Дом Максіма Гарэцкага (Горкі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом Максіма Гарэцкага
54°17′34″ пн. ш. 30°59′28″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата пабудовы 1925 год
Дата скасавання 2012
Стан разбураны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом Максіма Гарэцкага  — будынак у г. Горкі, які размяшчаўся ў паўночнай частцы ансамбля Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, па адрасе Агранамічная вуліца, 3. Тут у 19261928 гг. жыў беларускі пісьменнік М. Гарэцкі, які працаваў у акадэміі загадчыкам кафедры беларускай мовы, а таксама ягоны брат, геолаг і географ Г. Гарэцкі, фізік А. Афанасьеў, фізік М. Мышкін[1]. За савецкім часам будынак быў уключаны ў «Збор помнікаў» і лічыўся помнікам драўлянага дойлідства. Згадваецца ён як помнік архітэктуры і ў кнізе «Памяць. Горацкі раён»[1]. Знесены ў сярэдзіне 2012 года.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Жыццё Гарэцкага[правіць | правіць зыходнік]

У 19261928 гг. на другім паверсе дома ў кватэры № 5 жыў беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі, які працаваў у акадэміі загадчыкам кафедры беларускай мовы[2]. Яго жыццё і дзейнасць цесна звязаны з Горкамі. Тут ён у 19121913 гадах вучыўся ў каморніцка-агранамічным вучылішчы. На доме знаходзілася мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніка[3].

Дачка Гарэцкага Галіна ўспамінала:

" Наш драўляны дом, двухпавярховы, жаўтаваты, стаяў каля хімічнага корпуса акадэміі, бліжэй да дарогі, за якой спускаўся луг да рэчкі... У трохпакаёвай кватэры нашай заўсёды, як і ў Мінску, гасцяваў хто-небудзь з радні. Прыязджалі з Малой Багацькаўкі, Слаўнага[4]... "
" У гэты час друкаваліся ў «Звяздзе» і «Савецкай Беларусі» расказы Леанілы Чарняўскай (жонкі М. Гарэцкага). 1928 годзе выйшаў зборнік песень, запісаных ад Е. М. Гарэцкай (маці М.Гарэцкага), якая часта гасціла ў нашым горацкім доме. У гэты перыяд мой бацька напісаў артыкулы аб творчасці Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Змітрака Бядулі. У часопісе «Октябрь» быў змешчаны яго вялікі агляд беларускай літаратуры… "

У пачатку 1990-х гадоў у былой кватэры беларускага пісьменніка мусіў размесціцца музей, але пазней было вырашана пакінуць памяшканне новым жыхарам. Музей Гарэцкага зрабілі ў чацвёртым корпусе БДСГА.

Разбурэнне[правіць | правіць зыходнік]

19 студзеня 2012 года старшыня Горацкага райвыканкама І. М. Макар пацвердзіў рашэнне ад 16.11.2011 года № 19-98, згодна з якім «жылы дом на вуліцы Агранамічная, 3 уключыны ў графік зносу старых і аварыйных дамоў на 2012 год». У падтрымку прынятага рашэння ў СМІ выказаліся намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях і інфармаванні насельніцтва Н. В. Карнеева і адказны сакратар рэдакцыі газеты «Горацкі веснік» П. Дзетліковіч.

У чэрвені 2012 года будынку адмоўлена ў наданні статусу помніка гісторыі. Такое рашэнне 20 чэрвеня прынята Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, паведамляецца ў лісце ад 28 чэрвеня намесніка міністра культуры Тадэвуша Стружэцкага старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Антону Астаповічу.

Адмова матывуецца стратай «адметных архітэктурна-будаўнічых вартасцей у працэсе правядзення рэканструкцый і вынікамі абследавання тэхнічнага стану і захаванасці аўтэнтычных матэрыялаў і канструкцый будынка[5]».

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

План першага паверха

Пабудаваны ў 1925 г. з дрэва. Двухпавярховы сіметрычны ў плане будынак накрыты двухсхільным вальмавым дахам. Сцены вертыкальна ашаляваны, фундамент з бутавых камянёў. Аконныя праёмы ў ліштвах. Уваход скразны, з боку галоўнага фасада высокі мураваны ганак[2].

Зноскі

  1. а б http://horki.info/news/1/1904.html(недаступная спасылка)
  2. а б 868.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
  3. Пачаўся збор подпісаў за ратаванне дому Гарэцкага
  4. Галіна Гарэцкая. Наша сям'я. 1919-1923 гг. // Максім Гарэцкі. Успаміны. Артыкулы. Дакументы. С.26, 27
  5. http://novychas.info/hramadstva/domu_maks_ma_gareckaga_gorkah_/

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]