Перайсці да зместу

Гіпацэнтаўр (герб)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Герб «Гіпацэнтаўр»)
Адмена герба Гіпацэнтаўр, якой карыстаўся род Гедройцаў.

«Гіпацэнтаўр», «Кітаўрус» — літоўскі прыватнаўласніцкі герб, які выяўляе кентаўра (каня, у якога галава, грудзі і рукі чалавека).

У агульнапрынятай форме герба, вядомай з пачатку 16 ст.[1], кентаўр гэты мае замест хваста пашчу цмока альбо змяі, якую паражае страла, выпушчаная з лука рукамі самой жа істоты[2]. Колер поля бываў розным: так, для Кітаўруса Гедроўцаў гербоўнікі занатоўваюць срэбнае поле, а на каляровай выяве герба біскупа Паўла Гальшанскага, зробленай у 16 ст., Кітаўрус змешчаны на зялёным пагорку ў сінім полі.

Найстарэйшыя выявы гэтага герба, якія дайшлі да нашага часу, змешчаны на пячатках Сямёна Іванавіча і Міхаіла Іванавіча Гальшанскіх з 1422 (пры дакументах Мельніцкай дамовы) — абодва гэтыя кентаўры ўзброеныя, але ні адзін з іх не лукам. Паводле опісу 16 ст., згубленая на сённяшні дзень пячатка Сямёна Іванавіча з 1388 таксама мела выяву кентаўра[3]. Акрамя Гальшанскіх, гербам і яго адменамі карысталіся Гарнастаі, Гедройцы, Свірскія, Сесіцкія і інш.

У легендзе аб Палемоне Кітаўрус названы сярод гербаў, прынесеных продкамі літоўскай арыстакратыі з Рыму. Да князёў гэтага герба легенда залічвае не толькі міфічных Гольшу, Гедруса і інш., але і шэраг несумненна гістарычных асоб, у прыватнасці Трайдзеня.

Жыгімонт Стары надаў герб з кітаўрусам у зялёным полі польскаму мястэчку Лютомерск (цяпер ужываецца як герб гміны). У цяперашні час выява Кітаўруса змешчана ў гербах Гальшан і Старых Дарог (былых уладанняў Гальшанскіх), а таксама ў гербе літоўскага мястэчка Сесікай (радавога гнязда Сесіцкіх).

Зноскі

  1. Piekosiński F. Hipocentaur albo Kitaurus…
  2. Насевіч В. Гальшанскія…
  3. Puzyna J. O poczodzeniu…
  • Насевіч В. Гальшанскія // ЭВКЛ. Т. 1. С. 491—493.
  • Puzyna J. O poczodzeniu kniazia Fedka Nieświskiego. Miesiecznik Heraldiczny. 1911. № 5-6.
  • Piekosiński Franciszek. Hipocentaur albo Kitaurus. // Heraldyka polska wieków średnich. Akademia Umiejętności, Kraków, 1889, s. 226—227.