Абарона Брэсцкай крэпасці, 1941
| Абарона Брэсцкай крэпасці | |||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Аперацыя «Барбароса» | |||||||
|
|||||||
| Бакі | |||||||
| Камандуючыя | |||||||
| Сілы бакоў | |||||||
| на пачатак штурму: 9000—11 000 |
на пачатак штурму: 17 000 |
||||||
| Страты | |||||||
| 2000 забітых, 7000 палонных, у тым ліку 100 афіцэраў |
467 забітых звыш 1000 параненых |
||||||
Абарона Брэсцкай крэпасці — абарона Брэсцкай крэпасці савецкімі войскамі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны (22 чэрвеня - канец ліпеня 1941). Абарона старой крэпасці стала ўзорам стойкасці і мужнасці.
На працягу тыдня гарнізон крэпасці стрымліваў націск 45-й нямецкай пяхотнай дывізіі, якую падтрымлівалі артылерыя і авіяцыя. Пасля агульнага штурму 29-30 чэрвеня немцам удалося авалодаць галоўнымі ўмацаваннямі. Пасля гэтага абаронцы крэпасці працягвалі змагацца на асобных участках ва ўмовах недахопу вады, харчавання, баепрыпасаў і медыкаментаў.
Змест |
[правіць] Пачатковая дыспазіцыя
Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралковых дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інжынернага палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей. Некаторыя часці або іх падраздзяленні знаходзіліся ў лагерах, на палігонах, на будаўніцтве ўмацаванага раёна. На час пачатку штурму ў крэпасці было ад 7 да 8 тыс. савецкіх воінаў, жыло 300 сем'яў ваеннаслужачых.
Штурмавалі крэпасць нямецкія 45-я пяхотная дывізія (каля 17 тыс. салдат і афіцэраў) ва ўзаемадзеянні з 31-й і 34-й пяхотнымі дывізіямі 12-га армейскага корпуса 4-й арміі, а таксама 2 танкавыя дывізіі 2-й танкавай групы Гудэрыяна пры падтрымцы авіяцыі і часцей узмацнення, якія мелі на ўзбраенні цяжкія артылерыйскія сістэмы. Паводле плана нямецкага камандавання авалодаць крэпасцю неабходна было да 12 гадзін дня 22.6.1941.
[правіць] 22 чэрвеня
У першыя гадзіны вайны Брэст і крэпасць былі падвергнуты масіраванаму артабстрэлу і авіябамбардзіроўцы. У выніку большасць складоў, іншых ваенных аб'ектаў, водаправод былі разбураны, перарвана сувязь; значная частка байцоў і камандзіраў выведзены са строю, гарнізон крэпасці расчлянёны на асобныя групы. Цяжкія баі разгарнуліся на граніцы, у горадзе і крэпасці.
Праціўнік ставіў за мэту, выкарыстаўшы раптоўнасць нападу, захапіць Цытадэль, потым іншыя ўмацаванні і прымусіць савецкі гарнізон да капітуляцыі. Перадавыя часці 45-й нямецкай дывізіі спрабавалі з ходу авалодаць крэпасцю. Упартае супраціўленне савецкіх воінаў і пагранічнікаў дало магчымасць раніцай 22 чэрвеня выйсці з крэпасці прыблізна палавіне асабовага складу ў раёны сканцэнтравання сваіх часцей, эвакуіраваць першых параненых. У крэпасці засталося 3,5-4 тыс. савецкіх воінаў.
У першы дзень баёў да 9 гадзін раніцы крэпасць была абкружана. Штурмавыя групы праз Цярэспальскае ўмацаванне і мост каля Цярэспальскіх варот прарваліся ў Цытадэль, захапілі будынак палкавога клуба (там пакінулі карэкціроўшчыкаў артылерыйскага агню). Адначасова развівалася наступленне ў напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот, каб злучыцца з групамі, што наступалі з боку Валынскага і Кобрынскага ўмацаванняў. На працягу першага дня абаронцамі адбіта 8 жорсткіх атак пяхоты, вораг выбіты з Цытадэлі; толькі нешматлікія нямецкія аўтаматчыкі ўкрыліся ў будынках клуба і сталоўкі начсаставу (на другі дзень былі знішчаны), якія потым не раз пераходзілі з рук у рукі. Праціўнік захапіў некалькі казематаў апусцелых казармаў 132-га батальёна. Амаль адначасова баі разгарнуліся на тэрыторыі ўсіх умацаванняў. Абаронцаў узначалілі камандзіры і палітработнікі, у асобных выпадках — радавыя байцы.
[правіць] 23-30 чэрвеня
Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. На тэрыторыі Цярэспальскага ўмацавання пагранічнікі ачысцілі ад праціўніка большую частку ўмацаванняў, аднак з-за недахопу боепрыпасаў і вялікіх страт утрымаць яе не маглі. У ноч на 25 і 30 чэрвеня яны групамі фарсіравалі Заходні Буг і далучыліся да абаронцаў Цытадэлі і Кобрынскага ўмацавання. На Валынскім умацаванні камандзіры арганізавалі абарону ў межах шпіталя, на астатняй тэрыторыі яна мела ачаговы характар і працягвалася да канца тыдня; некаторыя байцы ўліліся ў рады абаронцаў Цытадэлі, нямногія прабіліся з акружэння.
У Цытадэлі — самым буйным вузле абароны — да канца дня 22 чэрвеня вызначыліся асобныя ўчасткі абароны: у раёне Цярэспальскіх варот, у паўночнай частцы абарончай казармы, каля Брэсцкіх варот, у казарме 33-га асобнага інжынернага палка, у раёне Белага палаца, у раёне размяшчэння 84-га стралковага палка, будынку інжынернага ўпраўлення. 24 чэрвеня на нарадзе камандзіраў і палітработнікаў было вырашана стварыць зводную баявую групу. Паводле загаду №1 камандзірам групы прызначаны капітан І. Зубачоў, яго намеснікам — палкавы камісар Я. Фамін. Практычна яны змаглі ўзначаліць абарону толькі ў Цытадэлі. Паводле рашэння камандавання былі зроблены спробы прарваць кальцо акружэння, аднак беспаспяхова.
На Кобрынскім умацаванні ў раёне Заходняга фронту і дамоў начсаставу абарона працягвалася 3 дні. У раёне Усходніх варот амаль 2 тыдні змагаліся байцы 98-га асобнага процітанкавага артылерыйскага дывізіёна. У паўночнай частцы галоўнага вала і ў раёне Паўночных варот 2 дні стрымлівалі ворага савецкія воіны, а потым адышлі ва Усходні рэдзюіт (форт), дзе абарону трымалі байцы 393-га асобнага зенітна-артылерыйскага дывізіёна, 333-га стралковага палка, воіны іншых часцей (каля 400 байцоў і камандзіраў) пад кіраўніцтвам маёра П. Гаўрылава.
У поўным акружэнні, пры нястачы вады, прадуктаў, боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6-8 атак за дзень. Разам з байцамі былі жанчыны і дзеці.
Да канца чэрвеня гітлераўцамі захоплена большая частка тэрыторыі крэпасці. 29 і 30 чэрвеня вёўся бесперапынны 2-сутачны штурм з выкарыстаннем 500- і 1800-кілаграмовых авіябомбаў. У выніку кровапралітных баёў і вялікіх страт абарона распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення.
[правіць] Ліпень
Да 12 ліпеня ва Усходнім форце вяла баі група савецкіх байцоў. Пазней, вырваўшыся з форта, яна змагалася ў капаніры за знешнім валам умацавання. Цяжка параненыя П. Гаўрылаў і зампалітрука Р. Дзеравянка трапілі ў палон 23 ліпеня. Савецкія воіны працягвалі змагацца і пасля 20 ліпеня. Пра апошнія дні барацьбы вядома мала. Да гэтых дзён адносяцца надпісы, што пакінулі на сценах крэпасці яе абаронцы: «Памром, але з крэпасці не пойдзем», «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.VII.41 г.».
[правіць] Ушанаванне памяці
Удзельнікі абароны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена П. Гаўрылаву і начальніку 9-й пагранзаставы А. Кіжаватаву. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». На тэрыторыі крэпасці створаны Музей Брэсцкай крэпасці-героя, адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой; адна з вуліц горада названа вуліцай Герояў абароны Брэсцкай крэпасці.
[правіць] Літаратура
- Р. Алиев. Штурм Брестской крепости. М.: ЭКСМО, 2010.
- Ганцэр Крыстыян. Памяць і забыццё: ушанаванне герояў Брэсцкай крэпасці. В: Сіябган Дусэт, Андрэй Дынько, Алесь Пашкевіч (ред.): Вяртанне ў Еўропу: Мінулае і будучыня Беларусі. Варшава 2011, стр. 141-147.
- Ходцава Т. Брэсцкай крэпасці абарона // ЭГБ у 6 т. Т.2. - Мн., 1994.
- Ganzer Christian. Czy "legendarna twierdza" jest legendą? Oborona twierdzy brzeskiej w 1941 r. w świetle niemeckich i austriackich dokumentów archiwalnych. In: Wspólne czy osobne? Miesca pamięci narodów Europy Wschodniej. Białystok/Kraków 2011, S. 37-47.
- Ganzer Christian, Paškovič Alena. „Heldentum, Tragik, Kühnheit.“ Das Museum der Verteidigung der Brester Festung.“ In: Osteuropa 12/2010, S. 81-96. [1]