Шматгадовая споравая расліна з цвёрдымі зімуючымі рабрыстымі сцёбламі вышынёй 6-30 см. Карэнішча моцна разгалінаванае, буравата-чорнае, часта ўтварае дзернавіну. Стробілы верхавінкавыя, даўжынёй да 5 мм, крыху таўсцейшыя за сцябло. Похвы вузкія чорныя; зубцы іх шырокаяйкападобныя, уверсе рэзка адцягнутыя ў асцюкаваты канец, з бурай сярэдняй лініяй і белым краем.
Спараносіць у красавіку-жніўні. Размнажэнне вегетатыўнае і споравае.
Насяляе арктычныя тундравыя і горныя раёны Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, у лясной зоне трапляецца рэдка як рэліктавая або заносная расліна. Расце невялікімі групамі і буйнымі курцінамі, нярэдка на значнай плошчы.
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5