Перайсці да зместу

Эканомія (зямельнае ўладанне)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Сталовы маёнтак)

Экано́мія (ад стар.-грэч.: οἰκονομία — «кіраванне гаспадаркай»), сталовы маёнтак — від дзяржаўнага зямельнага ўладання ў Вялікім Княстве Літоўскім[1].

Эканоміі былі вылучаны на падставе соймавай канстытуцыі 1589 года «Ардынацыя аб каралеўскіх прыбытках Вялікага Княства Літоўскага» з каралеўскіх і велікакняжацкіх уладанняў для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу[1].

Эканоміі мелі ўласнае адміністрацыйна-гаспадарчае кіраванне, падначаленае надворнаму падскарбію літоўскаму. У адрозненне ад эканомій, іншыя каралеўскія ўладанні перадаваліся старастам[1].

Для кантролю за станам эканомій у іх праводзіліся люстрацыі. Эканоміі падзяляліся на войтаўствы, ключы, губерні і лясніцтвы[1].

На Беларусі існавалі Берасцейская эканомія, Віцебская эканомія, Гарадзенская эканомія, Кобрынская эканомія, Магілёўская эканомія; у ЛітвеАліцкая эканомія і Шаўліская эканомія[1].

Пасля далучэння Беларусі і Літвы да Расійскай імперыі ў канцы XVIII стагоддзя эканоміі перайшлі ў царскую казну, частка з іх была падаравана прыватным асобам. У XVIII стагоддзі ў ВКЛ некаторыя стараствы таксама называліся эканоміямі (напрыклад, Полацкая эканомія, Віцебская, Слонімская і інш.)[1].

  1. а б в г д е ЭВКЛ 2005, с. 767.