Ад блізкіх ёй кулікоў ціркушка знешне адрозніваецца кароткай дзюбай з вельмі глыбокім, як у ластаўкі, ротавым разрэзам (прыстасаванне для лоўлі насякомых у палёце). Даўжыня цела 18-20 см, маса 95-100 г, даўжыня крыла 18-20 см. Спіна шаравата-бурая. На горле і шыі спераду вохрыстая пляма, аблямованая чорнай палоскай, грудзі дымчатыя, брушка і верхнія покрыўныя пёры хваста белыя.
Пашырэнне: Еўразія, Афрыка, Аўстралія. У зоне стэпаў ад нізоўяў Дуная да перадгор'я Алтая. На паўночным захадзе арэал, як мяркуюць, прасціраецца да шыраты р. Прыпяць.
Гняздуецца ў мяшаных калоніях малых крачак і зуйкоў. Гнёзды — паглыбленні ў пяску без высцілкі. У кладцы 4 яйкі бруднавата-пясочнага колеру памерамі 32,5 x 24,9 мм. Свежыя кладкі ў першыя дні чэрвеня, наседжаныя — у сярэдзіне і другой палове чэрвеня, лётны маладняк у другой палове ліпеня.