Перайсці да зместу

Песня пра Бярэзіну

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Песня аб Бярэзіне)

«Песня пра Бярэзіну» (ням.: «Beresinalied») — адна з нацыянальных швейцарскіх песень. Асацыіруецца з бітвай на Бярэзіне, у ходзе якой загінула тысяча з 1300 швейцарскіх наёмнікаў, якія на той момант заставаліся ў жывых з 8000, што суправаджалі Напалеона падчас яго ўварвання ў Расію.

Верш пад назвай «die Nachtreise» («Начное падарожжа») быў напісаны нямецкім драматургам, акторам і вучоным Карлам Людвігам Гізэке і апублікаваны ў 1792 годзе ў часопісе «Göttinger Musen-Almanach». Пасля дадзены верш быў пакладзены на музыку, якая некалькі разоў перапрацовалася, лічыцца, што мелодыя, якая выконваецца цяпер, бярэ пачатак у варыянце нямецкага музыканта Іагана Эмануэля Мюлера[1][2][3], пры гэтым у асобных крыніцах аўтарам музыкі названы Фрыдрых Вільке[4].

Ва «Успамінах пра рускі паход» («Denkwürdigkeiten aus dem Russischen Feldzug») швейцарац Томас Леглер так апісвае пярэдадзень і ход бітвы на Бярэзіне: «28 лістапада выпаў снег. Была палова восьмай раніцы, калі я ішоў побач з камандзірам Блатманам. Ён нагадаў мне песню: «Нашае жыццё — гэта падарожжа праз ноч і холад», якую я і раней часта напяваў, маю любімую песню. Блатман папрасіў мяне спець яе і цяпер. Я пачаў, заўважыў з глыбокім уздыхам: «Так, гэта, нажаль, праўдзівыя словы…» Неўзабаве гэтую мелодыю падхапілі і іншыя афіцэры, і гэта ранішняя гадзіна прайшла ў пенні і размовах. Было дзевяць гадзін, калі гарматнае ядро з д’ябальскім грукатам праляцела над нашмі галовамі. Агонь з абодвух бакоў быў смяротным, шмат хто з афіцэраў быў адразу паранены, іншыя забіты, сярод ніх і наш камандзір Блатман, якому куля прабіла мозг». Пасля вайны 1812 года песня стала папулярнай у Швейцарыі, сімвалізуя мужнасць швейцарскіх салдат[2].

Зноскі