Перайсці да зместу

С’юзан Франсія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
С’юзан Франсія
Агульная інфармацыя
Пол жанчына[1][2]
Спецыялізацыя акадэмічнае веславанне
Нарадзілася 8 лістапада 1982(1982-11-08)[1][2] (41 год)
Грамадзянства
Альма-матар
Рост 188 см[1]
Вага 79 кг[1]
Афіцыйны сайт (англ.)

С’юзан Франсія (англ.: Susan Francia; нар. 8 лістапада 1982, Сегед, Венгрыя), уроджаная Жужанна Францыя (венг.: Zsuzsanna Francia) — амерыканская вяслярка венгерскага паходжання, якая выступала за зборную ЗША па акадэмічным веславанні ў перыяд 2005—2014 гадоў. Двухразовая алімпійская чэмпіёнка, пяціразовая чэмпіёнка свету, пераможца многіх рэгат нацыянальнага і міжнароднага значэння.

Дачка амерыканскага біяхіміка венгерскага паходжання Каталін Карыко і яе мужа Бела Франсія. У двухгадовым узросце пераехала на пастаяннае жыхарства ў ЗША, дзяцінства правяла ў горадзе Абінгтан (штат Пенсільванія). Вучылася ў мясцовай старэйшай школе, затым паступіла ў Пенсільванскі ўніверсітэт, дзе ў 2004 годзе атрымала ступені бакалаўра і магістра ў галіне крыміналогіі і сацыялогіі[3].

Займацца акадэмічным веславаннем пачала ў 2001 годзе падчас вучобы ва ўніверсітэце, была членам універсітэцкага вяслярнага клуба, рэгулярна прымала ўдзел у розных студэнцкіх спаборніцтвах. Пазней праходзіла падрыхтоўку ў вяслярным трэніровачным цэнтры Злучаных Штатаў у Прынстане[4].

Дэбютавала на міжнароднай арэне ў сезоне 2005 года, калі ўвайшла ў асноўны склад амерыканскай нацыянальнай зборнай і выступіла на некалькіх буйных рэгатах, у прыватнасці ў васьмёрках выйграла бронзавы медаль на этапе Кубка свету ў Мюнхене, заняла чацвёртае месца на сусветным першынстве ў Гіфу.

У 2006 годзе ў васьмёрках атрымала перамогу на чэмпіянаце свету ў Ітане.

У 2007 годзе ў той жа дысцыпліне перамагла на этапе Кубка свету ў Люцэрне і на сусветным першынстве ў Мюнхене.

Дзякуючы шэрагу ўдалых выступленняў атрымала права абараняць гонар краіны на летніх Алімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне. Разам з камандай, куды таксама ўвайшлі вясляркі Элеанор Логан, Ліндсэй Шуп, Ганна Гудейл, Ганна Камінс, Эрын Кафара, Кэралайн Лінд, Кэрын Дэвіс і рулявая Мэры Уіпл, атрымала перамогу ў васьмёрках, перасягнуўшы лодкі з Нідэрландаў і Румыніі, якія ішлі побач, амаль на дзве секунды — тым самым заваявала залаты алімпійскі медаль.

Пасля Пекінскай Алімпіяды Франсія засталася ў складзе вяслярнай каманды ЗША на яшчэ адзін алімпійскі цыкл і працягнула прымаць удзел у найбуйнейшых міжнародных рэгатах. У 2009 годзе на сусветным першынстве ў Познані яна двойчы падымалася на п’едэстал гонару: выйграла залатыя медалі ў рулявых васьмёрках і бязрульных двойках.

У 2010 годзе адзначылася перамогай у васьмёрках на этапе Кубка свету ў Люцэрне, а ў бязрульных двойках атрымала бронзу на чэмпіянаце свету ў Карапіры — прапусціла наперад толькі экіпажы з Новай Зеландыі і Вялікабрытаніі.

У 2011 годзе ў васьмёрках перамагла на сусветным першынстве ў Бледзе, стаўшы такім чынам пяціразовай чэмпіёнкай свету па акадэмічным веславанні.

Знаходзячыся ў ліку лідараў амерыканскай нацыянальнай зборнай, паспяхова прайшла адбор на Алімпійскія Гульні 2012 года ў Лондане. У васьмёрках сумесна з Элеанор Логан, Эрын Кафара, Эстэр Лофгрэн, Тэйлар Рытцэль, Меган Мусніцкі, Кэралайн Лінд, Кэрын Дэвіс і рулявой Мэры Уіпл заняла першае месца ў фінале, абагнаўшы бліжэйшых пераследніц з Канады больш чым на секунду, і дадала ў паслужны спіс яшчэ адзін залаты алімпійскі медаль[5].

У 2013 годзе вырашыла паспрабаваць сябе ў парных лодках, аднак нейкіх істотных поспехаў тут не дамаглася — у фінале чэмпіянату свету ў Чхунджу ў заліку парных чацвёрак прыйшла да фінішу толькі пятай.

На сусветным першынстве 2014 года ў Амстэрдаме заваявала срэбраны медаль у ворных бязрульных чацвёрках, саступіўшы на фінішы новазеландскім спартсменкам. Па заканчэнні гэтага сезона прыняла рашэнне завяршыць спартыўную кар’еру.

Пасля занялася трэнерскай дзейнасцю, праявіла сябе як прамоўца-натхняльнік.

Зноскі

  1. а б в г д Zsuzsanna Francia Праверана 7 студзеня 2020.
  2. а б Susan Francia Праверана 31 студзеня 2020.
  3. Susan Francia(недаступная спасылка). United States Olympic Committee (2008). Архівавана з першакрыніцы 15 жніўня 2008. Праверана 17 жніўня 2008.
  4. Susan Francia bio(недаступная спасылка). NBC. Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2008. Праверана 17 жніўня 2008.
  5. Женская восьмерка из США победила в гребле на Олимпиаде в Лондоне. Р-Спорт (2 жніўня 2012). Праверана 12 сакавіка 2019.