Перайсці да зместу

Берлінская зялёная галава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Берлінская зялёная галава з калекцыі Егіпецкага музея і зборы папірусаў у Новым музеі ў Берліне

Берлінская зялёная галава (ням.: Berliner Grüner Kopf) — мужчынскі скульптурны партрэт з граўвакі шэра-зялёнага колеру вышынёй 21,5 см, адзін з найбольш вядомых узораў старажытнаегіпецкага мастацтва. Датуецца арыентыровачна 350 годам да н.э. і адносіцца да Позняга перыяду. Асоба намаляванага, як і імя аўтара, невядомыя. Скульптура была перададзена ў дар Егіпецкаму музею і збору папірусаў Джэймсам Сіманам і дэманструецца ў экспазіцыі Новага музея.

Партрэт сталага мужчыны з характэрным па сваёй будове чэрапам, глыбокімі маршчынамі ў вобласці вачэй, мясістымі, злёгку адвіслымі шчокамі і двайным падбародкам адрозніваецца рэалістычнасцю адлюстравання і стараннасцю шліфоўкі паверхні, уласцівай скульптурным працам Позняга перыяду. Лысы чэрап дазваляе выказаць здагадку, што адлюстраваны чалавек з'яўляецца жрацом. Рысы твару адрозніваюцца ад ідэалаў прыгажосці, прынятых у Старажытным Егіпце, што надае яму індывідуальнасць і сведчыць пра ўплыў старажытнагрэчаскага мастацтва. Тым не менш, скульптар застаўся верным старажытнаегіпецкім традыцыям і «сканструяваў» твар, а не выканаў партрэт з жывой мадэлі, паколькі абедзве паловы твару практычна сіметрычныя, а маршчыны на пераноссі і вакол вачэй, якія надаюць чалавеку хмурны погляд і суровае аблічча, прадуманы сістэматычна і перададзены ў дасканаласці.