Балацянікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Lymnaeidae)
Балацянікі

Балацянік звычайны (Lymnaea stagnalis)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Lymnaeidae Rafinesque, 1815


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  76483
NCBI  6521
EOL  2404
FW  83640

Балацянікі (Lymnaeidae) — сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх.

Знешняя будова[правіць | правіць зыходнік]

Ракавіны (даўжынёю 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну, уключае тры аддзелы: галаву, тулава і нагу. На ніжнім баку галавы размешчаны рот, а вышэй за рот — два рухомыя датыкальныя шчупальцы, каля асновы якіх ляжыць пара вачэй.

Рухаюцца з дапамогай нагі, падэшва якой укрыта сліззю. Мускулістая нага мае выгляд шырокай падэшвеннай пласцінкі. Дзякуючы хвалепадобным скарачэнням мышцаў нагі малюск павольна слізгае па сцёблах і лістах падводных раслін.

Тулава ў балацяніка перамешчана на спінны бок. Яно пакрыта скурнай складкай — мантыяй. Паміж участкам мантыі і тулавам ёсць мантыйная поласць, якая мае сувязь са знешнім асяроддзем праз дыхальную адтуліну. Яна акружана кальцавымі мышцамі, пры расслабленні якіх адтуліна адкрываецца, а пры скарачэнні — закрываецца.

Ракавіна засцерагае мяккае цела малюска ад пашкоджанняў, драпежнікаў і дае апору для мышцаў. Ракавіна ўтвараецца эпітэліем мантыі. Звонку ракавіна пакрыта тонкім арганічным слоем, ад якога залежыць яе афарбоўка. Пад ім размешчаны два іншыя слаі — вапнавыя.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Налічваецца каля 120 відаў. Трапляюцца па ўсім свеце, на Беларусі пашыраны балацянік звычайны (Lymnaea stagnalis), балотны (Lymnaea palustris), малы (Lymnaea truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах, могуць пераносіць часовае высыханне і замярзанне вадаёмаў. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Жыўленне і страваванне[правіць | правіць зыходнік]

Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі.

У глотцы ў балацяніка ёсць мускулісты язык, пакрыты тонкай рагавой пласцінкай са шматлікімі зубчыкамі — таркай. Балацянікі, поўзаючы па падводных раслінах, саскрэбваюць таркай мяккія тканкі, налёт водарасцей і заглынаюць іх.

З глоткі па страваводу ежа трапляе ў яго расшырэнне — валляк, затым у страўнік, ад якога адыходзіць кішэчнік, дзе ежа канчаткова ператраўліваецца і ўсмоктваецца. У балацяніка ёсць стрававальная залоза — печань. Неператраўленыя рэшткі праз задні аддзел кішэчніка і анальную адтуліну выводзяцца вонкі.

Дыханне[правіць | правіць зыходнік]

Органам дыхання балацяніка з'яўляецца лёгкае. Яно ўтворана часткай мантыі. У сценцы мантыі ёсць сетка крывяносных сасудаў, у якія з атмасфернага паветра праз дыхальную адтуліну паступае кісларод, а выдзяляецца вуглякіслы газ. Для дыхання балацянік перыядычна паднімаецца да паверхні вады і запаўняе лёгкае атмасферным паветрам. Памяняўшы паветра, ён закрывае дыхальца і пагружаецца ў ваду. Чым цяплейшая вада, тым часцей усплывае малюск, паколькі з павышэннем тэмпературы вады ў ёй зніжаецца ўтрыманне кіслароду. Зімой, калі прэсныя вадаёмы пакрываюцца лёдам і балацянікі не могуць паднімацца да паверхні, яны запаўняюць мантыйную поласць вадой і дыхаюць, атрымліваючы з яе кісларод.

Поласць цела і кровазварот[правіць | правіць зыходнік]

Большая частка поласці цела малюскаў запоўнена злучальнай тканкай, якая выконвае апорную функцыю. Ад поласці цела захоўваюцца толькі два невялікія ўчасткі: адзін з іх акружае палавую залозу, другі — сэрца, утвараючы калясардэчную сумку.

Сэрца ў балацяніка складаецца з перадсэрдзя і жалудачка, ад якога адыходзяць крывяносныя сасуды. Аднак кроў цячэ не толькі па сасудах, але і па шчылінападобных рэштках поласці цела. Такая крывяносная сістэма называецца незамкнутай.

Выдзяляльная сістэма[правіць | правіць зыходнік]

Выдзяляльная сістэма прадстаўлена ў балацяніка адной ныркай. Яна адным канцом адкрываецца ў калясардэчную сумку, паглынаючы з крыві прадукты абмену, і выводзіць іх вонкі праз другую адтуліну, якая адкрываецца ў мантыйную поласць.

Нервовая сістэма[правіць | правіць зыходнік]

Нервовая сістэма балацяніка ўтворана некалькімі буйнымі парнымі скопішчамі нервовых клетак (гангліеў) у розных частках цела. Усе гангліі злучаны паміж сабой нервамі. Такая нервовая сістэма называецца раскідана-вузлавой. У балацяніка ёсць органы зроку, дотыку, нюху і смаку.

Размнажэнне[правіць | правіць зыходнік]

Балацянікі — гермафрадыты з унутраным перакрыжаваным апладненнем. Вясною (пры тэмпературы вады да 15 °C) адкладваюць скопішчы аплодненых яец у выглядзе слізістых шнуроў на розных падводных прадметах і сцёблах раслін. Развіццё ў балацяніка прамое, г. зн. з яйца пасля завяршэння развіцця выходзіць маленькі малюск. Жывуць каля трох гадоў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дзесяцік І. Балацянікі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі / гал. рэд. І. П. Шамякін. Т. 1. — Мн.: БелСЭ, 1983.
  • Балацянікі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с. : іл. ISBN 978-985-03-1367-6.