Мухашат Хусяінавіч Шаіпаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мухашат Хусяінавіч Шаіпаў
Агульная інфармацыя
Пол м
Спецыялізацыя парашутызм
Клуб Мінскі аэраклуб[d]
Нарадзіўся 2 лютага 1922(1922-02-02)
Памёр 27 кастрычніка 2000(2000-10-27) (78 гадоў)
Пахаванне
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мухашат Хусяінавіч Шаіпаў (5 лютага 1922, с. Сінарова  (чач.), Лунінскі раён, Пензенская вобласць27 кастрычніка 2000) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, лётчык-знішчальнік, гвардыі лейтэнант. Заслужаны трэнер БССР па парашутным спорце[1], лётчык-інструктар Мінскага аэраклуба. Устанавіў 10 сусветных рэкордаў у парашутным спорце[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Міхаіл Шаіпаў і яго жонка Алена Красоўская

Мухашат Хусяінавіч Шаіпаў адносіўся да татарскага субэтнасу мішары  (руск.). З 23 кастрычніка 1941 года ў Чырвонай Арміі[3].

Быў жанаты з Аленай Гаўрылаўнай Красоўскай, яна ў час вайны была фельчарам медыцынскай службы ў батальёне, які абслугоўваў лётныя часткі. Толькі за 1944-45 гады ёю асабіста была аказана меддапамога 1250 хворым, з якіх 85 % былі з лётных частак[4]. Дзяцей не мелі.

У 1963 годзе скончыўшы палёты ў сувязі з пагаршэннем здароўя, М. X. Шаіпаў пайшоў з аэраклуба і працаваў тэхнікам-наладчыкам у адной з лабараторый Інстытута цепла- і масаабмену Акадэміі навук БССР[2], а вечарамі, узначальваючы народную добраахвотніцкую дружыну, сачыў за парадкам на вуліцах роднага горада[1].

Памёр у горадзе Мінску і быў пахаваны на радзіме жонкі ў в. Новіны Бярэзінскага раёна.

Вялікая Айчынная вайна[правіць | правіць зыходнік]

М. Шаіпаў ля самалёта

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. За перыяд з кастрычніка 1943 па красавік 1944 зрабіў на самалёце Ла-5  (руск.) 37 баявых вылетаў, правёў 14 паветраных баёў. Знішчыў 2 аўтамашыны з грузам і да 10 салдат і афіцэраў праціўніка. Асабіста збіў 1 самалёт праціўніка ХЕ-111[5].

6 лістапада 1943 года атрымаў лёгкае раненне левай нагі[5][6].

Пасля ўзнагароджання за перыяд з 13 кастрычніка 1944 па 7 лютага 1945 года М. Шаіпаў зрабіў на самалёце Ла-5 64 баявых вылеты, з іх: на прыкрыццё наземных войскаў — 47, на разведку — 4, на штурмоўку — 10 і на свабоднае «паляванне» — 3. За гэты перыяд правёў 10 паветраных баёў, у якіх асабіста збіў 2 самалёты праціўніка ФВ-190  (руск.)[3].

1 лютага 1945, выконваючы заданне на прыкрыццё сваіх войскаў у раёне на захад ад Козеля  (руск.), Шаіпаў сустрэў групу самалётаў праціўніка з чатырох ФВ−190. Дзёрзка атакаваў кіраванага другой пары, збіў ФВ−190, які ўпаў на паўночны захад ад Козеля. Працягваючы выконваць заданне ў раёне Рацібора сустрэў 16 самалётаў ФВ−190. Маючы перавагу ў вышыні над самалётамі праціўніка, Шаіпаў атакаваў кіраванага задняй пары і збіў яго[3].

25 лютага 1945 года Шаіпаў у групе 4 самалётаў вылецеў на бамбакіданне са штурмоўкай акружанай групоўкі ў горадзе Брэслау. У раёне горада, на паўночным беразе р. Одэр група выявіла артылерыйскую агнявую пазіцыю, скінула з пікіравання на цэль бомбы, якія ляглі ў цэнтры артбатарэі, прымусіўшы яе замаўчаць. Гэтым самым была дадзена магчымасць наземным сілам выканаць баявую задачу. Група працягвала штурмаваць артбатарэю, прыкрываючы прасоўванне наземных войскаў[3].

У паветраных баях за гэты перыяд быў двойчы лёгка паранены, 15 красавіка і 16 ліпеня 1944 года, пасля чаго знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі[3].

Спартыўная кар'ера[правіць | правіць зыходнік]

Лётчык 40 гвардзейскага знішчальнага авіяпалка М. X. Шаіпаў звольніўся з арміі ў 1946 годзе і адразу ж пайшоў у Мінскі аэраклуб, дзе ўзначаліў навучальны парашутны атрад[1]. Тут ён атрымаў званне майстра спорту  (руск.) і стаў заслужаным трэнерам БССР па парашутным спорце. Тут жа ён устанавіў 10 сусветных рэкордаў па розных відах парашутнага спорту[1]. Выхаваў плеяду выдатных спартсменаў — лётчыкаў і парашутыстаў[2], у тым ліку рэкардсмена свету па парашутным спорце Аляксея Слабадзянюка[7].

Апісанне некаторых рэкордаў М. Шаіпава[правіць | правіць зыходнік]

  • 13 ліпеня 1953 года парашутыст Цэнтральнага аэраклуба БССР майстар спорту М. Шаіпаў, выконваючы адзіночны дзённы скачок з парашутам на дакладнасць прызямлення з вышыні 1.000 метраў, паказаў сярэдняе адхіленне ад цэнтра пасадачнага круга 6,71 м, усталяваўшы ўсесаюзны рэкорд[8].
  • 26 чэрвеня 1958 года на аэрадроме «Баравая» парашутысты М. Шаіпаў, Ю. Вечара, Г. Паддубоцкі і В. Налівайка ўстанавілі сусветны рэкорд у групавым скачку днём з вышыні 1,5 тысяч метраў без затрымкі. Адхіленне ад цэнтра 4,09 м[9][10].
  • 6 чэрвеня 1961 года на Баравой парашутысты В. Урбановіч, Ю. Вечара, Р. Пятроўскі і М. Шаіпаў устанавілі сусветны рэкорд у групавым скачку на дакладнасць прызямлення з вышыні 600 метраў з затрымкай раскрыцця парашута. Сярэдняе адхіленне ад цэнтра пры прызямленні склала 2,51 метра[11][12].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]