Самая буйная пчала ў фауне Беларусі. Цела (20-28 мм) чорнае, бліскучае, слабаапушанае. Крылы цёмныя з яркім фіялетавым адлівам. Галёнкі задніх ног у густых валасінках.
Пашырана ад поўначы Афрыкі і Еўропы праз Сярэднюю Азію, Казахстан да Манголіі ўлучна. У першай палове мінулага стагоддзя від рэгістраваўся па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у апошні час рэгіструецца толькі на поўдні.
Жыве на ўзлесках старых лясоў, радзей у населеных пунктах з драўлянымі пабудовамі і старымі садамі.
Самкі выходзяць з зімоўкі ў красавіку і лётаюць да жніўня. Гнёзды будуюць у мёртвай сухой драўніне — у старых дрэвах, пнях, тэлеграфных слупах, у сценах драўляных пабудоў, гнілым бярвенні. На працягу некалькіх дзён самка выгрызае ў драўніне галерэю да 30 см даўжынёй (ці выкарыстоўвае ўжо гатовыя паражніны). Пасля нарыхтоўкі на дне мядовага цеста (купка пылка з нектарам) і адкладкі першага яйца ўладкоўвае перагародку з разжаванай і змочанай сліной драўніны, якая з'яўляецца дном для наступнага вочка — так запаўняецца ўвесь ход галерэі. Лічынкі развіваюцца на працягу 3 тыдняў, пасля чаго акукляюцца ў тонкім павуцінневым кокане. Маладыя пчолы, якія нарадзіліся ў жніўні, самастойна прагрызаюць хады ў драўніне і выходзіць вонкі. Пасля капуляцыі самцы неўзабаве гінуць, а аплодненыя самкі сыходзяць на зімоўку. Пчолы наведваюць больш 60 відаў кветкавых раслін.