Другі Усебеларускі краязнаўчы з’езд

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search


Другі Усебеларускі краязнаўчы з’езд адбыўся 10 – 13 лютага 1927 г. у Мінску. Прысутнічала 187 дэлегатаў ад 240 краязнаўчых арганізацый (аб’ядноўвалі больш за 9000 членаў). Адбыліся 2 пленарныя пасяджэнні, працавалі секцыі: прыродна-геаграфічная, культурна-гістарычная, школьна-краязнаўчая, яўрэйская. З’езд заслухаў справаздачны даклад Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК, А.З. Казак), адзначыў пашырэнне краязнаўчага руху – заснаванне шэрагу мясцовых музеяў і бібліятэк, з’яўленне краязнаўчых вопісаў, некаторых раёнаў, збіранне вуснай народнай творчасці і слоўнікавага матэрыялу, практычнай і метадычнай падрыхтоўкі краязнаўцаў. Была зацверждана арганізацыйная структура краязнаўства рэспублікі: пярвічная адзінка – гурток; працу гурткоў аб’ядноўвалі раённыя і акруговыя таварыствы; узначальвала, накіроўвала і каардынавала краязнаўчую работу ЦБК пры Інбелкульце, якое распрацоўвала інструкцыі, праграмы, метадычныя дапаможнікі, апрацоўвала дасланыя краязнаўчыя матэрыялы, выдавала часопіс “Наш край”.