Жук даўжынёй 18-28 мм. Верх чорны, ніз сіні або фіялетавы. Цела падоўжнае, надкрылы ўкарочаныя, прыкрываюць толькі два першыя тэргіты брушка. На галаве, пярэдняспінцы і задняй палове брушка залаціста-жоўтыя, на заднім краі пярэдняспінкі і пярэдняй палове брушка цёмныя валаскі, надкрылы з папярочнай перавяззю з шэра-жоўтых валаскоў. Ногі і вусікі чорныя.
Арэал: Паўднёвая, Заходняя і Сярэдняя Еўропа на поўнач да Брытанскіх астравоў і Скандынавіі (Данія і паўднёвая Швецыя). Каўказ, Турцыя, Іран, Казахстан. У Беларусі знойдзены ў Бярэзінскім запаведніку, наваколлі Мінска, Лагойска, Петрыкава.
Жыве на лугах, узлесках, выганах. Сустракаецца пад экскрэментамі, падаллю, на выцякаючым соку дрэў (пераважна бяроз).
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5