Гара Рамбінас

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Рамбінас, Рамбін (літ.: Rambinas) — пагорак ў Літве на правым беразе Нёмана супраць г. Неман (да 1946 г. — Рагніт) Калінінградскай вобласці. На паўднёва-заходнім краю грады Вількішкяй. Вышыня 46 м.

Стары Рамбінас[правіць | правіць зыходнік]

Размешчаная ў сярэдзіне племянной тэрыторыі скалваў гара Рамбінас была іх культавым цэнтрам. Паводле Дусбурга, у 1220 годзе на гэтыя мясціны здзейснілі паход рускія князі, ваколіцы разарылі, а гару (у Дусбурга — Ramiga) доўга трымалі ў аблозе, але ўзяць не здолелі. Быццам у гарадзішчы на гары быў стаў памерам 20 на 20 крокаў, дзе было шмат рыбы і яна не выводзілася, што і дапамагло скалвам. Дусбург лічыў гэта цудам, хоць скалвы і былі паганцамі.[1]

У 1277 годзе войскі Ордэна раптоўна з'явіліся пад Рагнітай, захапілі і спалілі яе. Адразу па гэтым немцы пераправіліся праз Нёман, захапілі і разбурылі гарадзішча на Рамбінасе (Рамізе, паводле Дусбурга). Дусбург кажа, што літоўцы лічылі гару месцам знаходжання багоў, на яе верхавіне быў вялізны камень-алтар, а побач з Рамбінасам святы гай.[1]

Святой гарой лічыўся Рамбінас у народзе і ў XVI ст. У XVIII ст. маладыя, пашлюбіўшыся, ішлі на гару з кветкамі, пакідалі ахвяру. У пачатку ХІХ ст. на гары знаходзілі залатыя ланцугі, паясы, бранзалеты і срэбныя міскі — мяркуюць, гэта маглі быць упрыгожванні рамбінскіх жрацоў і посуд на ахвяры.[2]

Рамбінас лічылі прадказальнікам надвор'я. Гліняныя і вапнавыя часцінкі ў грунце назапашвалі вільгаць, і пры змене надвор'я колер голых схілаў гары мяняўся. На сухое надвор'е гара рабілася светла-жоўтай, на дождж — цёмна-чырвонай і ахутвалася туманам. Над Рамбінасам мянялі кірунак вятры.[2]

Яшчэ і на пачатку XIX ст. на гары ляжаў вялікі святы камень згаданы калісьці Дусбургам. Дыяметрам у 10 метраў, па вышыні ён быў скошаны — 2,5 м з паўночнага боку, 1,5 м з паўднёвага. Павернуты паверхняй да сонца, камень адбіваў яго промні і на світанку і надвячоркам рабіўся залацістым. На камяні былі адмеціны чалавечай далоні і ступні, звярыных лапаў, а таксама выбіты меч. Паводле падання, шчасце не пакіне краю, пакуль ляжыць камень, а калі камень хто-небудзь возьме, то гара зруйнуецца.[2]

У 1811 годзе нямецкія каланісты, млынар Шварц з памочнікамі, раскалолі святы камень, а з буйнейшага кавалка Шварц зрабіў жорны для свайго млына. Паводле мясцовага падання, рамбінскія лаўмы паказаліся тады немцам і прасілі гэтага не рабіць, а калі іх не паслухалі, развіталіся з гарой, селі ў човен, пераплылі Нёман і праклялі злачынцаў. Неўзабаве Шварца знайшлі расціснутым паміж зубамі яго млына.[2]

У 1835 годзе ў Нёман абвалілася частка гары, дзе ляжаў камень і была акружаная з чатырох бакоў валамі пляцоўка. У 1878 годзе рака знесла апошнія рэшткі гары. З таго часу Рамбінасам пачалі зваць такі ж высокі пагорак побач.[2] У 1928 годзе Нёман падмыў рэшткі старога Рамбінаса.

Новы Рамбінас[правіць | правіць зыходнік]

Від на Нёман з Рамбінаса

З 1881 года літоўнікі пачалі ладзіць на Рамбінасе шматлюдныя купальскія святкаванні. Штогод на Купалле на гару з'язджаюцца тысячы чалавек. У вёсцы Біцяны, каля падножжа гары, друкарню і вялікі склад літоўскага друку ў сваёй сядзібе меў Марцінас Янкус. Яго сядзібу каля Рамбінаса ў Літве называлі «Меккай кніганошаў». Распаўсюджанне літоўскай літаратуры ішло паўз Рамбінас, адсюль у тады расійскую Літву неслі кніганошы літоўскія кнігі. У 1895 г. на гары прайшло першае літоўскае свята песні, ініцыятарам якога быў культурны дзеяч Малой Літвы, хармейстар, пісьменнік і мысляр Відунас. На 500-годдзе Грунвальда (1910) на Рамбінасе ўрачыста пасадзілі дубок, карані якога засыпалі жменямі зямлі, прывезенай прадстаўнікамі з розных мясцінаў Малой Літвы.[2]

У гонар 10-годдзя незалежнасці Літвы (1928) М. Янкус ставіць на Рамбінасе алтар, каб паліць святы агонь. Алтар быў змураваны з камянёў на ўзор «печкі», у нішы якой палаў агонь — каб не заліў дождж. На алтар зверху ўсталявалі пляскаты валун — кутні камень з-пад роднай хаты Янкуса, разбуранай у 1-ю сусветную вайну. На гэтым камяні з адваротнага ад агню боку выбілі «Калюмны». Камень на Рамбінас цягнулі чатырма коньмі. Тады ж Янкус пачынае весці «Вечную кнігу гары Рамбінас» (цяпер захоўваецца ў літоўскай Нацыянальнай бібліятэцы, важыць амаль 20 кг, найбуйнейшая кніга ў Літве). Першым, на Купалле 1928 года, у кнізе зрабіў запіс мысляр Відунас. У кнігу запісваліся ўсе наведвальнікі Рамбінаса, сярод іх было шмат замежных дыпламатаў. У міжваеннай Літве быў звычай, каб замежныя паслы, пасля прадстаўлення прэзідэнту, ехалі на Рамбінас, да Янкуса. Таму Янкуса называлі таксама «Малым, або Другім прэзідэнтам Літвы».[2]

Ці не самым памятным быў візіт на Рамбінас намесніка Генеральнага сакратара Лігі Нацый японца Ятары Сугімуры (Yotaro Sugimura) у 1929 годзе. Тады дачка Янкуса Эльза ў вобразе жрыцы-вайдэлоткі прывяла Сугімуру да прысягі богу Пяркунасу, ён пакляўся, што ў Лізе Нацый будзе заўсёды стаяць за справы Літвы і рабіць што толькі зможа, каб Вільню вярнулі Літве.[2]

Пасля перадачы Літвой у 1939 годзе Мемельскага краю Германіі, М. Янкус выехаў да Коўна, вязучы з сабой «Вечную кнігу гары Рамбінас». Алтар Янкуса на гары быў знішчаны. Пасля 2-й сусветнай вайны, у савецкай Літве ахвярнік на гары аднавілі — змуравалі у чалавечы рост з камянёў. Каля алтара ляжаў камень Янкуса з «Калюмнамі». З 1990-х рамбінскі алтар рэгулярна запальваўся, на гары збіраліся сябры Таварыства літоўнікаў, праводзіліся абрады ўшанавання гары, агню і продкаў.[2]

У 2011 годзе, на Купалле, на месцы алтара ўрачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю — тры рознага памеру па-мастацку апрацаваныя камяні, якія сімвалізуюць старажытную трыяду прускіх багоў — Патрымпса, Пяркунса і Паталса (у літоўцаў Дзіевас, Пяркунас, Велінас). Побач з камянямі металічны пялёстак, каб паліць на ім невялікі агонь. Аўтар кампазіцыі — вядомы скульптар Рэгімантас Мідвікіс, які кансультаваўся з археолагам В. Вайткявічусам. Адбылося гэта ў рамках праграмы ўпарадкавання аб'ектаў значных для турызму, якая фінансавалася Еўрасаюзам. Змены былі ўспрыняты не адназначна, чуваць галасы незадаволеных парушэннем сакральнай прасторы, бо ў намоленым месцы з'явіліся тлумачальныя стэнды, пазначаныя сцежкі, сметніцы.[2]

Цяпер гара знаходзіцца на тэрыторыі створанага ў 1992 годзе рэгіянальнага парку «Рамбінас». Назва гары выкарыстоўваецца для наймення прадуктаў (сыр «Рамбінас», веласіпед «Рамбінас»), прадпрыемстваў і ўстаноў.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Петр из Дусбурга. Хроника…
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 2,8 2,9 Мікус А. Сэрца…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мікус А. Сэрца Прускай Літвы // «Новы Час», № 30 (302). 27 ліп. 2012.
  • Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. — М.: Ладомир, 1997.