Аўтаномная нервовая сістэма

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сімпатычны (паказаны чырвоным) і парасімпатычны (паказаны сінім) аддзелы аўтаномнай нервовай сістэмы

Аўтаномная (вегетатыўная) нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы арганізма; кантралюе работу сэрца і сасудаў, унутраных органаў і залоз унутранай сакрэцыі, рэгулюе абменныя працэсы, рост і размнажэнне. Яна прадстаўлена двума ўзаемадзейнымі аддзеламі — сімпатычным і парасімпатычным. Дзякуючы іх сумеснай дзейнасці забяспечваюцца неабходныя для існавання клетак умовы.

Агульны план будовы[правіць | правіць зыходнік]

Аўтаномная нервовая сістэма кіруе жыццёва важнымі працэсамі абмену рэчываў, работай сэрца, гладкай мускулатуры полых унутраных органаў і сасудаў, розных залоз. Зыходзячы з будовы і фізіялагічных асаблівасцей, аўтаномную нервовую сістэму падзяляюць на сімпатычны і парасімпатычны аддзелы. I той, і другі маюць падобную будову: яны падзяляюцца на цэнтральную і перыферычную часткі. Цэнтральная частка размешчана ў межах цэнтральнай нервовай сістэмы. Перыферычная частка складаецца з нервовых вузлоў (гангліяў) і нервовых валокнаў.

У адрозненне ад саматычнай нервовай сістэмы, дзе нервовыя валокны тоўстыя і пакрыты спецыяльнай абалонкай, валокны аўтаномнай нервовай сістэмы ў большасці сваёй тонкія. Хуткасць распаўсюджвання па іх узбуджэння не перавышае 18 м/с, тады як па саматычных нервах яна можа дасягаць 120 м/с. Цэнтральная частка сімпатычнага аддзела аўтаномнай нервовай сістэмы прадстаўлена целамі нейронаў, лакалізаваных у грудных і паяснічных сегментах спіннога мозга; перыферычная — парнымі сімпатычнымі стваламі, размешчанымі па абодва бакі ад пазваночніка. Кожны ствол утвораны сімпатычнымі вузламі (гангліямі), злучанымі адзін з адным.

Аксоны сімпатычных нейронаў спачатку ў саставе пярэдніх карэньчыкаў, а затым у выглядзе асобнай галіны накіроўваюцца да сумежнага ствала, у гангліях якога ажыццяўляецца пераключэнне ўзбуджэння на другую нервовую клетку. Ад яе нервовы імпульс ідзе да рабочага органа. Шлях ад спіннога мозга да сімпатычнага ганглія называюць прэгангліянарным (гэтак жа называецца і нейрон, ад якога гэты шлях пачынаецца), а шлях ад ганглія да рабочага органа — постгангліянарным.

Частка перыферычных, або постгангліянарных, нейронаў ляжыць не ў гангліях сімпатычных ствалоў, а ў вегетатыўных нервовых спляценнях, якія размяшчаюцца паблізу ад унутраных органаў (напрыклад, сонечнае спляценне).

Шлях ад цэнтра ў спінным мозгу да таго органа ў аўтаномнай нервовай сістэме, які інервуецца, складаецца з двух нейронаў. Гэта ключавое адрозненне аўтаномнай нервовай сістэмы ад саматычнай. У саматычнай рэфлекторнай дузе аксон рухальнага нейрона ў саставе нерва даходзіць непасрэдна да рабочага органа.

Агульная арганізацыя парасімпатычнага аддзела аўтаномнай нервовай сістэмы падобна да арганізацыі сімпатычнага. Яе цэнтральная частка ўтворана целамі прэгангліянарных нейронаў, размешчаных у сярэднім, прадаўгаватым і спінным мозгу (крыжавыя сегменты).

Целы постгангліянарных нейронаў знаходзяцца ў вузлах нервовых спляценняў, якія ляжаць паблізу або ўнутры органаў, што імі інервуюцца. Постгангліянарныя парасімпатычныя валокны падыходзяць да вочных мышцаў, слёзных і слінных залоз, мускулатуры і залоз стрававальнага тракта, да трахеі, гартані, лёгкіх, сэрца, мочапалавых органаў.

У аўтаномнай нервовай сістэме перадача праз сінапсы ажыццяўляецца з дапамогай двух медыятараў.

Функцыі[правіць | правіць зыходнік]

Аўтаномная нервовая сістэма забяспечвае падтрыманне пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма праз рэгуляцыю работы ўнутраных органаў, сэрца і сасудаў. Яна прыстасоўвае іх дзейнасць да зменлівых умоў асяроддзя і патрэб арганізма, рэгулюе абмен рэчываў, ажыццяўляе яго карэкцыю.

Унутраныя органы і сэрца валодаюць двайной інервацыяй: да кожнага з іх падыходзяць сімпатычныя і парасімпатычныя нервовыя валокны. Яны аказваюць процілеглы ўплыў. Так, сімпатычныя нервы ўзмацняюць і паскараюць работу сэрца, а парасімпатычныя (напрыклад, блукаючы нерв) — запавольваюць рытм і сілу яго скарачэнняў. Выключэнне складаюць крывяносныя сасуды — яны маюць толькі сімпатычную інервацыю.

Сімпатычны аддзел аўтаномнай нервовай сістэмы стварае ўмовы для інтэнсіўнай дзейнасці арганізма, асабліва ў экстрэмальных умовах, калі трэба напружанне ўсіх сіл. Парасімпатычны (сістэма «адбою») — зніжае ўзровень актыўнасці, садзейнічае ўзнаўленню патрачаных арганізмам рэсурсаў. Абодва аддзелы аўтаномнай нервовай сістэмы ўзаемадапаўняюць адзін аднаго і падпарадкаваны вышэйшым цэнтрам, размешчаным у гіпаталамусе. Менавіта гіпаталамус адыгрывае вядучую ролю ў рэгуляцыі вегетатыўных функцый. Ён узгадняе работу аўтаномнай нервовай сістэмы з дзейнасцю эндакрыннай і саматычнай сістэм.

Практычна ўсе функцыі нервовай сістэмы ажыццяўляюцца шляхам ўзаемадзеяння працэсаў узбуджэння і тармажэння. Як правіла, узбуджэнне ў адных цэнтрах суправаджаецца тармажэннем у другіх, і наадварот. Тармажэнне выконвае ахоўную ролю, абараняючы нервовыя клеткі ад перанапружання і разбурэння. У здаровым арганізме гэтыя працэсы дакладна ўзгоднены і забяспечваюць аптымальнае функцыянаванне арганізма.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М.В.Машчанка, А.Л.Барысаў; пер. з рус. мовы В.У.Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]