Рада Народных Міністраў БНР

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Рада народных міністраў БНР)
Jump to navigation Jump to search
Рада Народных Міністраў БНР
(Рада Міністраў БНР)
Агульная інфармацыя
Дата стварэння 11 кастрычніка 1918
Папярэдняе ведамства Народны Сакратарыят Беларусі
Дата скасавання 21 чэрвеня 1948

Ра́да Наро́дных Міні́страў БНР — выканаўчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі. Сфармаваная Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў адпаведнасці з Часовай Канстытуцыяй БНР ад 11 кастрычніка 1918 года замест Народнага сакратарыята Беларусі. Называлася таксама Радай Міністраў БНР.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У склад 1-й Рады Народных Міністраў, якая была пятым урадам БНР, уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП): Антон Луцкевіч (старшыня і міністр замежных спраў), Язэп Варонка (міністр унутраных спраў), Васіль Захарка (намеснік старшыні да верасня 1919, міністр фінансаў), Яўген Ладноў (міністр ваенных спраў), Аркадзь Смоліч (міністр асветы), Аляксандр Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пасля таго як Варонка ўзначаліў Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай Рэспублікі, на яго месца быў прызначаны Кузьма Цярэшчанка.

Раскол[правіць | правіць зыходнік]

13 снежня 1919 года адбыўся раскол Рады БНР на Народную раду БНР і Найвышэйшую раду БНР. Найвышэйшая Рада пацвердзіла паўнамоцтвы Антона Луцкевіча. У склад кабінета ўваходзілі сацыял-дэмакраты Аркадзь Смоліч і Кузьма Цярэшчанка. У сувязі з перашкодамі, якія чынілі дзейнасці польскія акупацыйныя ўлады, 28 лютага 1920 года Антон Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Найвышэйшай Рады і выехаў у Вільню. Больш свой урад Найвышэйшая рада не фармавала. 20 кастрычніка 1920 года на Нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Рызе Кузьма Цярэшчанка склаў паўнамоцтвы Найвышэйшай Рады і прызнаў Народную Раду адзіным паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа.

Шостым урадам БНР лічыцца Рада Народных Міністраў, створаная 13 снежня 1919 года Народнай Радай. У склад гэтага кабінета ўваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і БПС-Ф: Вацлаў Ластоўскі (старшыня), Яфім Бялевіч (міністр фінансаў), Тамаш Грыб (міністр унутраных спраў), Клаўдзій Дуж-Душэўскі (дзяржаўны сакратар), Яўген Ладноў (міністр замежных спраў), Лявон Заяц (дзяржаўны кантралёр), Аляксандр Цвікевіч (намеснік старшыні, міністр юстыцыі). Праз 3 дні пасля стварэння ўрада яго старшыня Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі на 2 месяцы.

У эміграцыі[правіць | правіць зыходнік]

Па вызваленні Вацлава Ластоўскага, сябры кабінета, а таксама Прэзідыума Народнай Рады Палута Бадунова і Язэп Мамонька, выехалі ў Рыгу. Туды ж пераехалі старшыня Народнай Рады Пётра Крачэўскі і яго намеснік Васіль Захарка, якія ў студзені 1920 года мусілі пакінуць Беларусь і жыць у Германіі. У верасні 1920 года міністрам фінансаў замест Бялевіча стаў Аляксандр Вальковіч. Пазней міністрам замежных спраў замест Ладнова прызначаны Цвікевіч. У сувязі з заключэннем паміж Латвіяй і РСФСР мірнага дагавора латвійскі ўрад не мог даваць прытулак органам БНР.

У лістападзе 1920 года Рада Народных Міністраў пераехала ў сталіцу Літвы Коўна (Каўнас). На Першай Усебеларускай канферэнцыі 1921 года ў Празе, якая праходзіла 25—28 верасня, Рада Народных Міністраў была прызнаная адзіным законным органам выканаўчае ўлады ў Беларусі. 20 траўня 1922 года пачаўся ўрадавы крызіс у сувязі з тым, што на Генуэзскай канферэнцыі 1922 года па эканамічных і фінансавых пытаннях Ластоўскі і Цвікевіч прызналі права Літоўскай Рэспублікі на Вільню і Віленскі край.

11 кастрычніка 1922 года быў створаны сёмы ўрад БНР — Дзяржаўная калегія на чале з Пётрам Крачэўскім. 20 красавіка 1923 года Вацлаў Ластоўскі і Клаўдзій Дуж-Душэўскі выйшлі з гэтага органа. 20 жніўня 1923 года сфармаваны восьмы ўрад. У новую Раду Народных Міністраў БНР увайшлі Аляксандр Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Язэп Варонка (міністр асветы, неўзабаве выехаў у ЗША), Васіль Захарка (в. а. міністра фінансаў), Лявон Заяц (дзяржаўны кантралёр) і Уладзімір Пракулевіч (дзяржаўны пісар). Аднак гэты кабінет не лічыцца паўнамоцным, паколькі ў пратаколе аб’яднанага сходу Прэзідыума Рады БНР і ўрада адсутнічаюць подпісы сябраў Прэзідыума Палуты Бадуновай, Язэпа Мамонькі, і Навума Козіча. Рада Народных Міністраў была сфармаваная не пастановай Прэзідыума Рады БНР, яе склад прыняты «да ведама».

У сувязі з пагаршэннем адносін паміж беларускай палітычнай эміграцыяй і ўрадам Літвы 11 лістапада 1923 года Прэзідыум Рады БНР і ўрад пераехалі ў Прагу. Параза партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, які падтрымлівалі ўрады Ластоўскага і Цвікевіча, з аднаго боку, пэўныя поспехі новай эканамічнай палітыкі, беларусізацыі і ўзбуйненне БССР, з другога, нарадзілі ў асяроддзі беларускай палітычнай эміграцыі прасавецкія настроі. Аляксандр Цвікевіч выношваў ідэю стварэння альтэрнатыўнага Радзе БНР цэнтра эміграцыі. Пра ягоныя планы стала вядома ў савецкім Менску. Кіраўніцтва КП(б)Б, якое мела на мэце раздрабніць палітычную эміграцыю, уступіла ў кантакт з «групай Цвікевіча» і схіліла яго да роспуску ўрада БНР. Дзеля гэтага была запланаваная Другая Усебеларуская канферэнцыя ў Берліне. Перад канферэнцыяй Рада Народных Міністраў абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць». Такім чынам, Рада Народных Міністраў перастала існаваць. Аднак Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка не прызналі правамоцнымі акты Рады Народных Міністраў БНР.

Пасля канферэнцыі ў Берліне старшынёй Рады Народных Міністраў БНР стаў Васіль Захарка. У 1928—1943 гадах ён спалучаў гэтую пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сакавіка 1943 года да сакавіка 1946 года старшынёй Рады БНР і Рады Народных Міністраў БНР быў Мікола Абрамчык. З 21 чэрвеня 1948 года Рада Народных Міністраў БНР не фарміравалася.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]