Калдычэўскі лагер смерці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Калдычэ́ўскі лагер смерці — лагер смерці, створаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў сакавіку 1942[1] года каля в. Калдычэва Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну.

На абнесенай дротам тэрыторыі лагера вязняў марылі голадам, непасільнай працай на торфараспрацоўках, катавалі і забівалі. Тут існавала 12 турэмных камер і спецыяльная камера для катаванняў. У бараках летняга тыпу знаходзілася толькі 30-40 працэнтаў вязняў, астатнія — пад адкрытым небам.

У лістападзе 1942 года была пабудавана крэмацыйная печ, у якой спалена 600 чалавек з Баранавіцкай і Стаўбцоўскай турмаў. Пазней печ не працавала. Масавыя растрэлы рабіліся ва ўрочышчы Лазы, дзе была крэмацыйная печ, і ў бярэзніку Арабаўшчына[1].

У ноч на 30 чэрвеня 1944 года перад падыходам Чырвонай Арміі немцы расстралялі вязняў (2 тысячы чалавек; астатніх 300 вывезлі ў нацысцкую Германію[1]), узарвалі памяшканні, зраўнавалі з зямлёй пахаванні і засеялі травой.

Ва ўрочышчы, каля лагера, знойдзена больш за 22 тыс. чалавек[1].

На месцы лагера помнік ахвярам фашысцкага тэрору.

Зноскі

  1. а б в г Справочник о немецко-фашистских лагерях, гетто, других местах принудительного содержания гражданского населения на временно оккупированной территории Беларуси в период Великой Отечественной войны 1941—1945 годов / Государственный комитет по архивам и делопроизводству Республики Беларусь; [Авторы-составители: В. И. Адамушко, О. В. Бирюкова, М. И. Богдан и др.; Научный редактор В. И. Адамушко]. — Минск: Натако, 1998. — 80 с.: табл. — С. 7. — ISBN 985-6075-10-6. Са спасылкай на: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 861. — Воп. 1. — Спр. 1. — Арк. 2—4, 9; Ф. 845. — Воп. 1. — Спр. 6. — Арк. 19, 22, 23, 25, 31; Занальны дзяржаўны архіў у г. Баранавічы. — Ф. 616. — Воп. 1. — Спр. 70. — Л. 73; Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі. — Ф. 7021. — Воп. 1. — Спр. 102. — Арк. 3, 4, 27.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]