Грынька Валовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Грынька Валовіч
канюшы вялікі літоўскі
1451 — 1459
староста трубецкі[d]
з 1459

Нараджэнне не пазней за 1429
Смерць не раней за 1481 і не пазней за 1486
Род Валовічы
Жонка невядома[1]
Дзеці Ходка Грынькавіч Валовіч[d][1]
Дзейнасць дзяржаўны служачы

Грынька Валовіч (да 1429 — паміж 1481—1486) — канюшы гаспадарскі (да 1451 — пасля 1459), намеснік трубчэўскі[2] (1459 — паміж 1481—1486).

Магчыма, бацькам Грынькі быў Вол, які быццам загінуў пад Вількамірам у 1435 годзе, болей пра яго нічога не вядома і рэальнасць асобы не пэўная[3], а дзядзькам — Некраш, які валодаў землямі ў Маркаве і Жаслаўі, ён памёр або загінуў у 1453—1454 гадах і нашчадкаў не пакінуў, бо маёнткі перайшлі Грыньку[4]. Магчыма, Вол — мянушка асобы, вядомай пад іншым свецкім імем[3]. Рымвідас Пятраўскас згадвае нейкага Некраша Валовіча, намесніка ваўкавыскага ў 1440—1443 гадах[4], але яго сувязь з Валом, Некрашам і Грынькам не ясная.

Кар’еру пачаў пры двары вялікага князя Казіміра не пазней за 1443 год, пра што сведчаць запісы ў Кнізе данін. Тытулаваўся панам, быў вялікакняжацкім канюшым прынамсі ў 1451—1459 гадах.[4]

Пэўны час знаходзіўся ў Луцку, быў прадстаўніком караля Казіміра пры двары вялікага князя Свідрыгайлы і ў Валынскай зямлі агулам. Пасля смерці Свідрыгайлы ў 1452 годзе, намаганнямі Грынькі Валынская зямля засталася ў складзе Вялікага княства Літоўскага.[4]

Паводле гербавай легенды роду Валовічаў, Грынька ўдзельнічаў у бітве з крыжакамі пад Хойніцамі ў 1454 годзе і быў сярод тых, хто выратаваў караля Казіміра.[5]

Засядаў у гаспадарскім судзе. Прынамсі вядомы яго ўдзел у разглядзе справы паміж Марыяй Іванаўнай з Чарэйскіх, удавой князя Андрэя Уладзіміравіча, і яе пляменніцай Марыяй Сенькаўнай з Чарэйскіх за правы на маёнтак Палоннае. Судовы запіс датаваны 7-м індыктам, то-бок 1459 або 1474 годам, даследчыкі болей схіляюцца да 1459 года.[6]

У 1475 годзе ўрад канюшага гаспадарскага перададзены Богушу Міцуту.[6]

У 1443—1461 гадах вялікі князь Казімір надаў Грыньку Валовічу землі і людзей у Гарадзенскай, Маркаўскай і Мерацкай воласцях, а менавіта непасрэдна ў Маркаве, Жаслаўі, Кузнанцах, Красным Сяле, Перавалцы[6] і Высокім Двары[7]. Часова трымаў гаспадарскія маёнткі Мышава ва Уладзімірскім і Ваганава ў Берасцейскім павеце[7]. Ад вялікага князя Свідрыгайлы граматай ад 24.9.1451 года атрымаў на вечнасць сяло Храпіна паблізу Гліннага ў Тураўскай воласці за «знакамітую службу каралю і нам ніколі не замешканую»[7].

У шлюбе з невядомай імем жонкай меў сына Ходку[7] і, магчыма, Цішку[8].

Нейкі Цішка Грынькавіч у 1480-1490-я гады меў «двор» у Гарадзенскім павеце і згаданы толькі аднойчы ў 1496 годзе як баярын пана Аляксандра Хадкевіча. Сувязь гэтага Цішкі з Грынькам Валовічам няпэўная, але ў памянніку Валовічаў, запісаным у 1570-я гады ў Супральскім манастыры, спіс асоб пачынаецца з «Цімафея, Феадора, інакі Феклы, Грыгорыя…», на думку даследчыкаў, Грыгорый адпавядае Грыньку Ходкавічу, Феадор — Ходку Грынькавічу, Цімафей — наўрад ці Грыньку Валовічу, а, магчыма, яго сыну Цішку, старэйшаму брату Ходкі.[8]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]