Каменны век

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Каменны век — самы старажытны і найбольш працяглы і складаны перыяд у гісторыі чалавецтва, які працягваўся 2,5 — 3 млн. гадоў.

У гэты перыяд асноўнай сыравінай для вырабу прылад працы і зброі былі камень, косткі, рог і дрэва. Але толькі камень здольны захоўвацца доўга. Таму абсалютная большасць знаходак, якія датуюцца каменным векам і з якімі маюць справу археолагі, зроблена з каменю, што і стала падставай для назвы гэтай гістарычнай эпохі.

Перыяд каменнага веку падзяляецца на 3 этапы: палеаліт (старажытны каменны век). мезаліт (сярэдні каменны век) і неаліт (новы каменны век). Найбольш працяглы і старажытнейшы з іх — палеаліт. Яго пачатак супадае з ледавіковым перыядам (плейстацэнам). З-за супадзення з часам узнікнення чалавечага грамадства плейстацэн яшчэ называецца антрапагенам. Палеаліт падзяляецца на ніжні альбо ранні (алдувайская, ашэльская культурна-гістарычныя эпохі), сярэдні (мусцьерская эпоха) і верхні (позні). У раннім палеаліце (эаплейстацэн — пачатак позняга плейстацэну) жылі архантрапы і палеаантрапы, у познім — неаантрапы. Еўропа не была прарадзімай чалавека. Людзі сучаснага анатамічнага тыпу сфарміраваліся ў Афрыцы перад канцом сярэдняга плейстацэну. Знаходкі прадстаўнікоў Homo erectus у Закаўказзі (месцазнаходжанне Дманісі), узрост якіх каля 1,8 млн. гадоў, дазволілі меркаваць, што пранікненне на тэрыторыю Усходняй Еўропы адбылося ўжо ў раннім палеаліце (пачатак эаплейстацэну). Доўгі час людзі заставаліся ў межах Каўказска-Альпійскага горнага пояса, 400 — 300 тыс. гадоў таму яны вышлі за межы Каўказскіх гор і пачалі асвойваць прасторы Еўразіі. Стаянкі 2-й палова перыяду ашэльскай эпохі знойдзены ў многіх месцах Старога Свету, у т.л. каля в.Маўэр за 10 км ад г.Гейдельберг (Германія), Вертэшсёлёш (Венгрыя), на Каўказе, у Малдове, Прыднястроўі, Сярэдняй Азіі, больш чым у 30 пунктах Рускай раўніны (у даліне Дняпра, Прыазоўі, на Сярэдняй Волзе, паблізу аж Жытоміра і інш.). Па альпійскай шкале гэтыя падзеі адбываліся ў раннім і сярэднім плейстацэне (гюнц-міндэльскае міжледавікоўе — пачатак рыс-вюрма).

Да канца сярэдняга плейстацэну і 1-й паловы неаплейстацэну (канец рыса — 1-я палова вюрма — прыкладна 200 — 40 тыс. гадоў да н.э.) адносіцца эвалюцыя і рассяленне далёка на поўнач палеантрапаў (неандэртальцаў і неандэрталоідных форм). У асвоенай неандэртальцамі Еўропе Homo sapiens з’явіліся 35 — 40 тысяч гадоў таму назад і за 10 тысяч гадоў засяліліся амаль увесь кантынент і праніклі ў паўночныя раёны Азіі. Эпізадычная каланізацыя паўночных шырот (да 50о паўночнай шыраты), адбывалася на працягу цёплых перыядаў яшчэ ў 700 — 600 тысяч гадоў да н.э. У далейшым чалавек заняў высокашыротныя барэальныя прасторы да 62 — 64о паўночнай шыраты (сучасныя Фінляндыя, Урал, Сібір), у эпоху позняга палеаліту ён прасунуўся ў арктычныя шыроты. Прыроднае асяроддзе ўсіх міжледавіковых эпох плейстацэну было прыдатным для пранікнення і жыцця на зямлі Беларусі прадстаўнікоў любога звяна роду Homo. Але ў сувязі з вялікай глыбінёй залягання напластаванняў ніжняга плейстацэну пошукі слядоў насельніцтва дамусцьерскага перыяду на тэрыторыі Беларусі практычна бесперспектыўныя.

У познім палеаліце (40 — 10,3 тысяч гадоў таму) з’явіўся чалавек сучаснага фізічнага тыпу — неаантрап (Homo sapiens чалавек разумны). Людзі жылі ва ўмовах суровага клімату ў лесастэпах, што ўтварыліся ў перыгляцыяльнай (прыледавіковай) зоне. Будавалі жытлы з костак, жэрдак, пакрытых скурамі жывёл. Значныя зрухі адбыліся ў тэхналогіі апрацоўкі каменю. Асартымент прылад працы моцна пашырыўся. Чалавек навучыўся здымаць з прызматычных нуклеусаў пласціны — нарыхтоўкі для вырабу нажоў, разцоў, скрабкоў, свердлаў, наканечнікаў стрэл і інш. Высокага ўзроўню дасягнула апрацоўка косці і рога. Шырока выкарыстоўвалі рэбры і іклы маманта. З іх рабілі розныя прыстасаванні для апрацоўкі глебы, пашыву вопраткі,забою і раздзелкі туш жывёл, вытворчасці ўпрыгажэнняў. Пачало развівацца реалістычнае мастацтва (выявы тагачасных жывёл, паляўнічых эпізодаў). Паляванне вялося не толькі на статкавых жывёл (маманта, паўночнага аленя), але і н першабытнага быка, валасатага насарога, дзікага каня, пясца і інш. прадстаўнікоў комплексу фауны верхняга палеаліту. У палеаліце быў прыручаны сабака.

Моцнае пахаладанне ў новавалдайскую стадыю абледзянення (неавюрм; 16 — 15-е тыс. да н.э.), верагодна, прымусіла чалавека адступіць на поўдзень. Шматлікія паселішчы чалавека зноў з’явіліся напрыканцы палеаліту ў перыяд т.зв. фінальнага палеаліту (12 – 10-е тыс. да н.э.). Матэрыяльныя рэшткі існавання чалавека гэтага часу знойдзены на тэрыторыі ўсёй краіны прыкладна ў 300 пунктах. Яны звязаны з хвалямі мігрантаў (насельніцтва культур лінгбі, гамбургскай, валкушанскай, свідэрскай і, магчыма, аўтахтоннай грэнскай), якія вандравалі ўслед за паўночнымі аленямі.

З завяршэннем плейстацэну (каля 10,3 тыс. г. таму) і пачатку сучаснага геалагічнага перыяду — галацэну, часам узнаўлення лясной зоны і распаўсюджаннем прадстаўнікоў багатага відамі жывёльнага свету, у Еўропе супадае пераход да мезаліту. У мезаліце (9 — 5- тыс. да н.э.) адбыліся новыя зрухі ў тэхналогіі выпрацоўкі прылад працы і зброі. Калектыўнае паляванне на буйных статкавых жывёл у адкрытых ландшафтах змянілася індывідуальным на звяроў і птушак ва ўмовах закрытых ландшафтаў. Палявалі як на буйнога (тур, зубр, лось, алень, дзік), так і на дробнага (бабёр, заяц, ліса) звера. Узрасла роля рыбалоўства, працягвалі таксама займацца збіральніцтвам ядомых рэшткаў расліннага паходжання. Пашыралася вытворчасць мікралітаў (трапецый, вастрый, пласцсін-укладышаў, сегментаў і інш.), якія замацоўвалі ў расшчэпленай косці ці дрэве. З іх складаліся лёзы прылад. Гэта дазволіла чалавеку асвойваць новыя тэрыторыі, у т.л. тыя, на якіх амаль не было звыклай для вырабу прылад і зброі сыравіны. Пры гэтым штодзённыя патрэбы гаспадарання не маглі абысціся без ужывання даволі масіўных сякер, цёслаў, долатаў і інш. прыстасаванняў. Тагачаснае насельніцтва вельмі шырока ўжывала вырабы з косці, рога і дрэва, але ва ўмовах пясчаных глебаў Беларусі арганіка захоўваецца дрэнна, таму можна толькі меркаваць пра іх выгляд, прызначэнне і тэхналогіі вырабу. У эпоху мезаліту шырока выкарыстоўвалі лук са стрэламі, памеры якіх сталі непараўнаўча меншымі, для заняткаў рыбалоўствам пачалі выкарыстоўваць драўляныя чаўны-даўбёнкі. Гэтую эпоху прадстаўляюць рэшткі паселішчаў, пакінутыя стваральнікамі каморніцкай (на крайнім паўднёвым захадзе краіны), пясочнароўскай (адзінкавыя вырабы знойдзены на помніках паўднёва-ўсходняй Беларусі), кундскай (пераважна на поўначы і паўночным захадзе, у т.л. помнікі Крумплева, Замошша і інш.) культур. На тэрыторыі ўсёй Заходняй Беларусі і на поўдні краіны знойдзены шматлікія помнікі кудлаеўскай (Кажан-Гарадок, Рэчыца-2, Аўрамаў Бугор і шмат інш.), яніславіцкай, бутаўскай (Верхняе Падняпроўе, помнікі Дзедня, Крынічная і інш.) культур.

Неаліт — заключная эпоха каменнага веку, якая ў Паўднёвая і Цэнтральнай Еўропе (6 — 3-е тыс. да н.э.) найперш вызначаецца пашырэннем вытворчых форм гаспадарання — земляробства і жывёлагадоўлі, якія ў рознай ступені дапаўнялі формы прысвойвання — паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Земляробства на лясістых тэрыторыях патрабавала вялікай колькасці сякер. Для іх вырабу быў неабходны высокаякасны крэмень, які пачалі здабываць шахтавым спосабам. У неаліце з’яўляецца шліняны посуд — кераміка, каменныя шліфаваныя і свідраваныя сякеры, матыкі і булавы, крамянёвыя сярпы. Істотнае павелічэнне крыніц харчавання і яго большая разнастайнасць, удасканаленне прылад працы і паляўнічай зброі прывялі да значнага прыросту насельніцтва, да яго экспансіі на менш абжытыя тэрыторыі. У гэты час узнікалі доўгатэрміновыя паселішчв з пастаяннай забудовай, умацоўваліся міжплемянныя сувязі, выражаныя найперш у абмене матэрыяламі, рэчамі і культурнымі дасягненнямі, развіваліся і ўскладняліся сацыяльныя адносіны, штодзённы побыт і хатнія заняткі, формы і праявы духоўнай культуры.

У Еўропе неалітызацыя пачалася на поўдні Балканскага паўвострава, калі сюдв каля 8 тысячагоддзяў назад праніклі з Блізкага Усходу групы земляробаў і жывёлаводаў.

Перыядызацыя каменнага веку[правіць | правіць зыходнік]

  • Палеаліт, старажытнакаменны век (4/2,5 млн. — 10/8 тыс. гг. да н.э.) — ад моманту з'яўлення першых гамінідаў да канчатковага адступу леднікоў.
  • Мезаліт, сярэднекаменны век (10/8 тыс. — 4 тыс. гг. д.э.)- пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту.
  • Неаліт, навакаменны век (8 тыс. — 3 тыс. гг. да н. э.) — час з'яўлення жывёлагадоўлі і земляробства.