ў 1978). У 1974 выйшаў зборнік кінааповесцей і п'ес «Экзамен на восень».

Аўтар кніг публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986).

Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і інш. медалямі. Народны пісьменнік БССР (1972). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за раман «Глыбокая плынь», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959) за раман «Крыніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Сэрца на далоні» і кнігу «Трывожнае шчасце», Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978) за кнігу «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч», Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982) за кінафільм «Вазьму твой боль».


Літ.:

Гардзіцкі А.К. Шамякін Іван // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X  Шамякін Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.