Янка Купала

З пляцоўкі Вікіпедыя.

Перайсці да: рух, знайсці
Янка Купала

Янка КУПАЛА (сапр.: Іван Дамінікавіч ЛУЦЭВІЧ; 25 чэрвеня(7 ліпеня) 1882, фальв. Вязынка (цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць) – 28 чэрвеня 1942, Масква; Псеўданімы і крыптанімы: Адзін з "парнаснікаў"; Вайдэльота; Здарэнец; Левы; Марка Бяздольны; Ня-Гутнік; Стары Мінчук; Янук з-пад Мінска; Янук Купала; К.; І.К.; Я.К.; К-а; Л.; І.Л.; Л.І.), беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН БССР (1928), АН УССР (1929).

[правіць] Жыццяпіс

Янка Луцэвіч нарадзіўся ў фальварку Вязынка Вілейскага павета ў сям'і арандатара. У 1898 скончыў Беларуцкую народную вучэльню. Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшы прыказчык у памешчыка ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкант і памочнік вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладэчаншчыне, у маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павета (1905-1908), супрацоўнік "Нашай нівы" і адначасова бібліятэкар бібліятэкі "Веды" Б.Л.Даніловіча (Вільня, 1908-1909). У 1909-1913 вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А.С. Чарняева ў Пецярбургу. З кастрычніка 1913 зноў у Вільні, супрацоўнік "Беларускага выдавецкага таварыства", рэдактар "Нашай нівы" (1914-1915). У верасні 1915 выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. У студзені 1916 прызваны ў армію. Служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. У 1919 пераехаў у Мінск, дзе і жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Янка Купала ўдзельнічаў у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Акадэміі навук БССР, у разгортванні выдавецкай справы.

Неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям. У 1921 на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваны рукапісы. У 1930 былі раскулачаны маці і сястра паэта. Янка Купала выклікалі на допыты ў ДПУ; яму інкрымінавалася лідэрства ў "Саюзе вызвалення Беларусі". 20.11.1930 пасля гутарак у ДПУ Янка Купала зрабіў спробу самагубства, але быў выратаваны. У снежні 1930 быў вымушаны апублікаваць у "Звяздзе" пакаянны ліст, у якім прызнаваўся ў памылках і шкодных поглядах. У 1937 над паэтам чарговы раз навісла пагроза арышту - яго імя апынулася ў спісе мяркуемых ахвяр. Арышту ўдалося пазбегнуць.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Янка Купала жыў у Маскве, у пасёлку Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў у Маскве (гасцініца "Масква") пры нявысветленых абставінах - упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха. Існуе тры версіі - няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. У ліпені 1962 урна з прахам Янкі Купалы перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках.

[правіць] Творчасць

Першыя творы Купалы — некалькі польскамоўных сентыментальных вершаў, надрукаваныя ў 19031904 у часопісе «Ziarno» пад псеўданімам К-а. Першы верш на беларускай мове — "Мая доля" датуецца 15.7.1904. Беларускамоўны дэбют у друку — публікацыя 15.5.1905 у газеце "Северо-Западный край" верша "Мужык". Дэбют у беларускамоўным друку прэсе — верш "Касцу" ("Наша ніва", 11.5.1907), летам 1907 у "Нашай ніве" з'яўляюцца і іншыя творы Я. Купалы. Раннім вершам Я. Купалы уласціва падабенства да фальклору і беларускай паэзіі 19 ст. На працягу 19061907 Я. Купала напісаў паэмы "Зімою", "Нікому", "Адплата каханнем", 18.12.1908 у "Нашай ніве" апублікавана паэма "У Піліпаўку", у тым жа годзе скончана праца над паэмамі "Адвечная песня" і "За што?", тэмай твораў — сацыяльны прыгнёт.

У 1908 пецярбургскае выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца" выпусціла першы зборнік паэта "Жалейка", у 1913 - зборнік "Шляхам жыцця". Зборнік вершаў "Гусляр" (1910) выдадзены ў Пецярбургу А.Грыневічам.

У савецкі час выйшлі кнігі паэзіі "Спадчына" (1922), "Безназоўнае" (1925), "Апавяданні вершам" (у 2 кнігах, 1926), паэмы "Магіла льва" (1927), "Над ракою Арэсай" (1933), "Курган" (1987), зборнікі "Адцвітанне" (1930), "Песня будаўніцтву" (1936), "Беларусі ардэнаноснай" (1937), "Ад сэрца" (1940), "Беларускім партызанам" (вершы і артыкулы, Масква, 1942), кнігі выбраных вершаў, паэм, Зборы твораў у 6-ці (1925-1932), 3-х (1928-1932), 6-ці (1951-1954, 1961-1963), 7-мі (1972-1976) тамах. Многія вершы пакладзены на музыку. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы "Хлопчык і лётчык", "Алеся" і інш.

Аўтар драматычных паэм "Адвечная песня" (Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921) і "Сон на кургане" (Пецярбург, 1912, пастаўлена ў 1928), п'есы "Паўлінка" (Пецярбург, 1913, пастаўлена ў 1913, у 1952 па спектаклю тэатра імя Я. Купалы створаны аднайменны кінафільм, у 1973 - аперэта), драматычнай паэмы "На папасе" (1913, ставілася самадзейнасцю), драмы "Раскіданае гняздо" (Вільня, 1919, пастаўлена ў 1917, аднайменны кінафільм - у 1982), сцэнічнага жарту "Прымакі" (1920, ставіўся самадзейнасцю ў 20-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936), п'есы "Тутэйшыя" (1924, пастаўлена ў 1926), драматычнага абразка "На Куццю" (Вільня, 1928).

У 1989 выйшлі "Паэмы. Драматычныя творы", уключаны трагікамедыя "Тутэйшыя", паэмы "Калека", "На Куццю" і іншыя творы, якія доўгі час былі забаронены.

Я. Купала выступаў як публіцыст і літаратурны крытык. У 1972 выйшла кніга "Публіцыстыка".

Купала пераклаў на беларускую мову "Слова аб палку Ігаравым" (прозай і вершам), міжнародны пралетарскі гімн "Інтэрнацыянал", польскі тэкст у п'есах В. Дуніна-Марцінкевіча "Ідылія" і "Залёты", лібрэта оперы "Галька" С. Манюшкі, паэму А. Пушкіна "Медны коннік", шэраг вершаў і паэм Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М. Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага, П. Панча і інш.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік "Ад сэрца".

[правіць] Бібліяграфія

  • Зб. тв. Т. 1-7. Мн., 1972-1976;
  • Поўны зб. тв.: У 9 т. Т. 1-8. Мн., 1995-2002;
  • Спадчына. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1955.

Літ.:

Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1986.  Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998.  Сачанка Б. "Сняцца сны аб Беларусі...": Загадка смерці Янкі Купалы // ЛіМ. 1988. 19, 26 жн.  Сачанка Б. "У сведкі запісы пакліча..." // ЛіМ. 1989. 20 студз.  БП, т. 3.

[правіць] Крыніцы

  • Беларускія пісьменнікі: 1917-1990 / Укл.: А. Гардзіцкі. – Мн: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9

[правіць] У Сеціве