Дзярнінкі звычайна акруглыя, густыя, карычнева-зялёныя або чырвона-бурыя, знізу чарнаватыя, густалямцавыя да асновы новых гадавых парасткаў. Сцябло прамастойнае, даўжынёй да 10 см, простае або з каляверхавінкавымі парасткамі. Лісце рыхла размешчанае, каля звужанай асновы акруглае або адваротнаяйкападобнае, раптоўна коратка і рэзка завостранае, на верхавінцы сцябла ў малалістай разетцы, шпатэлепадобнае, з выцягнутым вострым кончыкам; усё — з чырвона-бурай аблямоўкай. Жылка простая, бура-чырвоная, заканчваецца ў верхавінцы ліста або выступае з яго кончыка. Клеткі ліста авальна-6-вугольныя, пры аснове падоўжаныя. Каробачка на ножцы, павіслая, прадаўгаватая, жоўта-карычневая. Перыстом двайны. Вечка пуката-канічнае, з бародаўкай.
Аркта-альпійскі від з цыркумпалярным арэалам у паўночным паўшар’і, які ахоплівае арктычную, таежную і падтаежную зоны; на поўдні трапляецца ў гарах. У паўднёвым паўшар’і мае ізаляваны фрагмент арэала, які займае паўднёвую частку Паўднёвай Амерыкі. Знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах на паўднёвай мяжы пашырэння, трапляецца толькі ў заходніх раёнах Беларускага Паазер’я. Месцы росту: нізінныя, асакова-гіпнавыя балоты з удзелам у покрыве пуханосу альпійскага, часцей на берагах невялікіх азёр; трапляецца невялікімі групамі курцін на абмежаваных плошчах.
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5