Какаштла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Gran Basamento, абаронены металічным дахам
Дэталь насценнага роспісу: бітва.
Выгляд на Gran Basamento.
Дэталь насценнага роспісу: бітва.

Какаштла (Cacaxtla) — зона археалагічных раскопак на поўдні мексіканскага штата Тласкала ў муніцыпалітэце Натывітас. Атрымала вядомасць дзякуючы добра захаваным насценным выявам культуры мая. Горад, які існаваў у гэтым месцы, дасягнуў росквіту ў эпікласічны перыяд месаамерыканскай гісторыі. У 1 км ад Какаштлы знаходзіцца гарадзішча Шачытэкатль.

Гісторыя да канкісты[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуецца, што Какаштла была сталіцай дзяржавы Альмека-Шыкаланка. Горад узнік каля IV-V стст. н.э. Ці звязаны яго стваральнікі з культурай альмекаў, або назва адносілася да тэрыторыі, а не да этнічнага паходжання стваральнікаў горада, да цяперашняга часу невядома. Пра культуру альмека-шыкаланка амаль нічога не вядома; тэрмін упершыню выкарыстоўваў гісторык і храніст Дыега Муньёс Камарга ў канцы XVI ст., калі пісаў, што Какаштла была галоўным горадам «альмекаў» (народ, вядомы сучасным гісторыкам пад назвай «альмекі», знік за 800 гадоў да ўзнікнення горада, у IV ст. да н.э.).

Пасля падзення бліжэйшага горада Чалула прыкладна ў 600 г., у вайне супраць якога брала ўдзел і Какаштла, горад ператварыўся ў цэнтр улады ў навакольным рэгіёне даліны Пуэбла-Тлашкала. Каля 900 г. горад пачынае прыходзіць у заняпад і да 1000 г. канчаткова закінуты.

Сучасная гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Горад быў ізноў адкрыты ў 1975 г. сялянамі паселішча Сан-Мігель-дэль-Мілагра, якія, апрацоўваючы зямлю, выявілі старажытную сцяну, на якой быў выяўлены твар персанажа, цяпер вядомага як «Чалавек-Птушка», і паведамілі пра знаходку ўладам. Горад адразу ж прыцягнуў увагу археолагаў.

21 мая 2007 г. каля 800 м² плошчы руін было цалкам разбурана і яшчэ 800 пашкоджана ў выніку моцнага граду[1], у сувязі з чым улады зачынілі доступ да руін аж да новага распараджэння.

Горад[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтр горада Какаштла — Gran Basamento, даўжынёй у 200 метраў і вышынёй 25 метраў. Гэта платформа прыроднага паходжання, якая забяспечвае добрую абарончую пазіцыю і від на навакольныя землі. На гэтай платформе размяшчаліся асноўныя рэлігійныя і грамадзянскія збудаванні горада, а таксама жыллё жрацоў. У наваколлях платформы сустракаюцца іншыя піраміды меншага памеру і падножжы храмаў.

Паколькі галоўны комплекс будынкаў Какаштлы не раскопвалі да 1980-х гадоў, шматлікія каляровыя малюнкі на сценах захаваліся і даступныя для агляду наведвальнікам. Асаблівую цікавасць уяўляе той факт, што шмат якія з насценных выяў спалучаюць сімволіку Мексіканскага плато з уплывам культуры мая, што робіць Какаштлу ўнікальнай у гэтым дачыненні.

Зноскі

  1. Derrumba granizo techo en zona de Cacaxtla(недаступная спасылка) Архівавана 3 лютага 2009.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]