У матылька размах крылаў да 42 мм у самак і 32 мм у самцоў. Колер крылаў карычнева-жоўты з цёмнай папярочнай паласой. Вусень даўжынёй да 55 мм, блакітнавата-шэры, з белымі і аранжавымі палосамі на спіне і блакітнымі на баках.
Пашыраны ў Еўразіі, на Беларусі звычайны від. Жывуць у лясах, садах, вусені — калоніямі ўнутры або на паверхні павуцінных гнёздаў паміж галін і на ствалах.
Вусені аб’ядаюць лісце, бутоны, кветкі. Акукліваюцца паміж лісця і ў расколінах кары. Самкі ў сярэдзіне лета адкладваюць да 400 яец у выглядзе кольца вакол тонкіх галінак (адсюль назва).