Іосіф Каласанц

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Іосіф (Хасе) Каласанц, Святы Юзаф дэ Каласанс (155725 жніўня 1648) — каталіцкі святар, заснавальнік ордэна піяраў.

Нарадзіўся ў Іспаніі, у мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, у Каралеўстве Арагон. Распачаў навучанне ў калегіі ў Эстадзіла, пасля вывучаў права і філасофію ва ўніверсітэце ў Лерыда. Працягваў навучанне ў Валенсіі і Алькала-дэ-Генарэс.

У 1583 атрымаў святарскія пасвячэнні і распачаў душпастырскую працу. Спачатку — у якасці сакратара пры біскупе Каспары дэ ла Фігуэра, потым — як канонік Капітулы ва Ургелі, пробашч і эканом біскупа Андрэя Капілла.

Пасля абароны доктарскай дысертацыі ў галіне тэалогіі ў 1592 Іосіф дэ Каласанс накіраваўся ў Рым. Яго мэтай было атрыманне касцёльнага бенефіцыя. Аднак тут ён кардынальна змяняе свае планы. Прычынай былі асабістыя, унутраныя перажыванні. Вандруючы па бедным гарадскім раёне за Тыбрам, Іосіф дэ Каласанс сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся адкідамі грамадства. Каласанс вырашыў, што не вернецца ў Іспанію, а займецца гэтымі дзецьмі.

У 1597 ўзнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, школа без абмежаванняў, даступная для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцей і культур. Каласанс працаваў як настаўнік, выхавальнік, адміністратар. Да гэтай дзейнасці далучаюцца неўзабаве многія людзі, яны разам ствараюць супольнасць. Справа школаў развіваецца хутка і дынамічна — каралі шматлікіх грамадстваў, князі і мясцовыя рады звяртаюцца да Каласанса з просьбай прыслаць для працы братоў-манахаў. Школы ствараюцца ўжо не толькі ў Італіі ці Каралеўстве Неапаль, але таксама на Сіцыліі, Маравіі, у Польшчы, Іспаніі, у Германіі.

Апошнія гады жыцця Іосіфа дэ Каласанса былі сумнымі. Апостальская візітацыя (у выніку нявысветленых да канца абставінаў) прывяла да скасавання ордэна. Памёр Юзаф дэ Каласанс ноччу з 24 на 25 жніўня 1648. Праз 8 гадоў ордэн быў адноўлены.

У 1748 Іосіф дэ Каласанс беатыфікаваны, яшчэ праз нейкі час — кананізаваны. У 1948 папа Пій XII абвяшчае яго "апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце".

У Сеціве[правіць | правіць зыходнік]