Анакруза

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Анакру́за (стар.-грэч.: ἡ ἀνάκρουσις — адштурхоўванне, крок назад) — ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым метрычным націскам. У сілаба-танічным вершы ў залежнасці ад характару метра анакруза бывае нулявой (харэй, дактыль), аднаскладовай (амфібрахій) і двухскладовай (анапест). Анакруза ў вершы мае вялікае рытмічнае значэнне. Паколькі ўнутраная структура роднасных памераў (двухскладовых, з аднаго боку, і трохскладовых — з другога) аднолькавая, то яны адрозніваюцца па сутнасці толькі анакрузай. На гэтым засноўваецца існаванне радковых лагаэдаў — двухскладовых і тро'складовых памераў з раўнамерным чаргаваннем анакрузаў:

Сонца штораз больш у жылах кроў агніць,
Калені штораз больш ласкоча нам трава,
Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сніць,
Жаданнем забыцця п'янее галава.
(Я. Купала «Яна і я»)

Часам анакруза дапамагае вылучыць пэўнае слова ў пачатку вершаванага радка. Гэта здараецца тады, калі сярод аднатыпных анакрузаў з'яўляецца анакруза іншага віду. Найбольш відазмяняе рытмічны малюнак верша нераўнамернае паўтарэнне анакрузаў. Некаторыя даследчыкі тэрмін «анакруза» ўжываюць толькі ў дачыненні да звышсхемных ненаціскных складоў у пачатку радкоў, што, у прыватнасці, назіраецца ў чацвёртым радку першага чатырохрадкоўя верша М. Багдановіча «Купідон» (тут у стапе ямба лішні ненаціскны склад):

Ад спомінаў дзіцячых лет
У маёй душы астаўся след.
Я помню, як бывала рада
Маё сэрца плітцы шакалада.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]