Падляшскія мучанікі
Трынаццаць падляшскіх мучанікаў — сяляне-ўніяты в. Пратулін Сядлецкай губерні Расійскай імперыі (цяпер у Люблінскім ваяводстве, Польшча), якія загінулі 14 (26) студзеня 1874 года пры абароне сваёй царквы ад ператварэння яе ў праваслаўную ў час ліквідацыі Брэсцкай уніі на Падляшшы (у Царстве Польскім).
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
11(23) студзеня 1874 года 500 уніятаў в. Пратулін, узброеныя каламі, занялі абарону вакол царквы, каб не пусціць туды праваслаўнае духавенства. 14(26) студзеня да царквы былі накіраваны 2 роты салдатаў, якіх сяляне сустрэлі камянямі і каламі. Вайскоўцы ўжылі зброю, у выніку 9 чалавек сялян забіта, 14 цяжка параненыя (пазней 4 памерлі). Аналагічныя сутыкненні уніятаў з войскамі адбыліся ў вёсках Дралёва (загінула 5 чалавек) і Палубічы.
Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]
У 1875 годзе ў Парыжы ў іх гонар быў выбіты медаль з надпісам «Братам-русінам, замардаваным маскоўскім царызмам, за вернасць царкве і Польшчы. 1874» з імёнамі 18 уніятаў, забітых у Пратуліне і Дралёве. У 1991 годзе зроблена эксгумацыя, рэшткі забітых сялян перанесены ў парафіяльны касцёл у Пратуліне. 6 кастрычніка 1996 года 13 падляшскіх мучанікаў урачыста беатыфікаваны ў Рыме. Ад 1998 года ў Кастамлотах дзейнічае санктуарый падляшскіх мучанікаў.
Мучанікі[правіць | правіць зыходнік]
- Вінцэнт Леванюк, 25 гадоў, з Варобліна. Лічыўся пабожным і прывязаным да Царквы чалавекам. Першым згінуў падчас абароны святыні.
- Даніла Кармаш, 48 гадоў, жанаты. Як кіраўнік брацтва падчас абароны царквы ўстаў на чале з крыжам, які да сёння захоўваецца ў Пратуліне.
- Лукаш Бойка, 22 гады. Быў шляхетным чалавекам, карыстаўся павагай людзей. Падчас абароны біў у звон.
- Канстанцін Бойка, 49 гадоў, з Зачопкаў. Быў бедным селянінам і справядлівым чалавекам.
- Канстанцін Лукашук, 45 гадоў. Разам з жонкай выхоўваў 7 дзяцей. Шанавалі за пачцівасць.
- Барталамей Асыпюк, 30 гадоў. Быў узорным бацькам і мужам, глыбока веруючым чалавекам. Найбольш часу абараняў храм. Быў смяротна паранены.
- Аніцэт Грыцюк, 19 гадоў. За сваю надзвычайную пабожнасць і ласку параўноўваўся з Станіславам Косткам.
- Піліп Герылюк, 44 гады, з Зачопкаў. Быў пабожным чалавекам. Заахвочваў іншых да абароны царквы.
- Ігнат Франчук, 50 гадоў, з Дэрла. Найбольш вызначаўся верай. Пасля смерці Данілы Кармаша ўзяў крыж.
- Ануфры Васылюк, 21 год. Быў солтысам у Апочках. Карыстаўся людской павагай.
- Максым Гаўрылюк, 34 гады, з Дэрла. Памёр ад раны ў жывот.
- Ян Андраюк, 26 гадоў. Кантар у парафіі. Быў смяротна паранены.
- Міхал Ваўрынюк, 21 год, з Дэрла. Быў смяротна паранены.