Зёлаўскае Сашэсце Святога Духа на апосталаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зёлаўскі майстра
«Сашэсце Святога Духа на апосталаў». XVIII стагоддзе
Матэрыял Дошка, яечная тэмпера
Памеры 127,5 × 87,5 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск

Сашэсце Святога Духа на апосталаў — абраз XVIII ст. з Свята-Троіцкай царквы ў вёсцы Зёлава (Драгічынскі раён). Мяркуючы па значных памерах, знаходзіўся калісьці ў ніжнім радзе іканастаса як храмавы або ў архітэктурным алтары уніяцкага храма[1]. Напісаны т.зв. Зёлаўскім майстрам.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Зёлаўскі абраз «Сашэсце Святога Духа на апосталаў» мае сіметрычную кампазіцыю. У цэнтры намалявана Маці Божая, якая сядзіць са скрыжаванымі рукамі ў блакітнай сукенцы і чырвоным мафорыі. Абапал яе двума паўкругамі сядзяць басыя апосталы, адзетыя ў доўгія хітоны і плашчы чырвоных, блакітных, зялёных, жоўтых і вохрыстых колераў. Амаль ва ўсіх рукі складзены ў малітоўным жэсце, на каленях ляжаць кнігі ў чорных пераплётах. Вакол галоваў з індывідуалізаванымі тварамі намаляваны німбы, абведзеныя двайной граф'ею. Незвычайна тое, што падзея адбываецца нібы пад адкрытым небам, пра што сведчыць зялёны пазём з рэдкай траўкай. Пасярэбраны фон аздоблены арнаментам у выглядзе спіральных парасткаў з бутонамі лілеяў і абмежаваны ўверсе трайной аркай, у цэнтры якой на залатым фоне з промнямі злятае ўніз голуб - Святы Дух[1].

Гравюра «Сашэсце Святога Духа на апосталаў». Ф. Ангілейка

Даследчыца А. М. Пікулік мяркуе, што магчамай крыніцай для аўтара абраза магла быць гравюра «Сашэсце Святога Духа на апосталаў» з магілёўскага «Ірмалога» (1700, 1747) Фёдара Ангілейкі. Іканаграфічнай аналогіяй да жывапіснага твора таксама з'яўляецца выява з тытульнага аркуша зборніка твораў Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620)[2].

Зноскі

  1. а б «І НАПОЎНІЛІСЯ ЎСЕ ДУХАМ СВЯТЫМ...» Сюжэты Спаслання Святога Духа і Тройца ў старажытнабеларускім мастацтве // Аляксандр ЯРАШЭВІЧ. Наша вера
  2. ІКАНАГРАФІЧНЫЯ АСНОВЫ ГРАВЮРЫ КІРЫЛІЧНЫХ ВЫДАННЯЎ У БЕЛАРУСКІМ ПРАВАСЛАЎНЫМ І ЎНІЯЦКІМ ІКАНАПІСЕ ХVІІ – ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ ХІХ СТАГОДДЗЯЎ Г. А. ФЛІКОП, Б. А. ЛАЗУКА(недаступная спасылка)