Жаба вастрамордая

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Жаба вастрамордая
RanaArvalisFemale.jpg
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Rana arvalis Nilsson, 1842

Сінонімы
Rana ridibunda
Арэал
выява
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS   665263
NCBI   156871
EOL   333000

Жаба вастрамордая (лац.: Rana arvalis) — земнаводнае сямейства сапраўдных жаб.

Даўжыня цела 4-7 см, маса 5-30 г. Цела крыху ўкарочанае і расшыранае, зграбнае. Морда завостраная. Ад вачэй праз барабанныя перапонкі амаль да плячэй часта ідзе цёмная скроневая пляма, якая паступова звужаецца. Спіна светла-аліўкавая, светла-бурая, чырванавата-цагельная ці амаль чорная. Бруха аднатоннае, светлае. Лічынка-апалонік, мае цёмна-карычневую або амаль чорную афарбоўку.

Пашырана ў Еўропе да паўночна-ўсходняй часткі Францыі, поўдня Швецыі і Фінляндыі, на поўдні да Адрыятычнага мора, на ўсходзе да Урала; трапляецца таксама ў Заходняй і Сярэдняй Сібіры, на поўначы Казахстана, на ўсходзе арэала даходзіць да Алтая і Якуціі. Вастрамордая жаба — адзіны від земнаводных у тундры, жыве ў лясной, лесастэпавай і стэпавай зонах, а таксама ў пустыні (паўночны Казахстан) і ў гарах да вышыні 800 м над узроўнем мора.

Агульны тон афарбоўкі цела гэтай амфібіі можа змяняцца ў залежнасці ад тэмпературы, вільготнасці і асвятлення. У сонечнае надвор'е ён прыкметна святлее. Жабы, якія жывуць на адкрытых сухіх месцах, больш светлыя ў параўнанні з тымі, якія трапляюцца ў густых і вільготных зарасніках травы, хмызняках, лясах. Вастрамордай жабе ўласцівы дакладна выяўлены полімарфізм па малюнку спіны. Афарбоўка ніжняй часткі цела рэзка адрозніваецца ад верхняй. Брушка і горла звычайна белага колеру, нярэдка з жаўтаватым адценнем. Самцы ў шлюбны перыяд набываюць серабрыста-блакітную афарбоўку. На першых пальцах пярэдніх канечнасцей развіваюцца шлюбныя мазалі для ўтрымання самак.

Вастрамордая жаба трапляецца ў лясах, на лугах, балотах, на раллі, палях, у садах, агародах, парках, на абочынах дарог, каля жылля. Часцей яна насяляе ўвільготненыя лісцевыя лясы (алешнікі, дубровы, бярэзнікі) і пойменныя лугі. У той жа час гэта самая засухаўстойлівая асобіна сярод жаб трапляецца і ў хвойніках, на сухадольных лугах. Важнейшай умовай жыцця вастрамордай жабы з'яўляецца наяўнасць у наваколлях прыдатных для размнажэння вадаёмаў.

На Беларусі у сярэднім шчыльнасць засялення вастрамордай жабы складае каля 260 экзэмпляраў на 1 га. Самая вялікая шчыльнасць вастрамордых жаб адзначана ў алешніках, менш за ўсё іх у хвойніках. На вільготных лугах шчыльнасць складае больш за 1000 асобін на 1 га, на сухадолах — толькі 10-50.

Найбольш актыўныя вастрамордыя жабы вечарам, аднак і днём іх можна часта сустрэць. Пры спрыяльных умовах жабы пастаянна трымаюцца ў адных і тых жа месцах і не аддаляюцца ад іх больш як на 25-30 м. У той жа час яны могуць рабіць і далёкія летнія міграцыі ў пошуках больш спрыяльных і багатых кормам участкаў.

Як і ўсе жабы, вастрамордая корміцца на сушы рознымі беспазваночнымі (шчаўкуны, даўганосікі, лістаеды, вусені совак і пядзенікаў), паядаюць яны таксама мух, камароў, аваднёў, наземных ракавінных малюскаў, водных беспазваночных.

Палюючы за насякомымі, вастрамордая жаба сама часта становіцца здабычай млекакормячых ці птушак. Такія паўзуны, як яшчаркі, вужы, гадзюкі, таксама кормяцца гэтымі жабамі. Маладыя жабяняты і апалонікі могуць стаць ахвярай не толькі іншых відаў жаб (напрыклад, буйной сажалкавай жабы), але і сваіх сародзічаў.

Зімуе асноўная маса вастрамордых жаб на сушы. З наступленнем восеньскіх халадоў жабы хаваюцца ў ямах, норах грызуноў, кучах лісця, пад камянямі, у спарахнелых пнях, у нізкіх дуплах дрэў, пад вялікімі кучамі ламачча, у падвалах, скляпах. Некаторая частка вастрамордых жаб іншы раз зімуе на дне вадаёмаў (ручаёў, у сподках вады сярод тарфяных балот). Вастрамордыя жабы выходзяць з сваіх схованак, калі невялікія вадаёмы вызваляюцца ад лёду і адтайвае глеба. Пасля гэтага жабы робяць часам даволі працяглыя (да 1 км) міграцыі ў пошуках вадаёма для размнажэння. Шлюбныя зборы вастрамордых жаб уяўляюць сабой эфектную карціну: на вадзе ў пастаянным руху мноства блакітных самцоў, якія выдаюць гукі, што нагадваюць журчанне ручая.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. Мн., БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Пікулік М. М. Навошта нам амфібіі? — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-00383-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]