Перайсці да зместу

Бенджамін Лі Сміт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бенджамін Лі Сміт
англ.: Benjamin Leigh Smith
Нараджэнне 12 сакавіка 1828(1828-03-12)[1][2]
Смерць 4 студзеня 1913(1913-01-04)[2][3] (84 гады)
Бацька Benjamin Smith[d][4]
Маці Anne Longden[d][4]
Жонка Charlotte Annette Sellers[d][4]
Дзеці [Benjamin] Valentine Leigh Smith[d][4] і Philip Leigh-Smith[d][4]
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бэнджамін Лі Сміт (англ.: Benjamin Leigh Smith, 12 сакавіка 1828 — 4 студзеня 1913) — англійскі арыстакрат, падарожнік і яхтсмен, палярны даследчык. Сын і ўнук палітыкаў-радыкалаў, якія належалі да нонканфармісцкай царквы, брат суфражысткі Барбары Бадзішон. Пасля дазволу нонканфармістам навучацца ў Кембрыджскім універсітэце, скончыў Джызус-каледж, у 1856 годзе атрымаў ступень бакалаўра юрыспрудэнцыі, але ніколі не практыкаваў.

Атрымаўшы вялікую спадчыну, Лі Сміт паміж 1871 і 1882 гадамі распачаў пяць самастойных экспедыцый на Шпіцберген, Ян-Маен і Зямлю Франца-Іосіфа. Падчас плавання на Шпіцберген у 1872 годзе, падарожнік сустрэўся са шведскім палярнікам — баронам Нордэншэльдам, які планаваў адправіцца на Паўночны полюс. У 1873 годзе Лі Сміт даставіў яго камандзе свежыя запасы і дапамог вызваліцца з ільдоў. Падчас падарожжа 1880 года на яхце «Эйра» каманда ўдакладніла адкрыцці экспедыцыі Паера (было даследавана 110 міль новых узбярэжжаў) на Зямлі Франца-Іосіфа і ўпершыню высадзілася на мысе Флора. Падчас экспедыцыі 1881 года «Эйра» затанула ля мыса Флора, пасля змушанай зімоўкі каманда на шлюпках здолела ўлетку 1882 года без страт дасягнуць Новай Зямлі, адкуль была эвакуяваная суднамі, адпраўленымі на іх пошукі.

У 1874 годзе за выратаванне экспедыцыі Нордэншэльда палярнік быў узнагароджаны шведскім ордэнам Палярнай зоркі, а ў 1881 годзе Лі Сміт быў удастоены Залатога медаля заступнікаў Каралеўскага геаграфічнага таварыства. Яго імем названы Востраў Лі-Сміта на Зямлі Франца-Іосіфа і мыс і ледавік на Паўночна-Усходняй Зямлі. Нягледзячы на вялікія дасягненні, Лі Сміт быў сціплы, ніколі не выступаў публічна і не апублікаваў справаздач аб падарожжах. Кароткія нататкі аб яго экспедыцыях публікаваліся Клементам Маркемам у «Часопісе Каралеўскага геаграфічнага таварыства». Падарожнік быў забыты да часу смерці, першая яго біяграфія была надрукавана толькі ў 2013 годзе.

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. а б Benjamin Leigh Smith // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Bibliothèque nationale de France Benjamin Leigh-Smith // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  4. а б в г д Kindred Britain