Келімуту

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Возера Tivu-Nua-Muri-Kooh-Tai (на пярэднім плане) і возера Tiwu Ata Polo (на заднім плане)

Келімуту (індан. Kelimutu) — вулкан на інданезійскім востраве Флорэс вышынёй у 1639 м. Ён вядомы сваімі кратэрнымі азёрамі, якія час ад часу змяняюць колер. Прычынай такой геалагічнай анамаліі кратэра Келимуту з'яўляюцца мінералы, якія ляжаць на дне кожнага з азёр. Яны паступова раствараюцца ў вадзе, афарбоўваючы яе ў выніку хімічных рэакцый. Пры гэтым каляровыя пераходы адбываюцца незалежна адзін ад аднаго. Вулкан і азёры - гэта толькі невялікая частка нацыянальнага парку Келімуту, які ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Кожнае возера мае сваю назву, якая адлюстроўвае звязаную з ім легенду. Самае заходняе з азёр, размешчанае прыкладна ў 1,5 км ад двух астатніх, называецца Ціву-Ата-Мбупу (індан. Tivu-Ata-Mbupu, «возера даўніны»), у якім, паводле легенды, знайшлі прытулак душы тых, хто годна пражыў сваё жыццё і загінуў ад старасці. Возера сімвалізуе мудрасць і веды пажылых людзей, якія прыходзяць толькі з узростам. Назва цэнтральнага возера - Ціву-Нуа-Муры-Кух-Тай (індан. Tivu-Nua-Muri-Kooh-Tai, «возера юнакоў і дзяўчат»), у яго, паводле легенды, сыходзяць нявінныя душы тых, хто загінуў маладымі. Гэта возера часцей за ўсе змяняе колер, за апошнія дваццаць шэсць гадоў гэта здаралася дванаццаць разоў. Нарэшце трэцяе возера Ціву-Ата-Пола (індан. Tivu-Ata-Polo, «зачараванае возера» або «возера злых душ») паводле легенды, служыць вечнай вязніцай для душ зладзеяў.

Паводле апошніх звестак, возера Tivu-Ata-Mbupu цяпер афарбавана ў чорны колер, хоць яшчэ нядаўна было зялёным, возера Tivu-Nua-Muri-Kooh-Tai мае насычаны зялёны колер, а возера Tivu-Ata-Polo — карычневае. Яшчэ некалькі гадоў таму яны былі белымі, бірузовымі і чырвонымі. У лістападзе 2009 года вады азёр афарбаваліся ў чорны, бірузовы і карычневы колеры, а ўжо ў ліпені 2010 года Tivu-Ata-Mbupu мела бутэлькава-зялёны колер, Tivu-Nua-Muri-Kooh-Tai афарбавалася ў бірузовы колер, а Tivu-Ata-Polo мела колер зялёнага моху.

Штогод палюбавацца на унікальныя прыродныя аб'екты прыязджаюць некалькі тысяч турыстаў.