Мерада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мерада
Асноўная інфармацыя
Жанры кантры, фолк, соўл, рок, блюз
Гады 2013 — дагэтуль
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Мова песень беларуская
Склад Стыў Крамер,
Ганна Крамер

«Мерада» — беларускі гурт, які выконвае музыку напрамку кантры, фолк, соўл, рок, блюз. Заснаваны ў 2013 годзе ў Мінску.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Групу стварылі былыя ўдзельнікі блюзавай каманды «Steve Cramer BAND» сямейная пара Стыў і Ганна Крамер у 2013 годзе.

Стыў Крамер (Усевалад Крамушчанка) пачынаў як гукарэжысёр гурта «Бонда». Эмігрыраваў з Беларусі ў 1989 годзе. Граў па клубах Лондана, Нью-Ёрка, у ізраільскім Бэіт-Шэане. Пасля 17-ці год музычных вандраванняў вярнуўся ў Мінск. Тут ён пазнаёміўся з Ганнай, якая, маючы дзве вакальныя адукацыі, займалася педагагічнай і арганізатарскай дзейнасцю[1]. Спачатку яны выступалі з каверамі класічнага блюзу і англамоўнымі ўласнымі песнямі пад назвай «Steve Cramer Band». Але ў 2013 годзе ў розных інтэрнэт- і радыё-плебісцытах пачалі гучаць ужо іх беларускамоўныя хіты пад назвай «Мерада»[2].

Пра гурт сам заснавальнік «Мерады» Стыў Крамер кажа, што «ў творчасці свайго гурта „Мерада“ ён разам са сваёй жонкай, спявачкай Ганнай Крамэр, імкнецца аб'яднаць духоўнасць „Песняроў“, меладызм „Бонды“ і мадэрн „Улісу“, а таксама найлепшыя сусветныя напрацоўкі ў кантры, року, фольку і госпэлу»[3].

Улетку 2015 года гурт выдаў свой першы альбом — «Проста вер», у які ўвайшло 10 песень, запісаных пры дапамозе запрошаных іншых музыкантаў, сярод якіх: Валерый Дасюкевіч (гурт «J:морс»), Ігар Варашкевіч (гурт «Крама»), Іван Махновіч (экс-гурт «Харлі»), Іван Кучарэнка (Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр), Уладзімір Міхновіч (экс-гурт «Остров Пришельцев»), Аляксей Золатаў (экс-гурт «Svet Boogie Band») і іншыя[2].

У верасні 2015 года гурт прапанаваў свой першы прафесійны кліп на кампазіцыю «Начны праспект», сцэнарыстам і рэжысёрам якога стаў Стыў Крамер[4]. У тым жа месяцы ў відэа-чарце Tuzin.fm кліп трымаўся на 1-м месцы[5].

Склад гурту[правіць | правіць зыходнік]

  • Ганна Крамер — вакал, бэк-вакал, вуснавы гармонік, бубны
  • Стыў Крамер — гітары, слайд, мандаліна, перкусія, бэк-вакал
  • запрошаныя музыкі

Альбомы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Анатоль Мяльгуй. «МЕРАДА» на шляху гармоніі і якасці гука (24 верасня 2014). Праверана 26 верасня 2015.
  2. а б Вітаўт Мартыненка. Сонечны дэбют гурта «Merada» «Merada» — «Проста вер»(недаступная спасылка). Наша слова (1 жніўня 2015). Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2018. Праверана 4 верасня 2015.
  3. «Мерада»: «Мы хочам адрадзіць пераймальнасьць традыцыяў у беларускай музыцы». Tuzin.fm (9 сакавіка 2015). Праверана 26 верасня 2015.
  4. Анатоль Мяльгуй. Дзівосы начнога гораду. Першы кліп гурту «Мерада». Budzma.org (18 верасня 2015). Праверана 26 верасня 2015.
  5. Відэа чарт. Тур №1 / 18 верасня - 18 кастрычнiка 2015. Tuzin.fm. Праверана 26 верасня 2015.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Шостак Г.. Мерада — «Проста Вер». Наш НеФормат (14 верасня 2015). Праверана 27 кастрычніка 2015.
  • Мерада. SoundCloud. Праверана 27 кастрычніка 2015.