Эдысан (кінатэатр, Ліда)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Злева, на плоце гарадскога сквера, рэклама кінафільма «Зігамар». Далей дом па Віленскай, 19, за ім дом 21 братоў Вінаградавых, у двары якога месціўся кінатэатр «Эдысан»

«Эдысан» — колішні кінатэатр у Лідзе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 1910 года Міхаіл Мікалаевіч Манастырскі падаў на імя віленскага губернатара прашэнне аб адкрыцці кінатэатра ў Лідзе па вуліцы Віленскай, у мураваным аднапавярховым доме братоў Саламона Ільіча і Майсея Ільіча Вінаградавых. Да гэтага часу Манастырскі ўжо тры гады валодаў кінатэатрам у Сувалках[1]. Нарэшце кінатэатр «Эдысан» і быў адкрыты ў снежні 1910 года ў доме, які месціўся ў двары галоўнай двухпавярховай камяніцы Вінаградавых па Віленскай вуліцы, 21. Да 1914 года Манастырскі меў яшчэ кінатэатр у Вільні.

У снежні 1910 года пасля вырашэння розных бюракратычных і тэхнічных праблем сустрэў першых наведвальнікаў кінатэатр «Эдысан» (на 118 месцаў). Кінатэатр уяўляў сабой аднапавярховы цагляны будынак, меў пярэдні пакой (4,3 х 2,1 м), глядзельную залу (11,8 х 6,3 м), два фае (9,5 х 6.3 м), будку для праектара, у якой падлога і столь былі абабіты азбестам і жалезнымі лістамі. Глядзельная зала і фае мелі вышыню чатыры метры, драўляную столь, абабітыя знутры дошкамі бэлькі. Меліся два выхады, дзверы адчыняліся вонкі. Месцы для публікі былі агароджаны адкіднымі драўлянымі балюстрадамі вышынёй каля 0,9 м. Праходы для публікі каля будкі з праектарам — шырынёй 1,5 м кожны. Сценкі ўсіх памяшканняў атынкаваныя. Памяшканні абаграваліся трыма круглымі бляшанымі пячамі. Паветра вентылявалася праз адтуліну дыяметрам 35 см. Дах будынка крыты дахоўкай. Памяшканне для дынама-машыны ад глядзельнай залы аддзяляла цагляная сцяна ў паўтары цагліны. Для асвятлення памяшканняў і сілкавання токам рэфлектара ў асобным памяшканні знаходзілася дынама-машына пастаяннага току на 50 ампер пры 110 вольт, якая прыводзілася ў дзеянне праз пасавую перадачу газавым рухавіком на 7 к.с. «Ота-Дэйц». Электрычны дрот быў пракладзены на парцалянавых роліках. Памяшканні асвятляла 21 танталавая шаснаццацісвечкавая лямпа напальвання, таксама меліся дзве лямпы ў 200 свечак і 98 дзвюхсвечкавых лямп на 10 вольт кожная[2], якія складаліся ў слова «Эдысан» над уваходам.

Прафесар Іосіф Львовіч Далінскі пісаў пра гэты кінатэатр[3]:

" З’явіўся новы кінатэатр на галоўнай вуліцы… Ля ўвахода буйна электрычнымі лямпачкамі назва — «Эдысан». Такая цікавая назва здзіўляе, дзівіць нават… Туды ўваход каштаваў 10 ці нават 15 капеек. Бацька ўжо рэгулярна дае мне 5 капеек. Я іх збіраю і бягу, задыхаючыся, у кінатэатр. Сюды часам хаджу бясплатна разам са сваім таварышам, бацька якога — адзін з гаспадароў «Эдысана». Тут крэслы і нават ложы. У фае развешаны афішы, стаяць крэслы, маецца нават буфет. Фае спецыяльна для чакання: сеанс вялікі — гадзіну і больш. Мы ўваходзім у глядзельную залу ўжо не па-хлапечы, а як падлеткі. Мы абодва высокія, нас нават можна прыняць за юнакоў. "
" Карціны тут (у «Эдысане») «сур’ёзныя»: дзве драмы, дзве камедыі, а напачатку абавязкова пейзажныя. У іх нейкія незнаёмыя рэкі, горы, вадаспады, моры бязмежныя, у іх вялікія хвалі, хвалі… Асабліва дзівяць вадаспады: з вельмі вялікай вышыні, з вялікім шумам (то перадае музыка тапёра) падае велізарная, шырокая, імклівая бруя вады… Кінематограф захапляе, здзіўляе, кліча да сябе; у ім можна нечакана ўбачыць тое, што ніколі не зможаш убачыць: усё далёкае, дзіўнае. Мастацкія любоўныя драмы ўзбуджаюць, выклікаюць нейкія незразумелыя пачуцці. Пацалункі, абдымкі дарослых, якія не бачыш у жыцці, вельмі халодныя, але разам з тым яны тояць у сабе нешта прыцягальнае. Потым мы, хлопцы, гуляем (бегаем, ходзім), як у фільмах. Асаблівае ўражанне пакінула карціна «Зігамар[ru]». Гэта ўжо не адна карціна, а серыя фільмаў, колькі — не памятаю. Але вельмі добра памятаю, што нашы гульні ў «разбойнікаў» пасля «Зігамара» напоўніліся больш канкрэтным зместам. Я нават у душы музыцыраваў, як у кіно. "

Думаю, трэба трошкі расказаць і пра арганізацыю справы па расклейванні розных афіш у горадзе. У 1904 годзе віленскі губернатар граф Пален выдаў пастанову, згодна з якой расклейванне розных аб’яў і афіш у Лідзе дапускалася толькі на адмысловых прыстасаваннях (відавочна, шчытах), устаноўленых гарадскімі ўладамі (домаўладальнікам на сваіх хатах дазвалялася вывешваць аб’явы толькі аб здачы жылля ў наём). Пастанова ўваходзіла ў сілу з моманту ўстаноўкі такіх прыстасаванняў[4]. 29 красавіка 1909 года лідскі сход упаўнаважаных перадаў Абраму Душману права расклейвання аб’яў і афіш за плату 21 руб. 30 кап. у год[5]. Бізнес быў вельмі прыбытковы, і ў 1914 годзе гэта права на тры гады перадалі ўладальніку друкарні Падземскаму, але ўжо за 260 руб. і 50 кап. у год[6]. Гэта сведчыць аб папулярнасці кінематографа і гастрольных тэатраў у нашым горадзе.

Згарэлы ў час Першай сусветнай вайны будынак кавярні Малiноўскага, у двары якога працаваў кінатэатр «Эдысан»

Манастырскі перад Першай сусветнай вайной прадаў «Эдысан» Яблонскаму і Сікорскаму — і кінатэатр перасяліўся на месца каля перакрыжавання вуліц Віленскай і Каменскай (сучасныя Ленінская і Савецкая), у старую двухпавярховую камяніцу XIX стагоддзя, праз адзін дом ад Фарнага касцёла. У гэтым жа доме знаходзілася кавярня Малiноўскага (у 1930-я — крама дамскай галантарэі). Уваход у кінатэатр быў з двара. У той час у будынку братоў Вінаградавых, дзе раней быў кінатэатр «Эдысан», у двары дома № 21 па Віленскай вуліцы, адкрылася вытворчасць па гатаванні мёду.

У новым «Эдысане» праводзіліся розныя гарадскія мерапрыемствы. Галоўным месцам культурнага адпачынку гараджан у 1920-1930-я гг. былі менавіта кінатэатры. Польскі пісьменнік Ежы Путрамент, які жыў у Лідзе, успамінаў пра кінатэатры горада ў сярэдзіне 1920-х: «У цэнтры горада два касцёлы і два кінатэатры. Насупраць меншага, які называўся „Эдысан“, — цукерня з назвай „Амерыка“»[7]. Уладальнікам і дырэктарам кінатэатра «Эдысан» у той час быў Натан Левін, яго супольнікамі — М. Алькеніцкі і А. Мяснік. Гэта быў кінатэатр з балконам і буфетам[8].

Зноскі

  1. Лідскі летапісец. — 2017. — № 1 (77). — С. 55.
  2. Лідскі летапісец. — 2017. — № 1 (77). — С. 55.
  3. Долинский, И. Память. Небольшие рассказы о прошлом. / И. Долинский. — 288 с. — Москва, 2000. — С. 34-35.
  4. Виленские губернские ведомости. — № 45. — 9 июня, 1904.
  5. Виленские губернские ведомости. — № 56. — 18 июля, 1912.
  6. Виленские губернские ведомости. — № 55. — 12 июля, 1914.
  7. Путрамант, Е. Паўвеку. Пераклад з польскай Станіслава Судніка / Е. Путрамант. // Лідскі Летапісец — 2011. — № 1(53). — С. 61.
  8. Ciechanowicz, Lech. Mierzwa, Ryszard. Niezapomniana ulica Suwalska lat trzydziestych XX wieku / L. Ciechanowicz, R. Mierzwa. // Ziemia Lidzka. — № 4 (56). — 2003.