Пладовыя целы буйныя (5-16 см вышынёй, 4-16 см шырынёй), шырокагрушападобныя або яйцападобныя, з асновай у выглядзе несапраўднай ножкі, зверху пляскатыя, ля асновы — акруглена-складкаватыя, з тоўстым міцэліяльным цяжам. Экзаперыдый спачатку белы, пры выспяванні шэра-карычневы, губчата-лямцавы ці бародаўчаты, хутка знікае. Эндаперыдый у выглядзе грубай паперы, шэра-карычневы, слаба блішчасты. Мякаць белая, складаецца з камер, з узростам распыльваецца. Спелае пладовае цела пасля разбурэння верхняй паловы эндаперыдыя мае выгляд кубка, напоўненага масай спор, якія разносяцца ветрам.