Максімаўскі парк (Гомель)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Краявід Максімаўскага парка, пачатак ХХ ст.
Краявід Максімаўскага парка, пачатак ХХ ст.

Максімаўскі парк[1] — парк у Гомелі пачатку ХХ ст. Закладзены ў 1902 г. на тагачаснай паўночна-ўсходняй гомельскай ускраіне паміж вайсковымі казармамі, вуліцамі Гоначнай (цяпер — Партовая) і Прытулкавай (сёння не існуе).  

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Стварэнне і лакацыі[правіць | правіць зыходнік]

Максімаўскі парк стаў вынікам мэтанакіраванага добраўпарадкавання часткі раёна «Каўказ», арганізаванага намаганнямі дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, педагога, кіраўніка мясцовага Вольна-пажарнага таварыства І. П. Максімава, ад прозвішча якога і паходзіць назва[2].

Станам на 1911 г. характарызаваўся як «лепшы ў горадзе сад для гулянняў». Тут знаходзіліся велатрэк (узімку — коўзанка), ратонда для аркестра, летні тэатр з адкрытай сцэнай і летні клуб Вольна-пажарнага таварыства, «цудоўна абсталяваны буфет»[3].

На будынак тэатра ў 1910 г. была ўрачыста прымацавана мармуровая шыльда з надпісам наступнага зместу[2]:

«Сад гэты і ўсе пабудовы ў ім зладжаны задумай і стараннямі старшыні Гомельскага пажарнага таварыства Ів. Пятр. Максімава. Пачатак пакладзены 15 мая 1902 года. г. Гомель».

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Максімаўскі парк, па ўсім відаць, быў пераназваны ў Парк Свабоды (або Сад Свабоды)[4][5][6][7].

Утрыманне[правіць | правіць зыходнік]

Парк, па ўсім відаць, фармальна знаходзіўся ва ўласнасці Вольна-пажарнага таварыства. Уваход на яго тэрыторыю быў платным. Так, з ліпеня 1911 г. плата складала 12 капеек «з асобы без увагі на ўзрост». Можна было таксама набыць сезонны квіток, па якім кожнае новае наведанне дадатковай аплаты не патрабавала. Вольным быў уваход у парк для тых, хто набыў квіток у тэатр. За нумараваныя месцы перад так званай «ракавінай» (летняй эстрадай) «ахвочыя» разлічваліся асобна[8].

Сродкі на ўтрыманне парку таксама браліся з арэнднай платы за выкарыстанне яго аб'ектаў (тэатр, буфет) староннімі асобамі. Цікава, што праблема арэнды тэатра і буфета «на трэку» прыцягвала ўвагу гомельскай грамадскасці і асвятлялася ў мясцовай прэсе — адсутнасць арандатараў азначала для забяспечаных гомельцаў змяншэнне варыянтаў баўлення вольнага часу. Напрыклад, газета «Гомельская копейка» у кастрычніку — снежні 1911 г. некалькі разоў падавала адпаведную інфармацыю на сваіх старонках: ад «амаль ужо зданы» да «канчаткова заарандаваны» (пра тэатр) і ад «пакуль вольны» да «зняты» (пра буфет)[9][10][11][12][13]. Цана гадавой арэнды тэатра складала, па звестках газеты, 2 тыс. рублёў[9][10].

Выкарыстанне аб’ектаў[правіць | правіць зыходнік]

Тэатр[правіць | правіць зыходнік]

Быў вядомы гомельцам як «тэатр на трэку» ці «вялікі на трэку тэатр»[14]  (у адрозненне ад «тэатра на скверы» ці «малога на скверы тэатра»[15] на верхняй набярэжнай Сожа). Значнай падзеяй для Гомеля стала пастаноўка ў «тэатры на трэку» трагедыі У. Шэкспіра «Гамлет»[16].

Буфет[правіць | правіць зыходнік]

Падаваўся як установа з цэнамі, урэгуляванымі «да звычайнай сярэдняй нормы». Цэны на сняданкі, абеды і вячэры характарызаваліся «памяркоўнымі». Наведнікі абслугоўваліся з 11:00 да 2:00[8].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 4.
  2. а б Сад Гомельского Вольно-пож. о-ва Максимовский парк // Полесская жизнь. — 1910. — 23 августа. — С. 2.
  3. Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 12.
  4. В гор. Гомеле // Рампа и жизнь. — 1911. — №41-42. — [С. 3 обложки].
  5. Арх, А. З. «Мой солдатик» // Гомельское эхо. — 1917. — 16 июня. — С. 4.
  6. Фейгенберг, Г. Объявляю... // Гомельское эхо. — 1917. — 24 июня. — С. 1.
  7. Летний театр (Парк Свободы) // Гомельское эхо. — 1917. — 1 июля. — С. 4.
  8. а б Гомельская копейка. — 1911. — 11 июля. — С. 1.
  9. а б Гомельская копейка. — 1911. — 13 октября. — С. 3.
  10. а б Гомельская копейка. — 1911. — 22 октября. — С. 3.
  11. Гомельская копейка. — 1911. — 19 ноября. — С. 3.
  12. Гомельская копейка. — 1911. — 10 декабря. — С. 2.
  13. Гомельская копейка. — 1911. — 22 декабря. — С. 2.
  14. Гомельская копейка. — 1911. — 10 июня. — С. 1.
  15. Гомельская копейка. — 1911. — 7 июня. — С. 1.
  16. Гамлет, В. Шокспира // Гомельская копейка. — 1911. — 18 июня. — С. 3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]