Удзельнік:Da voli/Піша прэс-рэлізы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

30 000 артыкулаў і 1-ае месца па звязнасці – бліскучыя дасягненні беларускай Вікіпедыі[правіць | правіць зыходнік]

На працягу апошняга года колькасць артыкулаў беларускага раздзела Вікіпедыі вырасла на 50 %. Надзвычай дынамічнае развіццё гэтага праекта у хуткім часе можа зрабіць Свабодную электронную энцыклапедыю самай вялікай энцыклапедыяй з усіх, якія мела дагэтуль беларуская нацыя.

Мінск, 15 чэрвеня 2011 г. – Беларускі раздзел Вікіпедыі альбо Свабоднай энцыклапедыі – http://be.wikipedia.org – папоўніўся 30-тысячным артыкулам. За некалькі дзён да гэтага беларуская Вікіпедыя заняла 1-ае месца сярод 280 іншых Вікіпедый света па такому крытэрыю, як звязнасць. Звязнасць – гэта злучанасць розных матэрыялаў энцыклапедыі паміж сабой. Сувязь адных артыкулаў з іншымі ажыццяўляецца з дапамогай спасылак, якія імгненна пераводзяць чытача на мэтавую старонку. Напрыклад, калі вас выштурхнула на артыкул пра зубра, то адным клікам мышы можна перайсці на звесткі пра Белавежскую пушчу, успомніць “Песню пра зубра” Міколы Гусоўскага ці даведацца пра баранаў, бізонаў, буйвалаў, муфлонаў і іншых жывел з сямейства пустарогіх. У папяровай версіі энцыклапедыі пра такія магчымасці толькі марылася.

Кожны беларус можа ганарыцца сёння тым, што ягоная “прастора” у звышпапулярнай Вікіпедыі вылучаецца сярод іншых сваёй добра адпрацаванай сістэмай навігацыі, размеркаванасцю артыкулаў па асобных тэмах, выдатнай структурай, упарадкаванасцю, цэласнасцю. У беларускім моўным раздзеле амаль не засталося ізаляваных артыкулаў, хаця год таму іх было звыш за 7 тысяч.

Значнае прыбаўленне ў якасці і колькасці “кантэнта” адбылося дзякуючы настойлівым і сістэматычным намаганням групы рэдактараў і аўтараў Вікіпедыі, што пішуць на роднай мове. Іх налічваецца каля 170 чалавек, і ўсе яны працуюць на добраахвотнай аснове, сабе ў задавальненне. Але любы чалавек, знаёмы з камп’ютарам, мае права далучыцца да іх ліку, бо Электронная энцыклапедыя – гэта адкрыты і вольны праект.

Дарэчы, Вікіпедыю можна смела лічыць адным з самых паспяховых некамерцыйных праектаў у свеце. Яе папулярнасць ставіць усё новыя рэкорды, мільёны людзей бясплатна атрымліваюць веды праз гэтую надзвычай зручную крыніцу інфармацыі. Шмат карыстальнікаў на ўсіх кантынетах ахвяруе грошы на падтрымку таго, каб Вікіпедыя не ўтрымлівала рэкламы, каб увесь накоплены запас чалавечых ведаў як мага хутчэй перакладаўся на ўсе мовы свету і каб скептыкі не мелі рацыі сумнявацца, што прырода чалавечай душы сапраўды высокародная. --Da voli 17:04, 11 чэрвеня 2011 (UTC)