Мазырскае паўстанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мазырскае паўстанне — выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у 1649 годзе, у час антыфеадальнай вайны 1648—1651 гадоў на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648 года. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясцовым седлавым майстрам Седляром. У жніўні да гараджан далучыўся пасланы Багданам Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пачатку студзеня 1649 года на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам польным Янушам Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студзеня войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]