Канцэнтрацыйны лагер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Канцлагер)

Канцэнтрацыйны лагер — месца масавага зняволення людзей. Існуюць разнастайныя вызначэнні гэтай з’явы, і часам адно і тое ж месца масавага зняволення ваеннапалонных, злачынцаў, палітвязняў альбо мірных жыхароў можа характарызавацца як канцлагер аднымі даследчыкамі і мець іншую назву ў працах іншых даследчыкаў. Палітычныя погляды палітыкаў, гісторыкаў і юрыстаў могуць мець пэўны ўплыў на іх разуменне паняцця «канцэнтрацыйны лагер». Да таго ж пад тэрмінам «канцэнтрацыйны лагер» на пачатку ХХ ст. разумелі і лагер для бежанцаў альбо імігрантаў у ЗША

Гісторыя ўзнікнення першых канцэнтрацыйных лагероў[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін паходзіць ад англійскага «concentration camp» і з’явіўся падчас Англа-бурскай вайны (1899—1902), калі бурскае насельніцтва Брытанскай паўднёвай Афрыкі прымусова перамяшчалася ў спецыяльныя пасяленні на тэрыторыі розных калоній Брытанскай Імперыі. Мэтай стварэння канцэнтрацыйных лагероў было спыніць падтрымку бурскіх партызан мясцовым насельніцтвам. Цяжкія ўмовы жыцця ў англійскіх канцлагерах прывялі да смерці некалькіх дзясяткаў тысяч бураў.[1]

Некаторыя даследчыкі лічаць, што такімі ж лагерамі карысталіся іспанцы на Кубе падчас барацьбы з мясцовымі партызанамі ў 1895 г. Фактычна канцентрацыйнымі лагерамі з’яўляліся і лагеры для ваеннапалонных падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША, прычым і канфедэраты, і войскі Поўначы даволі жорстка абыходзіліся з палоннымі[2].

Знішчэнне нямецкімі каланіяльнымі войскамі ў Намібіі ў 1904 г. дзясяткаў тысяч паўстанцаў плямён герэра разам з членамі іх сямей з дапамогай канцэнтрацыйных лагероў было аб’яўлена генацыдам[3].

Канцлагеры ў час Першай сусветнай вайны, міжваенны перыяд і падчас Другой сусветнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Першая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Першай сусветнай вайны армян у Асманскай імперыі, а таксама русінаў і сербаў у Аўстра-Венгрыі масава адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Гэтыя дзеянні пазней былі ахарактарызаваны як генацыд[4].

Аднак ваеннапалонных варагуючыя бакі звычайна трымалі ў больш камфортных умовах.

Савецкая Расія, Фінляндыя і Польшча[правіць | правіць зыходнік]

Калі на тэрыторыі Расіі летам 1918 г. пачалася Грамадзянская вайна, стварэнне канцлагероў для ваеннапалонных стала звычайнай з’явай для чырвоных і белых[5], канцлагеры на расійскай тэрыторыі таксама ствараліся прадстаўнікамі замежнай ваеннай інтэрвенцыі (Мудзьюгскі канцэнтрацыйны лагер).

Нярэдка ў такія лагеры траплялі і тыя, каго толькі падазравалі ў спачуванні ворагу. Час ад часу ў месцах зняволення канцлагернага тыпу трымалі заложнікаў, якіх расстрэльвалі, калі мясцовае насельніцтва не выдавала тых, хто ўдзельнічаў ва ўзброенай барацьбе супраць Савецкай улады[6]. Знішчэнне ваеннапалонных і падазроных асоб насіла масавы характар. Таму канцэнтрацыйныя лагеры часоў Грамадзянскай вайны ў Расіі можна аднесці да лагераў смерці.

У Фінляндыі ў 1918-1922 гг. таксама адбылася грамадзянская вайна, але яна скончылася паражэннем «чырвоных» фінаў, іх зняволеннем у канцлагеры. Больш 300 з іх былі пакараны смерцю[7].

У Польшчы таксама пачалі з’яўляцца лагеры для палонных чырвонаармейцаў і партызан у Тухолі і Стшалкове. У гэтых лагерах загінула больш за 10 тысяч ваенных, узятых у палон падчас вайны з Савецкай Расіі 1919—1921 гг[8].

Канцлагеры ў СССР, Германіі і Польшы напярэдадні Другой сусветнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

У 1920-я гг. у Савецкім саюзе пачала складвацца сістэма канцэнтрацыйных лагераў, якая пазней атрымала назву ГУЛАГ (Дзяржаўнае кіраванне лагерамі). Там адбывалі свае тэрміны пакарання, белагвардзейцы, асобы дваранскага альбо буржуазнага паходжання, праваслаўныя святары, раскулачаныя заможныя сяляне, крымінальныя злачынцы. Звычайна лагеры размяшчаліся ў Сібіры і Запаляр'і. У 1930-х гг. многія камуністы, як выступаўшыя супраць палітыкі Сталіна (трацкісты і інш.), так і падтрымліваўшыя яго былі адпраўлены ў канцлагеры, звычайна, — па сфабрыкаваных справах. Таму 1937 г. стаў сімвалам сталінскіх рэпрэсій. У1939-1940 гг. у лагеры таксама адправіліся «недабранадзейныя» асобы з Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Прыбалтыкі і Бесарабіі: паліцэйскія, ваенныя, польскія асаднікі, прадстаўнікі буржуазіі і інтэлігенцыі. У канцэнтрацыйных лагерах крымінальныя зняволеныя мелі значную ўладу над палітычнымі. Гісторыя і побыт ГУЛАГа грунтоўна апісаны ў творы А. І. Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ».

Першыя канцэнтрацыйныя лагеры ў Германіі ўзніклі ў 1933 г. пасля прыходу А. Гітлера да ўлады. Да пачатку Другой сусветнай вайны туды адпраўлялі камуністаў, сацыялістаў, крымінальных злодзеяў і гомасексуальных асоб. З цягам часу туды сталі трапляць яўрэі, цыгане плямён рома і сінці, бо гэтыя народы нацысты лічылі ворагамі, якія рабавалі Германію, а таксама Сведкі Іеговы, якія адмаўляліся ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны і служыць у арміі і распаўсюджвалі свае погляды сярод іншых. У савецкіх канцлагерах паміж формай палітвязняў і формай крымінальных зняволеных звычайна не было пэўных адрозненняў, а ў канцлагерах гітлераўскай Германіі крымінальным зняволеным на робу нашывалі чорную пляму, яўрэям — жоўтую зорку Давіда, Сведкам Іеговы — ліловы трохвугольнік і г.д.

У Польшчы падчас рэжыму санацыі быў створаны канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай, дзе трымалі камуністаў і іх прыхільнікаў, праваслаўных святароў, украінскіх нацыяналістаў, а пасля пачатку Другой сусветнай вайны — нямецкіх ваеннапалонных і этнічных немцаў, якія пражывалі ў Польшчы. Адміністрацыя лагера шырока выкарыстоўвала дапамогу зняволеных за крымінальныя злачынствы ў справе нагляду за палітзняволенымі. Гэты лагер быў ліквідаваны пры ўводзе Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі ў 1939 г[9].

Канцлагеры ў іншых краінах Еўропы напярэдадні Другой сусветнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі (1936—1939 гг.) нацыяналісты і рэспубліканцы праводзілі палітыку жорсткіх рэпрэсій, як да тых, каго падазравалі ў здрадзе ці ў супрацоўніцтве з ворагам, так і да тых, хто імкнуўся захаваць нейтралітэт. Пасля ліквідацыі Рэспублікі і ўсталявання дыктатуры Франка дзясяткі тысяч рэспубліканцаў былі размешчаны ў месцах масавага зняволення для выканання прымусовай працы ці смяротнага пакарання[10].

Рэжым фашысткай Італіі арганізаваў сістэму канцэнтрацыйных лагераў у Абісініі (Эфіопіі) пасля захопу гэтай краіны ў 1935—1936 гг. з мэтай трымаць мясцовае насельніцтва пад кантролем. Яны існавалі да вызвалення Эфіопіі брытанскай арміяй у 1941 г.

Канцэнтрацыйныя лагеры ў час Другой сусветнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Германія і яе саюзнікі ў Еўропе[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Другой сусветнай вайны (1939—1945 гг.) Германія пашырыла як сетку сваіх канцэнтрацыйных лагероў, так і кантынгент зняволенных: канцлагеры ўзнікалі на тэрыторыі ўсіх краін, захопленых Трэцім Рэйхам, а ў склад зняволеных трапілі ваеннапалонныя краін антыгітлераўскай кааліцыі, партызаны і члены іх сямей і мірныя жыхары заваяваных краін. У гітлераўскіх канцлагерах пачалося масавае вынішчэнне яўреяў у лагерах смерці — з’ява, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Халакост». Таксама масава вынішчаліся славяне і цыгане. Крымінальныя зняволеныя атрымалі значную ўладу над астатнімі катэгорыям вязняў, іх выкарыстоўвалі ў якасці «капо» альбо наглядачоў і ім нават давалі права забіваць іных зняволенных.

Канцлагеры пачалі з’яўляцца ў краінах-саюзніках Германіі—Балгарыі, Румыніі, Венгрыі, Славакіі І Фінляндыі. Туды адпраўлялі, у асноўным, партызан, камуністаў і асоб, падазроных у нязгодзе з рэжымам мясцовых дыктатараў.

СССР[правіць | правіць зыходнік]

Невялічкія змены адбыліся ў сістэме ГУЛАГа. Падчас вайны некаторых зняволеных вызвалялі дзеля адпраўкі ў Чырвоную Армію. У канцэнтрацыйныя лагеры пачалі трапляць ваеннапалонныя войск Германіі, Італіі, Венгрыі, Румыніі, Харватыі, Славакіі і Фінляндыі. У жніўні 1945 г. да іх ліку далучыліся і ўзятыя ў палон японскія салдаты і афіцэры. Большасць з іх трымалася ў кепскіх умовах да вызвалення ў сярэдзіне 1950-х гг. Як і палітычныя зняволеныя, ваеннапалонныя, акрамя афіцэраў высокага рангу, пакутавалі ад здзекаў наглядчыкаў і крымінальных зняволеных (бо да апошніх ставіліся больш лаяльна як да «сацыяльна блізкіх»).

Японія[правіць | правіць зыходнік]

Японія таксама мела сетку канцэнтрацыйных лагераў на захопленых у 1930-1940-х гг. тэрыторыях. Там утрымліваліся палонныя ваеннаслужачыя Брытаніі, карэйскія і кітайскія партызаны, змагаўшыяся супраць акупацыйных японскіх фарміраванняў і іх прыхільнікаў, а таксама «вязні сумлення» — асобы японскага ці карэйскага паходжання, якія адмаўляліся служыць у арміі па прычынах рэлігійных поглядаў альбо пацыфізму. Усе зняволеныя трымаліся ў цяжкіх умовах, многія паміралі.

ЗША і Канада[правіць | правіць зыходнік]

Злучаныя Штаты далучыліся да антыгітлераўскай кааліцыі пасля нападу японскай авіяцыі на ваенную базу Перл-Харбор на Гаваях. У снежні 1941 г. прэзідэнт ЗША Ф. Д. Рузвельт падпісаў 3 пракламацыі, згодна з якімі ўсе асобы японскага, нямецкага і італьянскага паходжання ўзростам ад 14 год аб’яўляліся патэнцыяльна небяспечнымі чужынцамі (alien enemies), і ім забаранялася знаходзіцца ў зонах ваеннага кантролю. Гэтыя зоны былі створаны не толькі на тэрыторыі ЗША, але і ў Зоне Панамскага канала, на Філіпінскіх і Віргінскіх астравах. 19 лютага 1942 г. Рузвельт падпісаў загад 9066. Згодна гэтаму загаду патэнцыяльна небяспечныя чужынцы перасяляліся з усіх зон ваеннага кантролю ў спецыяльна адведзеныя месцы[11]. Нягледзячы на тое, што тэрмін «патэнцыяльна небяспечныя чужынцы» адносіўся да тых асоб, што не паспелі атрымаць грамадзянства ЗША, перасялялі і грамадзян ЗША японскага, нямецкага і італьянскага паходжання. Кепскія ўмовы жыцця на новых месцах, якія патэнцыяльна небяспечныя чужынцы не мелі права пакідаць, прывялі да смерці некаторых з іх. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны патэнцыяльна небяспечныя чужынцы былі вызвалены, але некаторыя сем'і так і не злучыліся ізноў.

Падобныя мерапрыемствы супраць імігрантаў з Японіі, Германіі і Італіі падчас Другой сусветнай вайны праводзіліся і ў Канадзе.

Канцэнтрацыйныя лагеры ў краінах свету пасля Другой сусветнай вайны[правіць | правіць зыходнік]

СССР[правіць | правіць зыходнік]

Пасля перамогі над Германіяй і яе еўрапейскімі саюзнікамі, канцэнтрацыйныя лагеры нацыстаў былі ліквідаваны, іх зняволеных адпусцілі на свабоду, прычым нярэдка адбываўся масавы самасуд над капо. Такія лагеры як Бухенвальд і Асвенцым (Аўшвіц) былі пераўтвораны ў музеі. Тым часам, савецкія канцлагеры пачалі папаўняцца новым кантынгентам: савецкія грамадзяне, якія пабывалі ў нямецкім палоне, ці жылі пад акупацыяй, тыя, хто супрацоўнічаў з акупантамі, але не ўдзельнічаў ва ўзброенай барацьбе супраць савецкай улады. З 1947 па 1950 г. у СССР было забаронена смяротнае пакаранне, і арыштаваных «лясных братоў» з Заходняй часткі СССР разам з членамі іх сямей адпраўлялі на доўгі тэрмін у сібірскія лагеры. Таксама агенты НКДБ і НКУС адкрыта арыштоўвалі і адпраўлялі ў канцлагеры мірных грамадзян на ўсей тэрыторыі Усходняй Еўропы, дзе стаялі войскі Чырвонай Арміі, напрыклад, у Аўстрыйскай акупацыйнай зоне.[12]

У 1940-1950-х гг. многія зняволеныя ў савецкіх лагерах чакалі перамен і час ад часу паўставалі. Усе хваляванні зняволеных жорстка падаўляліся лагернай адміністрацыяй. У 1948 г. у адным з варкуцінскіх лагераў пачаліся хваляванні, якія былі жорстка падаўлены: салдаты лагернай аховы загналі ўдзельнікаў хваляванняў у барак і спалілі іх там жывымі[13]. Самым буйным было паўстанне ў Асобым лагеры ў Кенгіры (Казахстан) у 1954 г. У ім разам удзельнічалі і палітычныя і крымінальныя зняволеныя. Паўстанцы 40 дзён трымалі ўладу ў сваім лагеры, пасля чаго паўстанне было падаўлена з дапамогай танкаў.[14]

У перыяд хрушчоўскай «адлігі» многіх зняволеных вызвалі з канцлагераў, якія неўзабаве пераўтварылі ў калоніі. На гэтым перыяд масавых палітычных рэпрэсій у СССР скончыўся.

Краіны Усходняй Еўропы[правіць | правіць зыходнік]

У Польшчы і Чэхаславакіі адразу пасля заканчэння вайны былі створаны часовыя лагеры, у якіх размяшчалі этнічных немцаў перад дэпартацыяй у Германію. Такую дэпартацыю праводзілі ў дачыненні жыхароў Гданьска (Данцыга) і заходніх раёнаў Польшчы і Чэхаславакіі нямецкага паходжання. Нярэдка, людзям давалі толькі 15 хвілін на збор самага неабходнага. Немцы ў лагерах сутыкаліся са здзекамі з боку мясцовага насельніцтва і наглядчыкаў. Некалькі чалавек скончылі жыццё самагубствам. Таксама ў Польшчы ішлі масавыя рэпрэсіі супраць партызан «Арміі Краевай», якія адмаўляліся скласці зброю, дысідэнтаў камуністычнага рэжыму, рэлігійных меншасцей і г.д. Але ў гэтых выпадках зняволеных звычайна адпраўлялі ў турмы.

У 1949-1956-х гг. канцэнтрацыйныя лагеры дзейнічалі таксама на астравах Голы востраў і Свеці-Гргур у Югаславіі, дзе трымалі камуністаў, якіх Ціта падазраваў у падтрымцы Сталіна, у тым ліку і ваенных спецыялістаў, якія прайшлі навучэнне ў СССР, таксама югаслаўскіх каралеўскіх чыноўнікаў і сербскіх і харвацкіх нацыяналістаў, падтрымліваўшых Гітлера ў часы Другой сусветнай вайны.

У другой палове 1940-х гг. камуністы Грэцыі распачалі масавую партызанскую вайну супраць існаваўшага дзяржаўнага ладу. Урад краіны расправіўся з паўстанцамі, якія не мелі практычна ніякай дапамогі звонку. Арыштаваных партызан адпраўлялі ў месцы масавых зняволенняў на астравах Эгейскага мора, дзе іх у вялікай колькасці трымалі ў цяжкіх умовах.

В’етнам[правіць | правіць зыходнік]

Падчас в'етнамскай вайны 1960—1975 гг. паўднёвав’етнамскія ўлады стваралі спецпаселішчы для абароны мясцовых жыхароў ад партызан В’етконга[15]. Паколькі нярэдка людзей прымусова размяшчалі ў такіх пасяленнях і не дазвалялі пад пагрозай смерці іх пакідаць. СССР і Паўночны В’етнам разглядалі іх як канцлагеры.

Камбоджа[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд праўлення «чырвоных кхмераў» (1975—1979 гг.) насельніцтва Камбоджы прымусова перасялялася ў сельскія камуны, дзе людзі былі вымушаны выконваць сельскагаспадарчую працу і жыць у кепскіх умовах. Пры падазрэнні на незадаволенасць новай уладай, «чырвоныя кхмеры» маглі знішчаць цэлыя раёны з усімі жыхарамі. У выніку масавых рэпрэсій і цяжкіх умоў жыцця больш за 1 млн камбаджыйцаў загінула.

Куба[правіць | правіць зыходнік]

Пасля прыходу да ўлады на Кубе Ф. Кастра распарадзіўся правесці масавыя арышты «недабранадзейных элементаў». Да апошніх ён адносіў гомасексуалаў, каталікоў, пратэстантаў, Сведкаў Іеговы, і безумоўна, тых хто не згаджаўся з яго рэжымам. Многіх з арыштаваных пазней адправілі ў канцэнтрацыйныя лагеры дзеля ізаляцыі ад грамадства. У асноўным, гэтыя лагеры знаходзіліся ў правінцыі Камагуэй. Гэта былі месцы масавага зняволення і прымусовай працы, умацаваныя электрыфікаваным калючым дротам. У 1968 г. лагеры былі пераўтвораны ў так званыя «ваенныя базы», але ў жыцці зняволеных амаль нічога не змянілася. Толькі некаторым пачалі плаціць невялікую суму грошай за працу.[16]

У сучаснай Кубе праследаванні «недабранадзейных элементаў» ужо не адбываюцца ў такой жорсткай форме, але ёсць сцвярджэнні, што такая форма зняволення яшчэ прымяняецца.[16]

Чылі[правіць | правіць зыходнік]

11 верасня 1973 г. ваенныя на чале з Аўгуста Піначэтам зрабілі пераварот у Чылі. Пасля гэтага многіх палітычных дзеячаў і мірных грамадзян, у тым ліку студэнцкую моладзь, Піначэт распарадзіўся адправіць у часовыя і пастаянныя канцлагеры па абвінавачванню ў сувязі з камуністамі. Сотні людзей былі расстраляны ці памерлі ад катаванняў, сярод іх спявак Віктар Хара.

Абхазія[правіць | правіць зыходнік]

Грузіна-абхазская вайна 1992-1993 гг. скончылася аддзяленнем Абхазіі ад Грузіі. Падчас гэтай вайны і пасля яе заканчэння многія тысячы асоб грузінскага паходжання былі прымушаны пакінуць Абхазію без права распараджацца сваёй маёмасцю на тэрыторыі края. Пры гэтым былі выпадкі стварэння цэнтраў масавага зняволення для грузінскіх ваеннапалонных, грамадзянскіх асоб грузінскай нацыянальнасці і нават абхазцаў, якія не падтрымлівалі новую ўладу ў Абхазіі[17].

Канцэнтрацыйныя лагеры ў сучасным свеце[правіць | правіць зыходнік]

КНДР[правіць | правіць зыходнік]

Згода падліку некаторых даследчыкаў у Паўночнай Карэі на сённяшні дзень дзейнічаюць 16 канцэнтрацыйных лагероў. Сцвярджаецца, што крымінальных і палітычных зняволеных трымаюць паасобку[18]. Аднак, урад гэтай краіны адмаўляе існаванне такіх цэнтраў масавага зняволення[19].

Зноскі

  1. И. Г. Дроговоз. «Англо-бурская война 1899—1902 гг.» (недаступная спасылка)
  2. Военнопленные Гражданской войны. Исторический сайт «Северная Америка. Век девятнадцатый».
  3. Выступленне Уітакера ў ААН у 1985 г.(недаступная спасылка)
  4. Концентрационные лагеря//Геноцид.ру(недаступная спасылка)Сергей Суляк. Талергоф и Терезин: забытый геноцид (недаступная спасылка)
  5. Обращение ВЧК и представителей районных ЧК к трудящимся Республики ответить на ранение В. И. Ленина ўсилением борьбы с контрреволюционерами 3 сентября 1918 г.
  6. ПРИКАЗ Полномочной Комиссии ВЦИК № 116 г. Тамбов 23 июня 1921 г.
  7. 1918-1922 War Victims Архівавана 4 сакавіка 2016.
  8. Алексей Памятных Пленные красноармейцы в польских лагерях//Новая Польша 10/2005
  9. А. Берастоўскі. Выпадковыя ахвяры палітычных рэпрэсій на Беларусі
  10. Caistor, Nick (28 February 2003). «Spanish Civil War fighters look back» BBC News (недаступная спасылка)
  11. Пракламацыі Ф. Д. Рузвельта аб прававым абмежаванні патэнцыяльна небяспечных чужынцаў — японцаў, немцаў і італьянцаў і тэкст загада 9066
  12. Jehovah's Witnesses Yearbook 1989, p. 135—136
  13. Jehovah's Witnesses Yearbook 2008, p.100
  14. Nikolai Gutsulyak.Awaiting a Kingdom That Is «No Part of This World»//The Watchtower, March 1, 2007, p. 8-12
  15. Zasloff, J.J. "Rural Resettlements in South Vietnam: The Agroville Program, " Pacific Affairs, Vol. XXXV, No. 4, Winter 1962—1963, p.332
  16. а б http://totalitarianimages.blogspot.com/2010/02/concentration-camps-in-cuba-umap.html Concentration camps in Cuba
  17. GEORGIA/ABKHAZIA: VIOLATIONS OF THE LAWS OF WAR AND RUSSIA'S ROLE IN THE CONFLICT (Human Rights Watch report of March 1995) (недаступная спасылка)
  18. North Korea Prison Camp Survivor Details Grim Experience. Fox News (22 лістапада 2005)
  19. Third-rate smear campaign. KCNA (1997 год) Архівавана 10 лістапада 2013.