Піяры

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Piarist.svg

ПІЯРЫ (лац.: patres scholarium piarum – айцы набожных школ), каталіцкі манаскі ордэн.

Ордэн піяраў заснаваны ў 1597 іспанскім святаром Іосіфам (Хасе) Каласанцам, у 1621 зацверджаны рымскім папай Грыгорыем XV. На чале ордэна стаялі генерал, 4 асістэнты і 4 кансультанты.

Мэтай піяраў было выхаванне і навучанне юнацтва праз стварэнне шырокай сеткі сваіх калегіумаў, а не палітычная ці місіянерская дзейнасць. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адміністрацыйнымі справамі) і прэфект (загадваў вучэбнай часткай). Вучэбны курс падзяляўся на 7 класаў: праформа (вучылі пісаць, чытаць і пачаткам арыфметыкі), інфіма (тыя ж самыя прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства), рыторыка (рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі мелі званне магістраў ці прафесараў. Навучанне было бясплатнае, плата бралася толькі за канвікт (інтэрнат). Найбольш збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але павінны былі выконваць шэраг прац па школьнай гаспадарцы.

Піяры ў Рэчы Паспалітай[правіць | правіць зыходнік]

У 1641 кароль Уладзіслаў IV папрасіў Каласанса прыслаць піяраў у Рэч Паспалітую, каб пазбавіцца ад манаполіі езуітаў у галіне адукацыі. У 1642 піяры прыбылі ў Варшаву. У 1736 у краіне былі створаны 2 правінцыі ордэна — Каронная (Польская) і Літоўская.

Падабенства вучэбнай праграмы піяраў на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навучальныя ўстановы папулярнымі. У 1722 віленскі біскуп К. К. Бжастоўскі запрасіў піяраў у Вільню, а мерацкі староста А. Сапега ахвяраваў ім палац і 2 іншыя мураваныя будынкі. Кляштары і рэзідэнцыі піяраў пры падтрымцы магнатаў і шляхты з'явіліся таксама ў Шчучыне (1726), Воранаве (1730, пераведзены ў 1756 у Ліду) і Геранёнах (1730), Зэльве (1739), Лужках (1741), Віцебску (1751), Драгчыне-Надбужскім (1773), дзе хутка ўтвараліся і калегіумы. Значныя перашкоды стварэнню сеткі піярскіх устаноў чынілі езуіты, якія бачылі ў піярах сваіх канкурэнтаў. Для павышэння канкурэнтаздольнасці піярскай адукацыі пад кіраўніцтвам правінцыяла Кароннай правінцыі С. Канарскага ў 1740-50-я г. праведзена рэформа піярскіх навучальных устаноў, у 1750-60-я г. яна закранула і Літоўскую правінцыю. Былі пашыраны курсы матэматыкі, прыродазнаўчых і свецкіх гуманітарных навук, уведзены французская і нямецкая мовы і інш. Выкладаць новыя прадметы павінны былі спецыяльна падрыхтаваныя асобы па новых падручніках (перакладзеных ці напісаных піярамі), тэрмін навучання складаў 6 гадоў. Значны ўплыў на вучэбныя праграмы піяраў у Рэчы Паспалітай зрабіла французская культура, шэраг прадметаў выкладаўся па-французску, лепшыя выхаванцы накіроўваліся на стажыроўку ў Францыю.

Пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў і стварэння Адукацыйнай камісіі піяры адыгралі вялікую ролю ў рэфармаванні сістэмы асветы краіны ў 1770-80-я г.: падрыхтавалі вялікую колькасць праектаў рэформ, пісалі падручнікі (А. Каменскі, А. Паплаўскі, М.Пракаповіч). За заслугі ў галіне адукацыі піярам было дазволена ў 1775 набываць новыя зямельныя ўладанні, у 1783 іх школы ў Польшчы вылучаны ў асобную акругу (вучылішчы піяраў у ВКЛ увайшлі ў яе склад у 1790). У канцы 18 ст. на тэрыторыі ВКЛ дзейнічала 18 кляштараў піяраў.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на далучаных да Расійскай імперыі землях створана Віленская навучальная акруга, у 1804 піярскія навучальныя ўстановы былі ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. Адкрываць новыя школы піярам не дазвалялася (выключэннем было заснаванне ў 1822 Полацкага вышэйшага піярскага вучылішча). Піярскія навучальныя ўстановы працягвалі займаць адно з вядучых месц у акрузе: у 1803 у піяраў вучыліся 1234 юнакі, у 1816 — 1245, у 1822 — 1401. Піяры займалі шэраг прафесарскіх пасад у Віленскім універсітэце: С. Юндзіл, Ф. Серафімовіч, Ф. Галанскі. У 1831-34 пасля паўстання 1830-31 навучальныя ўстановы піяраў былі пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены. Літоўская правінцыя пяіраў скасавана ў 1843.

Зноскі

А. Самусік. Піяры // ЭГБ, т. 5, с. 510.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]